Top.Mail.Ru

З пачаткам ацяпляльнага сезона расце колькасць пажараў

Надзвычай цёплы верасень змяніўся рэзкім пахаладаннем, што, вядома, паўплывала на тое, што людзі пачалі праграваць жыллё. У вяскоўцаў, якія не залежаць ад цэнтралізаванага ацяплення, тут ёсць свая перавага — яны могуць уключыць кацёл або прапаліць у печы тады, калі ім захочацца. Аднак у гэтых выпадках важна думаць не толькі пра камфорт, а яшчэ і пра бяспеку.


Як сведчыць статыстыка, пік пажараў з гібеллю людзей у жыллёвым фондзе прыпадае на кастрычнік—красавік. Гэта звязана з большай актыўнай эксплуатацыяй пячнога абсталявання і электрасетак. Да трагічных наступстваў нярэдка прыводзіць і грэбаванне правіламі пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печы і электрапрыбораў. Гаспадары дапускаюць перапальванне печы, рана зачыняюць засланку, не клапоцяцца аб перадтопачным лісце, які ўратуе ад раптоўнай іскры. Большасці пажараў можна было б пазбегнуць і тады, калі б людзі не курылі ў памяшканні, пры гэтым не выпівалі.

Негатыўная абстаноўка

Толькі ў Гомельскай вобласці за суткі на пажарах загінулі тры чалавекі. 15 кастрычніка ў 17.12 паступіла паведамленне аб пажары жылога дома ў вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёна. Ратавальнікі знайшлі загінулую ўласніцу дома — пенсіянерку 1940 года нараджэння. У выніку пашкоджана маёмасць на кухні, закураны сцены і столь ва ўсім доме. Папярэдняя прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Таксама 15 кастрычніка ў 22.16 у МНС паведамілі аб пажары жылога дома ў вёсцы Старая Рудня Жлобінскага раёна. Па прыбыцці на месца здарэння ратавальнікі знайшлі загінулага гаспадара дома — пенсіянера 1953 года нараджэння. Суседзямі была выратавана сястра гаспадара — пенсіянерка 1957 года нараджэння. Знішчаны дах, перакрыцці і маёмасць, пашкоджаны сцены дома. Мяркуецца, што ўзгаранне адбылося з-за парушэння правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

16 кастрычніка ў 01.59 паступіла паведамленне аб пажары жылога дома ў вёсцы Хамічы Калінкавіцкага раёна. Ратавальнікі знайшлі загінулую жанчыну 1977 года нараджэння. Агнём знішчаны маёмасць і дах дома, пашкоджаны сцены. Версія прычыны пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Трагічны выпадак днямі адбыўся ў Капыльскім раёне. На пажары загінулі двое маладых людзей. Пры ліквідацыі ўзгарання ў прыватным доме ў вёсцы Сунаі супрацоўнікі МНС знайшлі целы двух мужчын: гаспадара і яго знаёмага. Абодва — 1992 года нараджэння. Паводле папярэдняй інфармацыі следства, гэты дом выкарыстоўваўся ў якасці лецішча. Напярэдадні мужчыны прыехалі ў вёску, працавалі і адпачывалі на ўчастку. Разглядаецца некалькі версій узнікнення пажару. Сярод іх — парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога абсталявання і кароткае замыканне электраабсталявання.

Расколіна ў коміне прывяла да пажару ў вёсцы Беражок Вілейскага раёна. Калі ратавальнікі прыбылі на месца, адкрытым полымем гарэў дом для сезоннага пражывання. Пажар быў ліквідаваны. Пацярпелых, на шчасце, не было. Агонь знішчыў мансарду, у хаце пашкоджана маёмасць, закураны сцены.

«З пачатку года ў краіне адбылося амаль 5 тысяч пажараў, каля 400 чалавек загінула, амаль 450 грамадзян атрымалі траўмы, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ. — Толькі ў верасні ратавальнікі выязджалі на ліквідацыю 470 пажараў, у якіх загінулі 25 чалавек. З-за непатушанай цыгарэты пайшлі з жыцця 15 чалавек».

Па меркаванні Яўгена Бараноўскага, негатыўная абстаноўка будзе толькі нарастаць. «У снежні-студзені чакаецца пік гэтага росту, — удакладняе ён. — Таму Міністэрства па надзвычайных сітуацыях настойліва заклікае грамадзян задумацца аб пажарнай бяспецы ў жыллі».

Падрыхтуйце печ загадзя

Многіх надзвычайных сітуацый можна было б пазбегнуць, калі б людзі загадзя рыхтаваліся да пахаладання: пераканаліся ў надзейнасці электраправодкі і абагравальных прыбораў, праверылі і пры неабходнасці адрамантавалі печ.

«Асноўнымі прычынамі, якія прыводзяць да ўзнікнення пажараў у працэсе эксплуатацыі пячнога ацяплення, з’яўляюцца скразныя расколіны ў корпусе печы, а таксама ў яе коміне, перапальванне, размяшчэнне на печы гаручых рэчываў і матэрыялаў, а таксама неачышчэнне коміна ад сажы», — звяртае ўвагу начальнік сектара інфармацыі і грамадскіх сувязяў Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алена НЕМАГАЙ.

Пры аглядзе печы асаблівую ўвагу ратавальнікі рэкамендуюць удзяліць цэласнасці канструкцыі. У выпадку выяўлення расколін у муры іх неабходна замазаць спецыяльным герметыкам або гліняным растворам з дабаўленнем цэменту, расколатую цэглу лепш замяніць. Для вызначэння расколін на ранняй стадыі комін павінен быць атынкаваны і пабелены.

Пры наяўнасці перад топачным праёмам печы, якая працуе на цвёрдым паліве, падлогі з гаручых матэрыялаў павінна быць прадугледжана яе абарона негаручым матэрыялам. Перадтопачны ліст павінен быць не менш за паўметра шырынёй і не менш за 0,7 метра даўжынёй. Размяшчэнне гаручых рэчываў і матэрыялаў на ім не дапускаецца.

Немалаважным этапам у падрыхтоўцы печы да ацяпляльнага сезона з’яўляецца ачыстка коміна. Інакш у ім будзе назапашвацца вялікая колькасць сажы, што прывядзе да змяншэння цягі, магчымасці атручвання чадным газам, а таксама паўторнага ўзгарання сажы і ў канчатковым выніку — да пажару. Да таго ж сам працэс гарэння сажы звязаны з узнікненнем вялікай тэмпературы і ўтварэннем іскраў. Вылятаючы з коміна, такія іскры будуць ствараць пагрозу найбліжэйшым жылым дамам і іншым будынкам.

«У выпадку, калі вы не ўпэўнены ў сваіх сілах і ведах аб утрымання пячнога ацяплення, варта звярнуцца ў спецыялізаваныя арганізацыі, — адзначае Алена Немагай. — Спецыялісты дапамогуць якасна выканаць работы па праверцы, мантажы, рамонце печы, прачыстцы яе дымавых каналаў і труб».

Аўтаномны пажарны апавяшчальнік — шанц на жыццё

Эфектыўным сродкам ранняга выяўлення пажару па-ранейшаму застаецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік. «Дзякуючы спрацоўцы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, за 8 месяцаў выратавана 36 чалавек, у тым ліку 6 дзяцей, — акцэнтуе ўвагу Яўген Бараноўскі. — Толькі ў верасні дзякуючы прыбору захавана 30 чалавечых жыццяў, у тым ліку 13 дзіцячых. Усяго, пачынаючы з 2002 года, аўтаномны пажарны апавяшчальнік выратаваў жыццё 2768 чалавек».

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. У Акцябрскім раёне аўтаномны пажарны апавяшчальнік не даў загінуць пажылой пары. Сужэнцаў разбудзіў спецыфічны гук прыбора. Пенсіянерка пакінула хату, а яе муж самастойна выйсці не мог. Пасля прыбыцця да месца выкліку ратавальнікаў у доме назіралася задымленне. З палаючага пакоя работнікі МНС вынеслі гаспадара на вуліцу. Ён не пацярпеў. У выніку пажару пашкоджаны матрац і пасцельныя рэчы. Папярэдняя прычына ўзгарання — неасцярожнасць з агнём пры курэнні.

Пры эксплуатацыі печаў не дапускаецца:

  1. іх пераграваць;
  2. ажыццяўляць паленне пры наяўнасці абвальвання кладкі;
  3. прымяняць для распальвання вогненебяспечныя і гаручыя вадкасці;
  4. паліць у печы, калі дзверцы адчынены, за выключэннем выпадкаў, калі канструкцыя печы прадугледжвае яе эксплуатацыю з адчыненай камерай;
  5. размяшчаць гаручыя рэчывы і матэрыялы на іх, а таксама ў непасрэднай блізкасці ад адтулін для палення;
  6. распальваць вугалем, коксам або газай печ, не прызначаную для гэтых відаў паліва;
  7. пакідаць без нагляду печ, якая выкарыстоўваецца.

Вераніка КАНЮТА

Фота Следчага камітэта

На фота: Наступствы пажару ў вёсцы Сунаі Капыльскага раёна

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю