Top.Mail.Ru

У Палацы Рэспублікі адбылося адкрыццё кінафестывалю «Лістапад»

31 кастрычніка ўвечары ў Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця аднаго з самых доўгачаканых і любімых беларускіх фестываляў



Да айчыннага кіно сёлета прыцягнутая ўвага на самым высокім узроўні, паколькі Кіраўнік дзяржавы гэтым летам наведаў Нацыянальную кінастудыю, зрабіўшы важныя заўвагі, якія датычацца развіцця айчыннага кінематографа. Таму сёлетні «Лістапад» у гэтым кантэксце — яшчэ адна нагода зноў звярнуцца да тэмы развіцця беларускага кіно, але ўжо праз прызму сусветнага кінематографа: як беларускія фільмы выглядаюць на фоне стужак з іншых краін і ці адпавядаюць сусветным трэндам? Наогул сёлета будзе прадстаўлена больш за 170 фільмаў з 40 краін свету, а значыць, можна і сябе паказаць, і паглядзець на сусветныя кінатэндэнцыі. 

Як падкрэсліла начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына ДРЫГА на прэс-канферэнцыі, на «Лістападзе» сёлета прадстаўлены ўсе кантыненты, акрамя Аўстраліі. Добрая навіна — да іншых конкурсаў у гэтым годзе далучыўся конкурс кароткаметражных фільмаў, а значыць, пашыраецца не толькі геаграфія краін-удзельніц, але і прырастае сама праграма фестывалю. Гэта значыць ён сапраўды развіваецца! Ірына Уладзіміраўна дадала, што «Лістапад» — гэта яшчэ і шмат пазаконкурснай актыўнасці: круглыя сталы (напрыклад, 1 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы пройдзе круглы стол Саюзнай дзяржавы «Дыялог пакаленняў: прафесійны погляд на развіццё кінаіндустрыі»), майстар-класы і г. д. Як і ў мінулым годзе ў Мінску будзе магчымасць наведаць Дні нацыянальнага кіно іншых краін. Гэта тая традыцыя, якая сапраўды стала карыснай гледачу. З цікавостак праграмы — магчымасць паглядзець фільмы ганаровых гасцей — Карэна Шахназарава, Мікалая Бурляева, Уладзіміра Грамацікава. «Інтарэс да фестывалю высокі. Гэта галоўная падзея года!» — канстатавала Ірына Дрыга.

Генеральны дырэктар сталічнага «Кінавідэапраката» Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ адзначыў, што «Лістапад» праходзіць на найлепшых пляцоўках, сярод якіх вылучаецца кінатэатр «Масква», адкрыты сёлета пасля рэканструкцыі (менавіта ў ім адбудзецца закрыццё фестывалю). Уладзімір Міхайлавіч звярнуў увагу на лаяльнасць арганізатараў, бо білеты па сваім кошце даступныя ўсім, а на сеанс, дзе дэманструюцца фільмы залатой калекцыі краін СНД, кошт сімвалічны. «Гэта зроблена дзеля таго, каб найлепшыя стужкі, прысвечаныя тэме 80-годдзя Вялікай Перамогі, змагло паглядзець як мага болей ахвотных, у тым ліку моладзь», — падкрэсліў Уладзімір Карачэўскі.

Генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Дзмітрый СЯМЁНАЎ акцэнтаваў увагу на тым, наколькі вялікую работу наша дзяржава праводзіць для развіцця кінематаграфіі. Ён таксама праанансаваў Дзень адкрытых дзвярэй, які 1 лістапада адбудзецца на Нацыянальнай кінастудыі, каб усе ахвотныя змаглі пабачыць умовы працы і магутнасці «Беларусьфільма».

Старшыня журы конкурсу кароткаметражных фільмаў Уладзімір ГРАМАЦІКАЎ (Расія) падзякаваў за тое, што наша дзяржава захавала кінафестываль у такі няпросты час, бо вельмі важна сёння мець пляцоўку для дыялогу і абмену вопытам, для падтрымкі звычайных чалавечых зносін.

Варта дадаць, што «Лістапад» больш за 30 гадоў падтрымліваецца ў нашай дзяржаве на самым высокім узроўні, бо гэта ўнікальны фестываль, які выконвае пэўна самую галоўную ролю кіно — творчае сяброўства дзеля сумесных праектаў і ўзаемапаразумення ў свеце. Такім чынам наша краіна зноў дэманструе прыклад міратворчай палітыкі і ў мастацтве, а з усіх яго відаў самым галоўным, як не так даўно падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, з’яўляецца менавіта кіно.

Ірына ПРЫМАК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю