Новыя правілы закрануць «Аплаці» і «Аплаці. Дзіцячы». Без доступу да месцазнаходжання прылады ўвайсці ў рахунак і карыстацца сэрвісам не атрымаецца, паведамляюць распрацоўшчыкі дадатку, піша mlyn.by.
Чаму мяняюцца правілы?
Змены звязаныя з новымі патрабаваннямі для ўсіх банкаў і плацежных сэрвісаў Беларусі. З 1 ліпеня фінансавыя арганізацыі абавязаны збіраць, захоўваць і аналізаваць так званы «лічбавы адбітак» прылады.
Што такое «лічбавы адбітак»?
Гэта набор параметраў смартфона або планшэта: мадэль прылады, версія аперацыйнай сістэмы, наладкі і — самае важнае — геалакацыя. Менавіта таму доступ да месцазнаходжання стане абавязковым.
Што будзе, калі не дазволіць?
Калі карыстальнік адмовіцца даць доступ да геалакацыі, сістэма проста не пусціць яго ў рахунак. Аплачваць пакупкі, праезд і карыстацца іншымі магчымасцямі сэрвісу стане немагчыма.
Навошта гэта трэба?
Новыя патрабаванні ўводзяцца для барацьбы з ашуканцамі і дадатковай абароны грошай карыстальнікаў. Чым больш даных пра прыладу ведае сістэма, тым складаней зламыснікам атрымаць доступ да чужога рахунку.
Фота mlyn.by.