У сталіцы да 31 кастрычніка ў рамках акцыі па прафілактыцы ўжывання наркатычных і псіхатропных рэчываў сярод моладзі будзе курсіраваць незвычайны аўтобус, паведаміла БелТА.
Гэта першая падобная акцыя ў Мінску. На працягу тыдня па маршруце № 43 у спецыяльным брэндаваным аўтобусе будуць размешчаны інфармацыйныя плакаты, буклеты і QR-коды са спасылкамі на карысныя інтэрнэт-рэсурсы.
Асаблівасцю акцыі стане тое, што штодня з 14.00 да 16.00 прадстаўнікі аховы здароўя, ГУУС Мінгарвыканкама і БРСМ будуць праводзіць тлумачальную і асветніцкую работу сярод пасажыраў. «Прадстаўнікі маладзёжнай арганізацыі спецыяльна падрыхтаваны і змогуць адказаць аднагодкам на ўсе пытанні, якія датычацца здаровага ладу жыцця, прафілактыкі наркаспажывання і ўключэння ў незаконны абарот наркотыкаў. Разам з валанцёрамі будзе працаваць супрацоўнік органаў унутраных спраў, які зможа пракансультаваць пасажыраў аб наступствах ужывання наркотыкаў і ўключэння ў незаконны наркабізнес. Прадстаўнік медыцынскай установы зробіць акцэнт на наступствах ужывання наркатычных рэчываў», — расказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі.
Маршрут № 43 быў выбраны невыпадкова. «Гэты аўтобус курсіруе ад дыспетчарскай станцыі „Дружная“ да мікрараёна „Сцяпянка“ і праходзіць праз мікрараён „Дражня“. На маршруце засяроджана вялікая колькасць навучальных устаноў, у асноўным устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На жаль, менавіта гэтая група моладзі ў цяперашні час найбольш схільная да рызыкі ўцягвання ва ўжыванне і распаўсюджванне наркотыкаў», — адзначыў ён.
Намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Мялешка расказаў пра ідэю брэндаванага аўтобуса: «У дадзеным выпадку працуе пасіўная прафілактыка. Калі заходзіш у аўтобус, так ці інакш звяртаеш увагу на экран, дзе будуць дэманстравацца відэаролікі прафілактычнага характару, а таксама слухаеш аўдыёінфармацыю. Так падлеткі ў любым выпадку пачуюць аб праблеме і змогуць зрабіць для сябе высновы», — сказаў ён.
Як адзначыў Дзмітрый Мялешка, апошнім часам у Мінску зніжаецца колькасць злачынстваў у сферы наркабізнесу. Аднак работа працягваецца.
Пілотная гарадская інфармацыйна-прафілактычная акцыя па супрацьдзеянні спажыванню і распаўсюджванню наркатычных і псіхатропных рэчываў у маладзёжным асяроддзі «Брэндаваны аўтобус» працягнецца да 31 кастрычніка. Сам аўтобус штодня будзе адпраўляцца ў 14.10 з дыспетчарскай станцыі «Дружная» і ў 14.07 з дыспетчарскай станцыі «Сцяпянка». Арганізатары спадзяюцца, што праект атрымае далейшае развіццё і такія прафілактычныя акцыі стануць пастаяннай практыкай.