Беларусь і Расія ў снежні мінулага года заключылі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі, каштоўнымі камянямі і вырабамі з іх. Яно накіравана на ўзаемнае прызнанне дзяржаўных прабірных клеймаў, якія наносяцца на ювелірныя і іншыя вырабы з каштоўных металаў, а таксама ўзаемнае прызнанне маркіроўкі такіх вырабаў. Ювелірныя вырабы, якія будуць заклеймаваны прабірным кляймом і маркіраваны ў адной з дзяржаў — Беларусі або Расіі, — у выпадку іх перамяшчэння на тэрыторыю іншай дзяржавы не будуць падлягаць абавязковаму дадатковаму кляйменню і маркіроўцы. Дакумент цяпер праходзіць працэдуру ратыфікацыі.
Каб пры перамяшчэнні вырабаў спажывец быў упэўнены ў іх якасці, з 1 студзеня бягучага года ў краіне ўведзена маркіроўка ювелірных вырабаў.
Як патлумачыла начальнік Дзяржаўнай інспекцыі прабірнага нагляду галоўнага ўпраўлення каштоўных металаў і каштоўных камянёў Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь Жанна РЭКУН, маркіроўка прадугледжвае нанясенне на кожны ювелірны выраб сродку ідэнтыфікацыі ў выглядзе дата-матрыкс кода. Гэты код размяшчаецца на бірцы або этыкетцы і ўжо добра знаёмы спажыўцам — аналагічныя знакі выкарыстоўваюцца на многіх таварах у краіне.
Скануючы дата-матрыкс код, спажывец можа ўбачыць інфармацыю аб канкрэтным ювелірным вырабе і сродку ідэнтыфікацыі, які на яго нанесены. Міністэрству фінансаў маркіроўка дае магчымасць адсочваць, збіраць статыстычную інфармацыю аб руху, перамяшчэннях вырабаў і колькасці продажаў. Для пакупніка сістэма маркіроўкі служыць яшчэ і гарантыяй легальнасці вырабаў. У кодзе ўтрымліваюцца звесткі аб тым, што ўпрыгажэнне выраблена афіцыйна, адпавядае ўстаноўленым у Беларусі пробам, а таксама ўключае асноўныя характарыстыкі выраба — у тым ліку даныя аб каштоўных камянях.
У Мінфіне адзначылі, што гэта новаўвядзенне важнае і для бізнесу, паколькі асноўны імпарт ювелірных вырабаў у Беларусь паступае з Расійскай Федэрацыі — каля 75 %. Маркіроўка дазволіць паскорыць паступленне ювелірных вырабаў на прылаўкі.
Дарэчы
На ювелірным рынку сёння назіраецца аб’ектыўнае зрушэнне попыту, і звязана яно перш за ўсё з дынамікай цэн на каштоўныя металы. Ключавым фактарам застаецца менавіта золата — асноўны метал, з якім працуюць ювеліры ва ўсім свеце.
Па словах генеральнага дырэктара ААТ «Гомельскае ВА «Крышталь» Руслана САРАКАВОГА, нягледзячы на рост заробкаў, у тым ліку ў доларавым эквіваленце, цана на золата расце значна хутчэй. Асабліва заўважны гэты разрыў у апошнія гады. «Літаральна за апошнія некалькі гадоў золата практычна ў 2,5 раза павялічылася ў рынкавай цане ў доларавым эквіваленце», — адзначыў ён. Такім чынам, калі ўзяць сярэднюю заработную плату, то раней яна дазваляла купіць парадку 14-15 грамаў золата ў чысціні. На сённяшні дзень гэтая лічба складае каля 5 грамаў. Такая дынаміка непазбежна ўплывае на рынак і прымушае вытворцаў адаптавацца. Кампаніі пераглядаюць асартымент, аптымізуюць масу вырабаў і працуюць над сярэднім чэкам. Пры гэтым захоўваецца попыт на ўпрыгажэнні, звязаныя з важнымі падзеямі — вяселлямі, юбілеямі. Асобным трэндам становіцца рост долі сярэбраных упрыгажэнняў, якія застаюцца больш даступнымі для пакупнікоў. Усе гэтыя змены — рэакцыя галіны на глабальныя працэсы і цэнавую дынаміку на рынку каштоўных металаў.
Яна ВАЛАСАЧ