Гродзенцы выйшлі ў трэці кваліфікацыйны раунд Лігі канферэнцый, жодзінскія тарпедаўцы і мінскія дынамаўцы сёлета ўжо завяршылі еўракубкавы сезон.
Гродзенцы выйшлі ў трэці кваліфікацыйны раунд Лігі канферэнцый, жодзінскія тарпедаўцы і мінскія дынамаўцы сёлета ўжо завяршылі еўракубкавы сезон.
У паядынку ў адказ другога круга ў венгерскім Сегедзе гродзенскі клуб згуляў унічыю са славацкім «Кошыцэ» — 1:1. Абодва мячы былі забіты ў канцы сустрэчы — спачатку лік адкрыў Алег Еўдакімаў, а за 2 хвіліны да канца паядынку Міхал Домік зраўняў вынік. Тыдзень таму ў Кошыцы віцэ-чэмпіёны Беларусі атрымалі валявую вікторыю з вынікам 3:2. У трэцім раундзе розыгрыша Лігі канферэнцый сапернікам «Нёмана» будзе клуб «Клаксвік» з Фарэрскіх астравоў. Нагадаем, што на старце кваліфікацыі трэцяга па рангу кантынентальнага турніру «Нёман» двойчы перайграў армянскі «Урарту» з Ерэвана — 2:1 і 4:0.
У венгерскім горадзе Кішварда жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» уступіла ізраільскаму «Макабі» з Хайфы з лікам 0:3. Ужо ў пачатку гульні тарпедаўцы прапусцілі двойчы. У жодзінцаў было некалькі выдатных магчымасцяў паразіць вароты сапернікаў, але яны не здолелі іх рэалізаваць. Пасля перапынку падапечныя Дзмітрыя Молаша пайшлі наперад вялікімі сіламі, аднак поспеху так і не дабіліся. Больш за тое, на 79-й хвіліне сустрэчы сапернікі правялі вострую контратаку і Трывантэ Сцюарт давёў справу да разгрому. На мінулым тыдні ў венгерскім Сомбатхеі сапернікі не выявілі пераможцу, згуляўшы ўнічыю — 1:1. У трэцім крузе «Макабі» будзе сапернічаць з польскім клубам «Ракув». У першым раундзе тарпедаўцы двойчы перамаглі паўночнамакедонскі клуб «Работнічкі» са Скоп’е — 3:0 і 1:0.
У албанскай Рагожыне футбалісты мінскага «Дынама» ўступілі мясцовай «Эгнатыі» — 0:1. Пераможны мяч на 77-й хвіліне матча забіў Кастрыёт Селмані. Тыдзень таму дынамаўцы прайгралі албанцам з вынікам 0:2. У трэцім раундзе албанскі клуб сустрэнецца са славенскай «Алімпіяй» з Любляны, якая была мацнейшай і андорскага «Інтэра» — 4:2 і 1:1. Мінчане пачыналі гэты еўракубкавы сезон у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, уступіўшы па суме дзвюх сустрэч балгарскаму «Лудагорцу» з Разграда —0:1 і 2:2.
Сустрэчы трэцяга раунда кваліфікацыі Лігі канферэнцый адбудуцца 7 і 14 жніўня. Каб прабіцца ў асноўны этап, камандам трэба паспяхова пераадолець чатыры кваліфікацыйныя бар’еры.