Top.Mail.Ru

З 1 верасня памер базавай стаўкі для аплаты працы ў бюджэтнай сферы складзе 273 рублі

Адпаведную пастанову падпісаў Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, паведамілі ў прэс-службе Урада



Гэта рашэнне ўплывае на працяг паэтапнага росту зарплаты бюджэтнікаў. У Мінпрацы і сацабароны нагадалі, што гэта ўжо другое павышэнне базавай стаўкі за год. З 1 студзеня яна была павялічана на 6,7 % — з 253 да 270 рублёў. У параўнанні з мінулым годам сярэднегадавы памер базавай стаўкі ў 2025-м павялічыцца на 8 %.

Акрамя гэтага, на працягу года прымаюцца меры па павелічэнні памераў стымулюючых выплат асобным катэгорыям работнікаў усіх галін сацыяльнай сферы, дадалі ў ведамстве.  

У прыватнасці, у адукацыі - з 1 студзеня (настаўнікам, выхавальнікам, памочнікам выхавальніка, выкладчыкам, майстрам вытворчага навучання, прафесарска-выкладчыцкаму складу, педагогам-псіхолагам, педагогам сацыяльным); з 1 мая (настаўнікам-дэфектолагам, выхавальнікам, работнікам бібліятэк ва ўстановах адукацыі); у культуры і сферы аказання сацыяльных паслуг - з 1 студзеня (усім работнікам); у сферы фізічнай культуры і спорту - з 7 мая (усім работнікам); у галіне аховы здароўя - з 1 студзеня (урачам-спецыялістам), з 1 сакавіка, 1 верасня і 1 снежня (сярэдняму медыцынскаму персаналу).

Як адзначылі ў профільным міністэрстве, павышэнне базавай стаўкі з верасня закране больш за 800 тысяч работнікаў бюджэтнай сферы.

У выніку прынятых мер сярэднямесячная заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый за 6 месяцаў бягучага года павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам 2024 года на 18,8 %, яна склала 2 010,8 рубля, рэальная заработная плата ўзрасла з тэмпам 111,8 %.

Як адзначылі ў Мінпрацы, у цэлым на аплату працы работнікаў бюджэтнай сферы ў 2025 годзе плануецца накіраваць каля 20,7 мільярда рублеў, у тым ліку на дадатковыя стымулюючыя выплаты асобным катэгорыям работнікаў – каля 2,69 мільярда рублёў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю