Top.Mail.Ru
197

Юрый Сянько: «Важны адкрыты дыялог з моладдзю»

Арганізатарам форума «У адзінстве моладзі — наша будучыня» выступіў Беларускі прафсаюз работнікаў АПК. Удзел у ім прынялі каля 200 чалавек. У цэнтры ўвагі — падтрымка маладых спецыялістаў, кар’ерныя перспектывы навучэнцаў і тых, хто яшчэ толькі плануе звязаць свой працоўны шлях з сельскай гаспадаркай.



Мерапрыемства пачалося з мітынгу-рэквіема ля мемарыяльнага комплексу вызваліцелям Пінска. Кіраўніцтва ФПБ, галіновага прафсаюза, прадстаўнікі органаў улады, моладзь усклалі кветкі да мемарыяла. Далей удзельнікі форуму сустрэліся на дыялогавай пляцоўцы, якая адбылася на базе Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько заклікаў удзельнікаў форуму адкрыта абмеркаваць надзённыя пытанні.

— У нас з вамі могуць быць розныя жыццёвыя ўстаноўкі, — звярнуўся да моладзі лідэр нацыянальнага прафцэнтра. — Дапускаю, што ў сваёй працы мы можам дзесьці не заўважыць важныя менавіта для вас аспекты. Таму заклікаю вас да адкрытага дыялогу. Выказвайце свае ідэі, прапановы, сваё бачанне таго, якія пытанні сёння патрабуюць першачарговай увагі, і як у цэлым можна павысіць прэстыж працы ў вёсцы.

Трэба адзначыць, што форум адбыўся напярэдадні Дня народнага адзінства. Таму ўдзельнікі мерапрыемства закраналі тэмы захавання гістарычнай памяці, пытанні міру і бяспекі.

photo_5341296276941174562_x.jpg

Старшыня ФПБ адзначыў, што немагчыма забяспечыць бяспеку і абараніць суверэнітэт краіны без устойлівай і эфектыўнай сацыяльна-эканамічнай сістэмы. Яе важны складнік — далейшае развіццё эканомікі, у тым ліку сферы АПК. Юрый Сянько падкрэсліў, што тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы развіваюцца імкліва. Але самае галоўнае — людзі. Таму падтрымка аграрыяў, маладых спецыялістаў — заўсёды ў прыярытэце прафсаюзаў.

— Што датычыцца дадатковых гарантый для работнікаў, то наш галіновы прафсаюз аграпрамысловага комплексу сумесна з профільным міністэрствам і наймальнікамі пастаянна вядуць работу па пашырэнню дадатковых гарантый для маладых спецыялістаў, — дадаў Юрый Сянько. -—З гэтага года пачало дзейнічаць новае галіновае Тарыфнае пагадненне. Дзякуючы дамоўленасцям, дасягнутым сацыяльнымі партнёрамі на рэспубліканскім узроўні, калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў АПК дапаўняюцца новымі гарантыямі і бонусамі для работнікаў. Дадатковыя гарантыі датычацца розных аспектаў: дапамога ў вырашэнні жыллёвых пытанняў, матэрыяльная падтрымка, настаўніцтва.

Дарэчы, месца правядзення форуму выбрана не выпадкова. У Брэсцкай вобласці, і на Піншчыне ў прыватнасці, дастаткова высокі паказчык замацавання моладзі ў вёсцы. У многім дзякуючы таму, што калектыўныя дагаворы сельгасарганізацый рэгіёну змяшчаюць нямала дадатковых гарантый і стымулюючых бонусаў для моладзі.

— Практыка паказвае: там, дзе да пытанняў замацавання кадраў падыходзяць сістэмна, заўсёды ёсць вынік, — падкрэсліў Юрый Сянько. — Сёння практычна ўсе калдагаворы сельскагаспадарчых арганізацый змяшчаюць норму аб устанаўленні аднаразовых выплат у памеры 100-200 базавых велічынь пры заключэнні кантракта са спецыялістамі на тэрмін не менш як 5 гадоў. У шэрагу гаспадарак былі прыняты рашэнні павялічыць сумы выплат пры прадаўжэнні працоўных адносін. Напрыклад, на прадпрыемстве «Аснежыцкае» Пінскага раёна калектыўнай дамовай прадугледжваецца выплата ў 300 базавых велічынь спецыялістам, якія заключылі паўторны кантракт на максімальны тэрмін. Такая ж норма дзейнічае і ў яшчэ адной арганізацыі раёна — «Ласіцк».

Трэба адзначыць, што ў кожным канкрэтным выпадку аб’ём дадатковых гарантыяў, безумоўна, залежыць ад эканамічных магчымасцяў арганізацыі. Разам з тым сёння наймальнікі разумеюць неабходнасць стварэння максімальна прывабных умоў для маладых людзей.

У сваю чаргу старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Васіль Хвацік зазначыў, што галіновы прафсаюз праводзіць такія мерапрыемствы на пастаяннай аснове. У гэтым годзе маштабны форум ужо прымала Горацкая сельгасакадэмія. Васіль Хвацік падкрэсліў, што важна сістэмна працаваць з моладдзю.

— Важныя кожная сустрэча, кожная шчырая размова з маладымі людзьмі, — адзначыў старшыня галіновага прафсаюза. — Многія маладыя людзі хочуць пачуць, як сёння ўладкавана жыццё і праца ў вёсцы. Таму мы адкрыта расказваем пра ўсё на канкрэтных прыкладах. Сёння пра сваю працу і жыццё расказвалі хлопцы, якія працуюць спецыялістамі, а некаторыя ўжо ў маладым узросце сталі кіраўнікамі і ўзначальваюць гаспадаркі.

Асобная ўвага падчас форуму — сістэме настаўніцтва. Практыка паказвае, што важныя не толькі матэрыяльныя бонусы, але і стаўленне кіраўніцтва да маладых кадраў, падтрымка старэйшых калег і той клімат, які складаецца ў калектывах. Дарэчы, спікерамі форума выступалі і прадстаўнікі моладзі. Сярод іх — як маладыя спецыялісты, так і ўжо маладыя кіраўнікі.

photo_5341296276941174562_x.jpg

Так, памочнік брыгадзіра вытворчай брыгады ў раслінаводстве СВК «Свіцязянка-2003» Аляксей Батура ў сваім выступленні адзначыў, што яму спачатку было хвалююча браць на сябе ролю кіраўніка аднаго са структурных падраздзяленняў.

— Мне спатрэбіўся час, каб уліцца ў калектыў і выбраць для сябе правільныя арыенціры. Адчуць сябе часткай каманды мне дапамаглі кіраўнік гаспадаркі і галоўны аграном, яны сталі для мяне першымі настаўнікамі. Я вельмі рады, што заўсёды магу звярнуцца да іх за парадай. Гэта надае ўпэўненасці ў далейшай працы і дапамагае не падаць духам, — падзяліўся Аляксей Батура і падкрэсліў, што ў СВК вельмі цэняцца маладыя спецыялісты.

Фінальным пунктам форуму стала ўшанаванне прадстаўнікоў моладзі, якія прадэманстравалі лепшыя паказчыкі падчас уборачнай кампаніі.

— Было вельмі прыемна заахвоціць лепшых спецыялістаў, якія вызначыліся на ўборцы 2025 года. Гэта і дзяўчаты, і маладыя хлопцы, якія паказалі вельмі добрыя вынікі. Прыемна бачыць пакаленне, якое ганарыцца сваёй прафесіяй і атрымлівае добрыя вынікі, — рэзюмаваў Юрый Сянько.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю