«Дзіцячыя» з плюсам
Велічыня бюджэту пражытачнага мінімуму пераглядаецца чатыры разы на год, гэта значыць раз у квартал: з 1 лютага, з 1 мая, з 1 жніўня і з 1 лістапада. Велічыню БПМ вызначае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. З 1 лютага памер БПМ устанаўліваецца на ўзроўні 496 рублёў 96 капеек (плюс 1,2 % адносна велічыні, уведзенай з 1 лістапада 2025 года).
Да памеру БПМ прывязаны дапамогі на дзяцей, і з 1 лютага яны таксама прапарцыйна падрастуць. Скажам, аднаразовая выплата ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці складае 10 БПМ, з пачатку лютага яна вырасце на 58,7 рубля і дасягне 4969,6 рубля. Пры нараджэнні другога і наступнага дзіцяці выплата складае адразу 14 бюджэтаў, значыць, сума да выплаты — 6957 рублёў 44 капейкі.
Вырасце і аднаразовая дапамога цяжарным жанчынам, якія сталі на ўлік у жаночых кансультацыях да 12 тыдняў цяжарнасці. Ім належыць 100 % БПМ 496,96 рубля. Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў павялічваецца на 68,95 рубля і складзе 1000,86 рубля на першае дзіця. Дапамогі на другое і наступных дзяцей павялічаны да 1143,84 рубля (плюс 78,8 рубля), на дзіця-інваліда — 1286,82 рубля. Павелічэнне — 88,65 рубля. Гэты памер дапамог па доглядзе дзіцяці будзе дзейнічаць па 31 ліпеня 2026-га. Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў — 50 працэнтаў БПМ, або 248,48 рубля.
З 1 лютага павялічыцца і штомесячная дапамога на дзяцей, старэйшых за тры гады, з асобных катэгорый сем’яў. У прыватнасці, на дзяцей, старэйшых за тры гады ў такіх сем’ях, але за выключэннем дзіцяці-інваліда, сума дапамогі складзе 50 % бюджэту пражытачнага мінімуму, або 248,48 рубля. А на дзіця-інваліда старэйшага за тры
гады — 70 % БПМ, або 347,87 рубля. Сума дапамогі па догляду дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў залежыць ад ступені страты здароўя і складзе ад 100 працэнтаў БПМ (496,96 рубля) да 120 % БПМ (да 596,35 рубля).
Мяняецца і велічыня дапамогі па доглядзе інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту. Так, пры ажыццяўленні догляду за адным такім чалавекам, велічыня дапамогі складзе 496,96 рубля, за двума і больш — 596,35 руб.
Прыемная навіна для пенсіянераў
З 1 лютага павышаюцца ўсе віды працоўных пенсій: па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, а таксама ў сувязі са стратай карміцеля. Як паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, пасля пераразліку велічыня пенсій павялічыцца ў сярэднім на 10 %. Па папярэдніх ацэнках ведамства, сярэдняя пенсія па ўзросце складзе 1070 рублёў. Таксама ў Мінпрацы дадалі, што калі параўнаць сярэднюю пенсію лютага 2025-га і 2026-га, то прырост складзе 138 рублёў (ці 14,8 %). Разам з тым памер павелічэння ў кожнага пенсіянера будзе індывідуальны. Канчатковая сума будзе залежаць ад стажу працы, велічыні заробкаў, улічаных пры налічэнні пенсіі, а таксама ўстаноўленых да яе даплат.
Узроставыя даплаты да пенсій, што належаць асобам, якія дасягнулі 75 і 80 гадоў, таксама прывязаны да бюджэту пражытачнага мінімуму. Гэта значыць, што з 1 лютага яны таксама павялічацца. У Беларусі больш за 500 тысяч пажылых людзей старэйшых за 75 гадоў разам з працоўнымі пенсіямі атрымліваюць узроставыя даплаты. Яны прывязаны да БПМ і з 1 лютага аўтаматычна вырастуць на 1,2 %.
Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, даплаты да пенсій людзям пасля 75 гадоў з 1 лютага складуць 93,18 рубля, пасля 80 гадоў — 124,24 рубля. Надбаўкі на догляд да пенсій: інвалідам 1 групы — 124,24 рубля, а пенсіянерам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, — 62,12 рубля.
Акрамя таго, з 1 лютага 2026-га вырастуць даплаты да пенсій асобным катэгорыям пенсіянераў. Так, напрыклад, да пенсій былым вязням і работнікам, якія былі ў Афганістане ў 1979-1989 гадах, дададуць 124,24 рубля штомесяц. Ганаровыя донары атрымаюць надбаўку ў 49,7 рубля, а інваліды з дзяцінства — 62,12 рубля.
З 1 лютага ў сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму вырастуць і сацыяльныя пенсіі, якія ў Беларусі прызначаюцца пры неатрыманні працоўнай пенсіі. Так, напрыклад, велічыня сацыяльнай пенсіі для людзей, якія не выпрацавалі неабходны страхавы стаж і не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію па ўзросце, складзе 248,48 рубля. Гэта пенсія прызначаецца жанчынам з 60 гадоў, мужчынам з 65-ці, гэта значыць на два гады пазней.
Канікулы ў малодшых школьнікаў
У студзені ў беларускіх школах стартавала трэцяя чвэрць. Паводле нарматываў яна з’яўляецца самай працяглай і скончыцца ў трэцяй дэкадзе сакавіка. Вясновыя канікулы — з 22 да 29 сакавіка ўключна. А для вучняў першых і другіх класаў прадугледжаны яшчэ дадатковыя канікулы з 16 да 22 лютага.
Новы дакумент для атрымання пашпарта
Каб атрымаць пашпарт, з 11 лютага мужчынам спатрэбіцца даведка з ваенкамата. Такі дакумент неабходна прад’явіць мужчынам ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў. Выключэнне ёсць толькі для тых, хто аформіў выезд на сталае пражыванне за межамі Беларусі.
Даведку будуць выдаваць у ваенным камісарыяце або ў органе дзяржаўнай бяспекі. Атрымаць яе можна будзе за адзін працоўны дзень, тэрмін дзеяння дакумента складзе 6 месяцаў. Даведку выдадуць пры ўмове прад’яўлення ваеннага білета (або іншага дакумента воінскага ўліку) або пашпарта.
Некаторыя аперацыі ў АРІП стануць бясплатнымі
З 1 лютага ў сістэме АРІП мяняюцца тарыфы: частка банкаўскіх аперацый для кліентаў стануць бясплатнымі. Размова ідзе аб плацяжах унутры аднаго банка. Без камісіі можна будзе папаўняць бягучыя і разліковыя рахункі, уклады і дэпазіты, а таксама ўносіць плацяжы па крэдыце — як асноўную суму доўгу, так і працэнты. Акрамя таго, для сэрвісу АРІП.ІD уводзіцца асобны тарыф: за выкарыстанне гэтай функцыі будзе прадугледжана ўзнагароджанне.
Мяняюцца выплаты для рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзіб
З лютага вырастуць стаўкі збораў для рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзіб — гэта прадугледжана абноўленым Падатковым кодэксам. У студзені захоўваліся старыя стаўкі. Для ўладальнікаў аграэкасядзіб збор павялічваецца з 42 да 45 рублёў у месяц за кожную сядзібу. Рамеснікі замест 7 рублёў за месяц будуць плаціць 10. Калі мясцовыя ўлады прымуць рашэнне аб прымяненні гэтых збораў ужо на працягу 2026 года, першы плацеж трэба ўнесці да канца месяца, у якім такое рашэнне будзе прынята. Далей плацяжы праводзяцца не пазней за 1-е чысло кожнага месяца.
Вырастуць субсідыі на адкрыццё бізнесу
З 1 лютага павялічаць дзяржаўныя субсідыі на адкрыццё ўласнай справы. Памер фінансавай дапамогі залежыць ад віду дзейнасці і месцазнаходжання. Для бізнесу ў горадзе субсідыя складзе 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (да 30 красавіка гэта сума роўная 5466,56 рубля). У малых гарадах, раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы, а таксама ў сельскіх населеных пунктах для адкрыцця бізнесу можна атрымаць 15 БПМ (цяпер 7454,4 рубля). Максімальная сума дапамогі прадугледжана для беспрацоўных, якія хочуць арганізаваць бізнес, звязаны з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак: ім прызначана субсідыя ў памеры 20 БПМ (9939,2 рубля).
У апошні шлях
У лютым павялічыцца — прычым адразу на 409 беларускіх рублёў — дапамога на пахаванне. Згодна з дзейным заканадаўствам, гэтая сума пераглядаецца кожны месяц. А залежыць яна ад паказчыка сярэдняй зарплаты ў краіне за пазамінулы месяц, калі лічыць ад даты смерці. Такім чынам, у лютым велічыня дапамогі на пахаванне складзе 3112 рублёў 70 капеек.
Алена КРАВЕЦ