Top.Mail.Ru

З дыпломам Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа ў жыцці не прападзеш — заўсёды знойдзецца добрае рабочае месца

У каледжах цяпер людна — у разгары ўступная кампанія. Учарашнія школьнікі, часцей за ўсё разам з бацькамі, прыносяць дакументы, удакладняюць конкурсную сітуацыю, звяраюцца са спісамі спецыяльнасцяў і робяць адзін з першых адказных выбараў у жыцці. Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў адной з вядучых устаноў адукацыі па падрыхтоўцы спецыялістаў машынабудаўнічага профілю.


Там, дзе збываюцца мары

Па праграмах прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Гомельскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы вядзецца навучанне па 21 спецыяльнасці. Па той, што з дзяцінства па сэрцы — слесар па рамонце аўтамабіляў, — марыць вучыцца гомельскі дзевяцікласнік Андрэй Казлоў.

— У нас — мэтавае накіраванне. Сын хоча займацца рамонтам аўтамабіляў. З дзяцінства бываў са мной на рабоце. Марыць паступіць менавіта ў гэты каледж, — тлумачыць бацька абітурыента Сяргей Віктаравіч.

Падобных гісторый у прыёмнай камісіі дзясяткі. Адны загадзя ведаюць, кім хочуць стаць, іншыя яшчэ літаральна падчас падачы дакументаў узважваюць усе магчымасці. Знаёмлюся са школьнікамі з Буда-Кашалёўскага раёна Кірылам і Маркам.

— Мы стрыечныя браты. Усюды разам. 

У адным класе вучымся, у адной спартыўнай секцыі займаемся лёгкай атлетыкай. Летась пасля дзявятага класа разам ірванулі паступаць у Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж, але не прайшлі па балах, — расказвае Кірыл.


— Мы абодва з дзяцінства любім усё, што звязана з аўтамабілямі і рухавікамі, таму пасля дзясятага класа вырашылі паступаць сюды, — дадае Марк.
Падаваць дакументы браты прыехалі разам са сваімі мамамі. Абодва будуць паступаць на адну спецыяльнасць — «Наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем».

— Вельмі добра, што ў прыёмнай камісіі ўсё падрабязна тлумачаць. І хлопцам, і нам, мамам, расказалі, у чым перавагі менавіта гэтай спецыяльнасці, — з удзячнасцю адзначаюць мамы Кірыла і Марка, Алеся і Антаніна

Выпускнік дзявятага класа Цімафей Шустаў прыехаў разам з мамай Таццянай Аляксандраўнай з Добруша.

— У першыя дні падалі заяву на паступленне на зваршчыка на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах. Але кожны вечар сачылі на сайце за сітуацыяй, бачылі, што конкурс расце — і па балах магу не прайсці. Таму тэрмінова звярнуліся на прадпрыемства па мэтавае накіраванне і вырашылі перападаць дакументы на спецыяльнасць «Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання». Для мяне ў будучай рабоце галоўнае — стабільнасць. Хачу працаваць на буйным прамысловым прадпрыемстве, — гаворыць юнак.

— У гэтым жа каледжы вучыўся наш старэйшы сын, — тлумачыць выбар установы адукацыі яго маці. — Па размеркаванні ён працуе на Гомельскім заводзе ліцця і нармаляў. За гэты час прафесійна вырас і ўжо стаў майстрам на сваім участку. 

«Чакайце, ужо разварочваемся!»

Як адзначае адказны сакратар прыёмнай камісіі Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа Юлія ШАХЛО, абітурыенты могуць пастаянна сачыць за конкурснай сітуацыяй:

— Інфармацыя пра кантрольныя лічбы, колькасць пададзеных заяў і сярэдні бал атэстатаў пастаянна абнаўляецца як на нашым афіцыйным сайце, так і на мультыбордзе ў аўдыторыі прыёмнай камісіі.

Паводле яе слоў, самым напружаным традыцыйна становіцца апошні дзень прыёму дакументаў:

— Сітуацыя можа памяняцца нават у апошнія гадзіны прыёму дакументаў. Бывае, абітурыент з больш высокім сярэднім балам забірае іх з адной спецыяль-
цнасці і пападае на іншую. Тады з’яўляецца магчымасць паступіць для таго, хто меў крыху меншы бал. Тэлефануем бацькам, якія ўпэўнены, што шанцаў няма, забралі дзяцей і едуць дадому. 

У адказ чуем: «Чакайце, ужо разварочваемся!» Кожны год адбываюцца розныя кранальныя гісторыі.

З універсітэта ў... каледж

Гісторыі сапраўды ёсць цікавыя. Сёлета, напрыклад, у каледж падаў дакументы малады чалавек, які ўжо адвучыўся першы курс ва ўніверсітэце. Ён выбраў спецыяльнасць аўтамеханіка, пацвярджае дырэктар Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа Генадзь КАЗЛОЎ:

— Мы адразу растлумачылі, што фактычна яму давядзецца зноў вывучаць школьныя прадметы. Але хлопец сказаў: «Хачу вучыцца ў вас і атрымаць жаданую прафесію». Падаў дакументы таксама ў наш каледж дзевяцікласнік са Светлагорска. Выдатнік. Шмат гадоў займаў прызавыя месцы на алімпіядах па беларускай мове. Маці ўжо бачыла сына студэнтам медыцынскага ўніверсітэта, настаўнікі, вядома, хацелі, каб ён працягваў вучыцца. А хлопец прыехаў да нас і сказаў: «Хачу атрымаць прафесію!» Паступае на спецыяльнасць «Тэхнік-электронік».

У Гомельскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж набор вядзецца выключна на бюджэтныя месцы. План прыёму — 275 чалавек: 125 будуць залічаны на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, яшчэ 150 — на ўзровень прафесійна-тэхнічнай. З агульнай колькасці 73 месцы адведзены для мэтавай падрыхтоўкі. Дарэчы, сёлета ў каледжы аднавілі падрыхтоўку электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі.

Важная перавага паступлення ў гэту навучальную ўстанову ў тым, што практычна ўсе спецыяльнасці тут узаемазвязаныя па профілі або вельмі блізкія па змесце падрыхтоўкі. Таму нават калі абітурыент не праходзіць на спецыяльнасць, якую выбраў спачатку, ён заўсёды можа падаць дакументы на сумежную.


— У гэтым годзе ёсць новая адметнасць у парадку мэтавага прыёму, — звяртае ўвагу Генадзь Казлоў. — Цяпер прадстаўнікі прадпрыемстваў могуць прысутнічаць падчас завяршэння конкурснага набору і прапаноўваць свае мэтавыя месцы абітурыентам, якія не прайшлі па конкурсе да іншага заказчыка кадраў. Гэта значная падтрымка для абітурыентаў.

Дырэктар нагадвае таксама, што пры высокім попыце абітурыентаў і гатоўнасці прадпрыемстваў пацвердзіць патрэбу ў дадатковых кадрах Міністэрства адукацыі прадугледжвае магчымасць павялічыць кантрольныя лічбы прыёму. І такі вопыт у Гомельскага аўтамеханічнага каледжа ўжо ёсць. Летась пасля адкрыцця дадатковага набору з-за вялікага наплыву ахвотных паступаць колькасць першакурснікаў павялічылася з 288 да 302 чалавек.

— Сёння да нас паступаюць ужо дзеці і нават унукі былых выпускнікоў, дзеці нашых супрацоўнікаў. Рыхтуем новае пакаленне аператараў-станочнікаў, токараў, фрэзероўшчыкаў, зваршчыкаў, слесараў, электрыкаў... Гэта і гонар для нас, і вялікая адказнасць, — падкрэслівае Генадзь Казлоў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю