Top.Mail.Ru
161

Юрый Сянько: У нашай краіне ўсё робіцца для чалавека

Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько падчас наведвання Ракаўскага сацыяльнага пансіяната «Іслачанка» ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы».


Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі традыцыйна падключылася да гэтага дабрачыннага праекта, накіраванага на падтрымку ветэранаў вайны і працы, пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе і клопаце. Падтрымка, якую аказваюць прафсаюзы, мае ўсебаковы характар. Гэта не толькі матэрыяльная дапамога, але і арганізацыя сустрэч, свят, культурных і аздараўленчых мерапрыемстваў для людзей залатога ўзросту.

Так, адна з такіх цёплых сустрэч напярэдадні Раства прайшла ў сацыяльным пансіянаце «Іслачанка» Мінскай вобласці. З пастаяльцамі ўстановы — а іх тут 150 чалавек — сустрэўся старшыня ФПБ Юрый Сянько. Па традыцыі прафсаюзы Беларусі прыехалі не з пустымі рукамі. Акрамя індывідуальных салодкіх падарункаў, а таксама неабходных прадметаў асабістай гігіены, прафсаюзы падарылі ўстанове сертыфікат на ўстаноўку альтанкі, якую вельмі чакаюць жыхары пансіяната.


— Для нашай краіны ў цэлым акцыя «Ад усёй душы» мае вельмі важнае значэнне. Наша дзяржава — сацыяльна арыентаваная і ўсё тое, што робіцца ў краіне, робіцца, вядома ж, для чалавека, — падкрэсліў лідар нацыянальнага прафцэнтра, адзначыўшы пры гэтым, што неабходныя ўмовы ствараюцца і для адзінокіх пажылых людзей, тых, хто з розных прычын трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Асобная ўвага — грамадзянам, якія пражываюць у сацыяльных установах, каб яны таксама ні ў чым не мелі патрэбу і адчувалі сябе, як дома.

— І ў гэту работу ўцягнутыя ўсе: і грамадскія арганізацыі, і прафсаюзы, і валанцёры, і камерцыйныя арганізацыі, — звярнуў увагу Юрый Сянько.

Дарэчы, «Іслачанка» — гэта далёка не адзіны адрас, дзе прафсаюзамі аказваецца падтрымка пастаяльцам сацыяльных устаноў. Напрыклад, у рамках леташняй аналагічнай акцыі ў розных установах прафсаюзамі было праведзена звыш 500 мерапрыемстваў — ад аказання матэрыяльнай дапамогі да правядзення канцэртаў і майстар-класаў.


Акрамя таго, індывідуальная падтрымка прадастаўляецца прафсаюзамі ветэранам працы па месцы жыхарства. Напрыклад, зараз, калі ўмовы надвор’я могуць ствараць дадатковыя цяжкасці, прафсаюзныя актывісты прыходзяць на дапамогу ў вырашэнні бытавых пытанняў. У снежную зіму яны дапамагаюць пажылым людзям з расчысткай падыходаў да дамоў і прыдамавых тэрыторый ад снегу, аказваюць падтрымку ў пакупцы і дастаўцы прадуктаў. Летась прадстаўнікі прафсаюзаў наведалі дома і дапамаглі ў вырашэнні бытавых пытанняў звыш 27 тысячам пажылых грамадзян. Таксама ў практыцы работы — арганізацыя сустрэч пакаленняў, літаратурных гасціных, выстаў мастацкіх і дэкаратыўна-прыкладных работ, турысцка-экскурсійных мерапрыемстваў па гістарычных, культурных і памятных мясцінах, а таксама аздараўленчых праграм.

Трэба адзначыць, што і большасць калектыўных дагавораў змяшчаюць нормы па аказанні ўсебаковай падтрымкі ветэранам. Сярод іх - матэрыяльныя выплаты і падарункі да юбілеяў, прафесійных і дзяржаўных свят, дапамога ў аздараўленні і лячэнні і многае іншае.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю