Не ўсе прыхільнікі паэзіі ведаюць пра Алеся Мілюця. Прычына ў тым, што пры жыцці ён так і не дачакаўся сваёй кніжкі. «Паэзія баразны» выйшла толькі ў 2003 годзе. Гэтая прычына вынікае з іншай, таксама важнай. Пастаянна жыў у сваёй роднай вёсцы Скорычы цяперашняга Карэліцкага раёна, у якой нарадзіўся 6 кастрычніка 1908 года. Скончыў усяго два класы пачатковай школы. Вучыцца далей перашкаджала штодзённая сялянская праца. Не толькі для выжывання, але, як пазней засведчаць лісты, дасланыя з фронту, і ў радасць сабе, бо любіў яе. А чаму застаўся самавукам, праўдзіва сказаў у вершы «Мая асвета»:
Я без гімназіі, без універсітэта
Здабыў сабе патрэбную асвету...
О не! Не там... а за касой і плугам
Здабыў яе пры працы саматугам...
Дый хай пустым гардзіцца хто
дыпломам...
Я не гарджусь — бо мала яшчэ вядомы.
Бо шмат ў жыцці дазнаў бяды і мукаў,
Дык мушу вось —
застацца самавукам...
Твор напісаны 22 лютага 1937 года, пад некаторымі іншымі таксама стаіць дата. Відаць, датаваў вершы, якім надаваў асаблівае значэнне. Як бы не даваў магчымасці з’яўлення папрокаў тым, хто ўбачыць у яго вершах адсутнасць належнага майстэрства. Хоць, чытаючы яго, як і некаторых іншых заходнебеларускіх паэтаў, таксама ўсведамляеш, што шмат хто быў людзьмі ад плуга і сахі. Арыентуючыся на іх, Алесь Мілюць і пісаў, выступаючы ў друку з 1928 года. Праўда, першыя публікацыі не выяўлены.
З’яўленне верша «***Беларусам я радзіўся...» у часопісе «Пралескі» (1934, № 1) доўгі час лічылася яго першай публікацыяй. Аднак, як высветлілася, ён напісаны яшчэ ў 1930 годзе. Гэта стала вядома дзякуючы публікацыі Ніны Цвірка ў «ЛіМе» (1990, 13 ліпеня) твораў Алеся Мілюця «Вершы паэта-франтавіка». Яна з супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры наведала вёску Скорычы. Брат Алеся Мілюця Мікалай Макаравіч перадаў «калькі сшыткаў з аўтографам вершаў паэта розных гадоў, а таксама яго франтавыя пісьмы. Частка гэтых вершаў вядома нашаму чытачу. Яны друкаваліся ў розных калектыўных зборніках. Але большасць з іх яшчэ нідзе не публікаваліся».
Верш «***Беларусам я радзіўся...» у аўтарскім арыгінале называецца «З родных песень». Чаму рэдакцыя часопіса «Пралескі» памяняла назву, здагадацца не цяжка. Новая назва адпавядала рэаліям дня. Аднак «З родных песень» гучыць ніколькі не горш. У Алеся Мілюця сапраўды атрымалася песня роднай старонцы з галоўнай дзейнай асобай, прадстаўніком тытульнай нацыі. Ён у пэўнай ступені абагнаў час. Не збіраюся параўноўваць мастацкія якасці, але атрымаўся своеасаблівы літаратурны папярэднік «Беларускай песні» Уладзіміра Караткевіча.
Родная песня Алеся Мілюця — голас тых, хто адчуваў «здзек, пагарду і прымус» пад польскай акупацыяй. Прамоўленае лірычным героем — гэта голас тысяч і тысяч беларусаў, якія не забывалі пра сваю Радзіму:
Беларусам я радзіўся,
Беларусам буду жыць,
Беларуску зямельку
Буду шчыра я любіць.
Бо радзімая старонка
Над усё мне прыгажэй,
Беларуская гаворка
Над усё мне даражэй.
Клятвай гучалі словы: «Славу родную і волю // Я нікому не прадам, // За народ свой беларускі // Я жыццё сваё аддам. // Хай загіне наша гора, // Здзек, пагарда і прымус, // Хай жыве для славы вечнай // Край наш родны — Беларусь». Гэтыя і іншыя творы пераконваюць у тым, што паэзія Алеся Мілюця бунтарная ў сваёй аснове. Развіваць іншыя матывы яму не ставала часу, а да некаторых з іх, як тэма кахання, не падступаўся і з-за таго, што яго лірычны герой у асноўным самотны. У тым, што ён яшчэ не знайшоў тую, якая прывабіла б яго, пераконвае верш «***А ўсё ж спаткаемся з табой...»:
А ўсё ж спаткаемся з табой,
Мая нязнаная дзяўчына,
І станем цвёрдаю стапой
На новых жыцця каляінах!
Аднак і ў ім не засталося месца хоць крыху інтымным праяўленням пачуццяў. Над усім бярэ верх... ідэя.
Не мною гэта сказана, а ў самім вершы: «Забудзем хутка лёс благі — // Нам шчасце буйна зарунее, — // І зажывём мы без тугі, // Адной сагрэтыя ідэяй». А вось верш «***Скажы, чаму твой мілы зрок...» быццам напісаны іншым паэтам. Невядома, каму адрасаваны, «Прысвячаецца М. А.», але гучыць шчыра:
Скажы, чаму твой мілы зрок
Маю душу навек урок,
Чаму пагляд тваіх вачэй
Ў жыцці за ўсё мне даражэй?
Не меў належнай адукацыі, таму складана было і разнастаіць матывы сваёй паэзіі. Ён пісаў аб тым, што набалела, пра што не думаць не мог, але празмерная прывязанасць да канкрэтных рэалій не дазваляла мысліць глыбей і выходзіць на матывы агульначалавечыя. Тады ў творах адсутнічала б аднастайнасць. Праўда, прытрымліваючыся традыцыйнага верша, стараўся разнастаіць жанры. Напісаў «Трыялет», «Актаву», «Санет».
У першых радках «Актавы» атрымаўся маляўнічы малюнак прыроды з надыходам зімы:
Зіма... На шыбах кладуцца вузоры,
Спіць усё пад халоднай пасцеляй снягоў...
Эх, колькі дзіваў у вольным прасторы!
Колькі ўсюды разліта д’яментаў-агнёў!..
На жаль, завяршэнне твора — яшчэ адзін паўтор таго, пра што паэт ужо гаварыў неаднойчы. Усё сказана праўдзіва, адпавядае рэальнасці, але нічога новага не дае:
Край мой! Хоць сёння ты ў смутку і горы
Бачыш крыўду і здзек сваіх
верных сыноў, —
Усё ж надыдзе той час —
ажыве ўсё кругом
І ты новым шчаслівым паўстанеш
жыццём.
Тады ж, калі Алесь Мілюць асэнсоўваў тое, што адпавядала не столькі канкрэтным рэаліям, а дазваляла зірнуць наперад, было сугучнае яго спрадвечным марам аб лепшым жыцці, якія звязваў з палітычнымі і сацыяльнымі зменамі ў жыцці грамадства, ён узнімаўся да мастацкага абагульнення. Выказваючы ўласныя думкі, падзяляў і погляды іншых, хто не хацеў больш мірыцца з несправядлівасцю. У яго творчасці гэта стала асабліва адчувальным, калі прыходзілі звесткі, што хутка польскаму панаванню прыйдзе канец.
Вітаючы вызваленне Заходняй Беларусі, напісаў верш «Напрадвесні» — адзін з найлепшых твораў. У ім няма лозунгавай дэкларатыўнасці. Адсутнічае і тая правільнасць, якая часам гучала навязліва. Чытаеш і ў асобе лірычнага героя бачыш тых суайчыннікаў, якія толькі і чакалі радаснага дня. Хто гэты «нехта», у творы не гаворыцца, але здагадацца лёгка. Толькі дзякуючы яму настала «ружовая зара прадвесня», бо ён, «дужы, і смелы, і здатны» на ўсё. Не магу не працытаваць верш, бо ён уваходзіў у многія калектыўныя зборнікі:
Нехта бразнуў сталёваю песняй,
Звонка сыпнуўшы іскрамі словы,
Каб з ружовай зарою прадвесня
Прабудзіць нашы нівы, дубровы.
Нехта дужы, і смелы, і горды
Расчасаў па загонах чупрыны,
І запелі шчаслівым акордам
Стрэхі хат і дарог каляіны.
Такіх учынкаў гэтаму «нехта» мала, бо ён яшчэ на многае здатны: «<...> глянуў у цьмяныя шыбы // Залатою вяснянай касуляй, // Так ласкава глядзіць толькі хіба // На дзяцей дарагая матуля. // Нехта бразнуў сталёваю песняй, // Звонка сыпнуўшы іскрамі словы, // Каб з ружовай зарою прадвесня // Кожны з нас быў да працы гатовы».
«Зара прадвесня» падказала Алесю Мілюцю новую праблематыку яго твораў. Працуючы некаторы час ў рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты, пісаў не толькі вершы, але і карэспандэнцыі. Аднак, відаць, гэтая праца не надта прываблівала. Як прыгадваў яго брат Іван Макаравіч у гутарцы з паэтам Міколам Бусько, «некаторы час ён працаваў бухгалтарам сельпо ў вёсцы Прылукі. Пасля ўладкаваўся ў банк у Міры. Наступны яго крок — стварэнне кааператыўнай суполкі. У кожным паселішчы быў кааператыў і меў сваю назву». За гэтую справу ўзяўся невыпадкова: яшчэ ў юнацтве навучыўся ткаць, прасці на калаўроце. Цяпер набыў у Польшчы 100 кілаграмаў розных колераў фарбы, ды яшчэ «Каталог каляровых нітак і тканіны». Як бачым, быў многімі талентамі не абдзелены. Таму няшмат часу на вершы заставалася. Па сведчанні таго ж Івана Мілюця, складаў іх «аручы за плугам. І ніколі нікому не паказваў. Толькі пасля вайны знайшлі яго агульны сшытак».
У вайну ж амаль не да іх стала. Збылося тое страшнае, пра што пісаў у 1937 годзе ў вершы «Калісь і цяпер». Ён і сёння гучыць актуальна:
Калісь людзей вучыў Хрыстос,
як трэба бліжняга кахаць
і крыўду ўсяку дараваць.
Калісь людзей вучыў Хрыстос...
Цяпер жа — вучаць забіваць,
ляжыць гарматаў, бомбаў стос, —
хаця калісь вучыў Хрыстос,
што трэба ўсіх і ўсё кахаць!..
«Універсітэтаў» не канчаў, але ўмеў чытаць, пісаць і гаварыць па-нямецку. Баяўся, што акупанты прымусяць служыць ім. Выратавала тое, што пачалося вызваленне Беларусі. З таго моманту і пачаўся яго ваенны лёс. На жаль, кароткі. Прызваны ў войска ў жніўні 1944 года, загінуў ад снайперскай кулі ва Усходняй Прусіі 26 кастрычніка 1944 года. Быў пахаваны ў брацкай магіле пасёлка Ватуціна Несцераўскага раёна Калінінградскай вобласці (Расійская Федэрацыя).
Збераглося шэсць лістоў, пасланых ім сястры Марыі. Гэта своеасаблівы летапіс аднаго з тых, хто аказаўся на перадавой змагання з фашызмам. Праўда, пра самі баі амаль не гаворыцца. Гэта толькі подступы да іх. Але за ўсім тым, што паведамляе блізкаму чалавеку, паўстае маральны стан таго, хто не сумняваецца: вораг будзе разгромлены. Бачыцца і высокі маральны дух абаронцы Радзімы. Не столькі пра сябе думаў, колькі пра сястру, якая засталася дома і павінна ладзіць пасляваенную гаспадарку.
З цеплынёй звяртаецца да яе (тут і далей пераклад з рускай мовы Ніны Цвірка): «Паважаная і дарагая сястрыца!», «Дарагая сястрыца!», «Добры дзень, дарагая сястрыца».
Раіць берагчы сябе. Не хавае таго, што наперадзе ў яго няпростая дарога: «Але я асабіста спадзяюся жыць, і гэтую надзею ўскладаю на шчасце, зрэшты, як будзе — я сябе не шкадую. Я шчаслівы, што і так пражыў ледзь не 36 гадоў. Самае галоўнае — не думаць пра смерць, не баяцца паміраць». У той жа час працягваў заставацца чалавекам ад зямлі, даваў парады, як лепш гаспадарыць. Ліст ад 11 кастрычніка 1944 года быў апошнім: «Я думаю, сястрыца, цябе гэтае пісьмо засмуціць і ўсхвалюе, таму што ў ім ёсць развітальныя матывы, не пранікайся гэтым, улічы, што кожную хвіліну я магу быць забіты або паранены, а таму я пішу табе так, як гэта ўжо апошні раз, такое ўжо ваеннае становішча, але я глыбока веру, што Бог дасць мне магчымасць вярнуцца дадому».
Алесь Мілюць сябраваў з Янкам Брылём, які пакінуў аб ім цікавыя ўспаміны, назва іх коратка «Успамін». Іван Антонавіч стаў і першым, хто расказаў пра яго ў першым пасляваенным зборніку твораў паэтаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, «Мы іх не забудзем» (1949). Праз гады ён затрымаў позірк на сваіх тагачасных згадках: «Алесь Мілюць з’яўляецца адной са шматлікіх ахвяр панскага гнёту, адным з тых, у каго не хапіла сіл прабіцца скрозь гушчу рэакцыі да вяршынь майстэрства, хто не здолеў на працягу доўгіх год саматужнай працы вырвацца з межаў бясконцага пачынання». Следам за гэтымі радкамі Янка Брыль дадаў: «Ці не залішне сурова, катэгарычна? Ці да канца аб’ектыўна?..»
Ва «Успаміне» воблік Алеся Мілюця, напісаны ў сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння яго, больш разгорнуты: «Дваццаць чатыры з шасцідзесяці забралі ў яго фашысты — заўчасная смерць.
Што ён мог бы зрабіць за гэтыя дваццаць чатыры, каб жыў? Кім ён быў бы: ці ўзяў бы сваё як літаратар, ці, можа, стаў бы, як мне ўявілася, добрым, любімым дзецьмі настаўнікам, выкладчыкам літаратуры? А можа, застаўся б, як быў да вайны, сціплым рахункаводам? Адно я ведаю цвёрда: у нашым свеце было б яшчэ на аднаго харошага чалавека больш. Як ён любіў бы родную справу, роднае паэтычнае слова!..»
Ён жыў тым, што выказаў у свой 21 год:
Няхай даюць мне горы залатыя
І рэкі він, што льюцца цераз край...
Хай абяцаюць роскашы зямныя,
Багацця моц... Няхай нябесны рай...
Я родных слоў, народу, краю й волі
Не здраджу, не прадам нідзе й ніколі!