Top.Mail.Ru

З чым выходзіць Міншчына на новы этап

Паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці за адыходзячую пяцігодку малююць складаную, шматгранную і кантрасную карціну. Цэнтральны рэгіён краіны дэманструе ўпэўнены рост па ключавых макраэканамічных паказчыках, істотна перавыконваючы планавыя заданні. І, нават нягледзячы на тое, што эканоміка вобласці і краіны ў цэлым ужо не раз правяралася на трываласць, у экстрэмальных умовах яна паказала сваю жыццяздольнасць. З якімі вынікамі выходзіць Міншчына ў новае пяцігоддзе, карэспандэнту «Звязды» расказалі ў камітэце эканомікі Мінскага аблвыканкама.


2025 год азначае сабой завяршэнне пяцігодкі. За гэты час Мінская вобласць неаднаразова прызнавалася пераможцам у спаборніцтвах сярод абласцей, заносілася на Рэспубліканскую дошку Гонару, а ўклад рэгіёна ў агульнарэспубліканскі каравай, як вядома, самы важкі. Але не толькі гэтым можа па праве ганарыцца вобласць. «За 2021–2025 гады на тэрыторыі вобласці было ўведзена 5,47 мільёна квадратных метраў жылля, з іх — каля 428,7 тысячы квадратных метраў у гарадах-спадарожніках. Пры гэтым у вобласці 1,73 мільёна квадратных метраў было пабудавана для маючых патрэбу, з іх 217 тысяч квадратных метраў — у гарадах-спадарожніках, — паведамілі ў камітэце эканомікі Мінаблвыканкама. — На будаўніцтва жылля было накіравана 10,556 мільёна рублёў і 1,283 мільёна рублёў — на будаўніцтва інжынерных сетак да дамоў».

У рамках рэалізацыі рэгіянальных інвестыцыйных праграм у бягучую пяцігодку на Міншчыне было ўведзена ў эксплуатацыю 9 аб’ектаў аховы здароўя, 7 дзіцячых садкоў, 9 школ, 7 аб’ектаў фізічнай культуры і спорту, 4 аб’екты культуры і 3 аб’екты сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На капітальнае будаўніцтва аб’ектаў інжынернай і сацыяльнай інфраструктуры было накіравана 1,991 мільёна рублёў з кансалідаванага бюджэту вобласці. «У 2021–2025 гадах на тэрыторыі цэнтральнага рэгіёна ўзведзена, рэканструявана і адрамантавана больш за 2,5 тысячы кіламетраў мясцовых аўтамабільных дарог і 81 маставое збудаванне на іх. На дарожную гаспадарку вобласці накіравана больш за 580 мільёнаў рублёў», — адзначылі ў камітэце эканомікі.

За адыходзячую пяцігодку для транспартнага абслугоўвання насельніцтва вобласці было набыта 580 адзінак рухомага саставу аўтамабільнага транспарту агульнага карыстання, рэканструяваны пасажырскія тэрміналы ў Валожыне, Салігорску і Жодзіне, будуецца новая сучасная аўтастанцыя ў горадзе-спадарожніку Смалявічы. Паспяхова рэалізоўваецца пілотны праект па забеспячэнні электратранспартам горада Жодзіна, у рамках якога пастаўлены новы для Мінскай вобласці від грамадскага транспарту — 14 электробусаў айчыннай вытворчасці.

Як падкрэслілі ў камітэце эканомікі Мінаблвыканкама, асноўнымі мерапрыемствамі, якія праводзяцца з мэтай добраўпарадкавання аграгарадкоў з 2021 да 2025 года, з’яўляюцца капітальныя і бягучыя рамонты жылых дамоў, школ і аб’ектаў інжынернай інфраструктуры, асфальтаванне і ямачны рамонт вуліц, добраўпарадкаванне і навядзенне парадку, будаўніцтва станцый абезжалезвання і газіфікацыя прыродным газам індывідуальнага жылля. «Разам з тым асноўнымі задачамі развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці з’яўляецца далейшы рост вытворчасці прадукцыі, павышэнне эфектыўнасці галіны раслінаводства і жывёлагадоўлі, эканамічны рост і дабрабыт сельскага насельніцтва, — адзначылі ў камітэце эканомікі. — На тэрыторыі аграгарадкоў і перспектыўных сельскіх населеных пунктаў Мінскай вобласці пражывае 283 914 жыхароў. Колькасць жылых дамоў у аграгарадках вобласці складае 116 751, з іх абсталяваных газам — 91 024, цэнтральным водазабеспячэннем — 84 178, цэнтральным цеплазабеспячэннем — 62 434, каналізацыяй — 77 157. Пакрыццё вуліц асфальтабетонам у аграгарадках вобласці складае 78,71 %, вулічнае асвятленне — 96,62 %».

У тым ліку дзякуючы выкананню мерапрыемстваў сёння на тэрыторыі аграгарадкоў Міншчыны размешчаны 218 малочнатаварных ферм, 62 комплексы па адкорме буйной рагатай жывёлы, 10 комплексаў па адкорме свіней, 8 птушкафабрык, 193 зернесушыльныя комплексы, 219 машынных двароў і 7 цяпліц. «Акрамя таго, на тэрыторыі аграгарадкоў цэнтральнага рэгіёна краіны функцыянуе 222 агульнаадукацыйныя школы, 212 дзіцячых дашкольных устаноў, 63 фізкультурна-аздараўленчыя ўстановы, 287 устаноў культуры, 279 аддзяленняў пошты, 338 медыцынскіх устаноў, у якіх задзейнічана 559 медыцынскіх работнікаў», — паведамілі ў камітэце эканомікі.

Прэзідыумам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 18 красавіка 2022 года зацверджаны пералік перспектыўных сельскіх населеных пунктаў, якія павінны былі набыць у 2021–2025 гадах статус «вёска будучыні», і комплекс мерапрыемстваў па іх развіцці. «У пералік перспектыўных сельскіх населеных пунктаў увайшлі 4 аграгарадкі Мінскай вобласці, — канкрэтызавалі ў камітэце эканомікі. — Пераўтварэнне аграгарадкоў вобласці да статусу „вёска будучыні“ ажыццяўляецца шляхам рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў, зацверджанага рашэннем Мінскага аблвыканкама ад 27 студзеня 2022 года № 63, які змяшчае 39 мерапрыемстваў. За 2021–2024 гады выкананы 34 з іх, або 87,2 % ад запланаваных на 2021–2025 гады».

У 2024 годзе на рэалізацыю мерапрыемстваў было накіравана 5882,7 тысячы рублёў інвестыцый з розных крыніц. Завершана рэалізацыя 5 мерапрыемстваў. Асвоена 5563,6 тысячы рублёў, у тым ліку з мясцовага бюджэту — 559 тысяч рублёў, уласных сродкаў арганізацый — 4679,9 тысячы рублёў, з іншых крыніц — 324,7 тысячы рублёў. У стадыі рэалізацыі знаходзіцца адно мерапрыемства, затрачана 291,5 тысячы рублёў (уласныя сродкі арганізацыі).

«На 2025 год запланавана рэалізацыя 5 мерапрыемстваў з планаваным аб’ёмам інвестыцый 4625,9 тысячы рублёў. Два мерапрыемствы — па аб’ектах жыллёвага фонду і добраўпарадкавання, яшчэ два — па інжынерна-транспартнай інфраструктуры і адно — па гандлі, — пералічылі ў камітэце эканомікі. — У першым паўгоддзі 2025 года завершана рэалізацыя двух мерапрыемстваў (адно — жыллёвага фонду і добраўпарадкавання, яшчэ адно — гандлю). Інвеставана 448,9 тысячы рублёў, у тым ліку з мясцовага бюджэту — 204,4 тысячы рублёў, уласных сродкаў арганізацыі — 27 тысяч рублёў, з іншых крыніц — 217,5 тысячы рублёў. У стадыі рэалізацыі знаходзяцца 3 мерапрыемствы. Асвоена 1354,6 тысячы рублёў, у тым ліку з мясцовага бюджэту — 170 тысяч рублёў, крэдыты банкаў — 1106,9 тысячы рублёў, з іншых крыніц — 77,7 тысячы рублёў. Будаўніча-мантажныя работы па запланаваных 

мерапрыемствах завершацца ў 2025 годзе».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю