Top.Mail.Ru

З 1 верасня запускаецца праект «Вітрына фізічных асоб, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць па навучанні дзяцей»

Адкрыта, даступна і празрыста

Спачатку — крыху перадгісторыі. У пачатку 2026 года Міністэрства адукацыі выступіла ініцыятарам стварэння рэестра рэпетытараў, які, як меркавалася, стаў бы абавязковым складнікам для тых, хто планаваў весці самастойную прафесійную дзейнасць у гэтым кірунку. Калі прасцей, няма цябе ў рэестры — няма і ніякай выкладчыцкай практыкі. Аднак да пачатку новага навучальнага года і падыход, і фармулёўкі па гэтым пытанні былі змененыя — ніякіх «абавязкова».

Замест рэестра база рэпетытараў будзе створана ў выглядзе вітрыны — адкрытай, даступнай і празрыстай. Як і ўся наша сістэма адукацыі.

Толькі асабістае жаданне

Галоўнай адметнасцю праекта дырэктар дэпартамента кантролю якасці адукацыі Мінадукацыі Вольга РЫБАКЛЮЧАВА назвала тое, што ўдзел у ім — выключна па жаданні. Ускладняць жыццё рэпетытарам — не самамэта, таму галоўным інструментам тут будзе асабістае партфоліа рэпетытара, а не абавязацельства.

— Наша мэта паказаць з дапамогай гэтай вітрыны, як шмат таленавітых, надзейных, прафесійных самазанятых спецыялістаў працуюць з нашымі дзецьмі, — падкрэсліла яна. — Гэта не база звестак для праверак, а сучасны памочнік для тых, хто звязаны з прыватнай адукацыяй.

Паводле слоў Вольгі Рыбаключавай, новы сэрвіс стварылі як для бацькоў, так і для педагогаў. Першым такім чынам забяспечваецца просты і, паўторым, празрысты спосаб знайсці для свайго дзіцяці рэпетытара па неабходным прадмеце, а другім — выдатная пляцоўка, каб заявіць пра сябе і свае магчымасці.

Што за вітрынай?

Дзякуючы новаму сэрвісу бацькі змогуць пераканацца, што абраны рэпетытар як мінімум працуе не ў «шэрай» зоне і выконвае патрабаванні, патрэбныя для такой дзейнасці.

Так, рэпетытар самастойна прымае рашэнне аб уключэнні ў вітрыну. Але гэта не значыць, што працэс будзе цалкам аддадзены на водкуп самазанятым асобам.

— Мы са свайго боку гарантуем дзяржаўнае пацвярджэнне прафесійных даных рэпетытараў, — пацвердзіла Вольга Зайніеўна. — Інфармацыя аб іх адукацыі і адсутнасці судзімасцяў будзе ў адкрытым доступе. Бацькі ўбачаць толькі тых спецыялістаў, чыя кваліфікацыя пацверджана, а рэпутацыя — чыстая. Дзеці ж атрымліваюць магчымасць займацца з лепшымі рэпетытарамі. Акрамя таго, гэтая вітрына будзе знакам прафесіянала, які выдзеліць педагога сярод іншых.

А калі рэпетытар не захацеў знаходзіцца ў агульнай вітрыне?

— Ён таксама можа працягваць займацца прафесійнай дзейнасцю па навучанні дзяцей, — дадала прадстаўнік адукацыйнага ведамства.

Што датычыцца працэдуры рэгістрацыі, то яна зойме ўсяго тры рабочыя дні. Апавяшчэнне аб жаданні ўдзельнічаць у праекце накіроўваецца ў Дэпартамент кантролю якасці адукацыі. Туды ж прадастаўляюцца даведка з банка даных аб правапарушэннях і згода на апрацоўку персанальных даных.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю