Іосіф Іванавіч Ільюшчыц — высокі, статны — ветла сустрэў мяне на парозе кватэры, з усмешкай падаў руку:
— Есіп... Нават Есіпка... Так мяне звала мама.
Рос гэты хлопчык у глухой палескай вёсцы Рог, у вялікай сям’і. Апроч мамы з татам ды дзядулі з бабуляй, там было дванаццаць дзяцей. Старэйшыя ўжо працавалі ў калгасе, малодшыя хадзілі ў школу. Трымалі дзвюх кароў, каня, свіней, качак, гусей, курэй... Усім хапала і ежы, і працы, жылі ў любові і згодзе.
У чэрвені 41-га шчаслівае жыццё гэтай сям’і, як і безлічы іншых, скончылася: прыйшлі захопнікі, сталі запісваць мужчын у паліцаі, а тых, хто адмаўляўся, забіралі на прымусовыя работы ў Германію. Каб пазбегнуць гэтага, вясковыя мужчыны згаварыліся і ў адну ноч пакінулі вёску. Такім чынам у лесе, што акружаў яе, з’явіўся першы партызанскі атрад, які адцягваў увагу і сілы праціўніка, не даваў яму спакойнага жыцця.
Есіпу і яго сябру Міколу было на той час па 15. Яны лічылі сябе дарослымі, здольнымі ваяваць. А ўжо ў лесе знайсці партызан — і пагатоў…
У мароз па глыбокім снезе яны прайшлі каля сямі кіламетраў і, пачуўшы грознае «Стой! Хто такія?», усяго і змаглі што папрасіць: «Не страляйце! Мы хочам да вас, у атрад!»
Хлапчукоў завялі да камандзіра. Той распытаў, хто яны і адкуль, потым — адправіў у іншую зямлянку, каб пад’елі, змаглі адпачыць.
Знайшлася для іх і пасільная справа: калі ў атрад прыходзілі звесткі, што ў той ці іншай вёсцы немцы збіраюцца правесці карную аперацыю, Есіп з Міколкам спяшаліся папярэдзіць людзей. Тыя бралі з сабой усё самае неабходнае, выводзілі з хлявоў жывёлу і па толькі ім вядомых сцежках уцякалі на балоты. Пераследаваць фашысты баяліся…
Не без таго — вёскі ў тых мясцінах немцы палілі, аднак людзі заставаліся жыць. А юных сувязных партызаны бралі і на больш сур’ёзныя заданні. Есіп з Міколам упэўнена трымалі ў руках аўтаматы — набліжалі доўгачаканае вызваленне.
Пасля яго партызаны ўліліся ў рады дзейнай арміі, а хлопцаў, якім споўнілася па 18, прызвалі на вайсковую службу. Разам з іншымі яны дабіраліся да граніцы з Кітаем — чыгункай, а потым пехатой, два тыдні — па сапраўднай пустыні: днём — пад нясцерпным сонцам, ноччу — пры тэмпературы ніжэй нуля. А найгоршым было тое, што праз тыдзень у вайскоўцаў скончылася вада…
Потым яе скідвалі з самалётаў у адмысловых скураных мяшках. Многія з іх разбіваліся; тое, што далятала, даводзілася дзяліць: часам па некалькі... глыткоў на чалавека.
Не нашмат лягчэй стала і на месцы дыслакацыі — на мяжы з суседняй краінай, дзе ні кусціка, ні травінкі, дзе яны капалі акопы і адначасова ваявалі з самураямі. Іосіф у першым жа баі быў паранены, але пасля перавязкі зноў узяўся за зброю. Атакі яны адбівалі і днямі і начамі, а ўжо як віталі Перамогу!..
...Дадому Іосіф вяртаўся сталым мужчынам, з баявымі ўзнагародамі. І ўжо там даведаўся (родныя пра гэта не пісалі, каб не хваляваць), што з яго такой вялікай сям’і выжылі толькі малодшая сястрычка і тата. Нехта загінуў праз сувязь з партызанамі, нехта памёр ад хвароб.
Змірыцца з гэтым было невыносна цяжка!.. Аднак трэба было жыць, уздымаць калгас.
Іосіфа накіравалі на вучобу ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Вярнуўшыся адтуль з дыпломам, ён стаў працаваць брыгадзірам, будаваць новую хату і сям’ю, гадаваць дзяцей. Паступова да баявых узнагарод далучаліся працоўныя, праляталі гады і дзесяцігоддзі, з роднага гнязда разляталіся дзеці; пасля цяжкай хваробы памерла жонка.
На шчасце ў ветэрана была і засталася яго сям’я. Ды і сам ён трымаўся: не любіў сядзець у кватэры.
А неяк яму вельмі пашчасціла: трапіў на канцэрт; слухаў хор ветэранаў, міжволі падпяваў яму і пасля — не вытрымаў: пайшоў за кулісы да кіраўніка.
З тога самага дня прыгожы голас Іосіфа Іванавіча ўліўся ў сугучча іншых галасоў. Былы франтавік здабыў сабе шчасце зносін з такімі ж людзьмі, як сам: таленавітымі, пазітыўнымі, шчодрымі душой. Хор выступаў на гарадскіх і вясковых святах, на адкрытых пляцоўках і ў дамах культуры…
Памёр Іосіф Іванавіч Ільюшчыц на 95-м годзе жыцця, пакінуўшы добрую памяць не толькі дзецям, унукам і праўнукам, — усім, хто ведаў яго, хто чуў яго песні.
Валянціна БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ
в. Радкава, Салігорскі раён