Top.Mail.Ru

Сянько: Свет адыходзіць усё далей ад сацыяльнай справядлівасці і сапраўднай дэмакратыі

06.06.2025 | 16:10

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько выступіў на 113-ай сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая гэтымі днямі праходзіць у Жэневе.


Адно з асноўных пытанняў пленарнага пасяджэння МАП — абмеркаванне існуючай сітуацыі на глабальным рынку працы. Пазітыву ў справаздачы кіраўніцтва МАП па гэтай тэме няшмат: няроўнасць расце і ўсё больш работнікаў у свеце сутыкаюцца з праблемай забеспячэння элементарных патрэб.

Праблемы не новыя — у мінулыя гады МАП ужо прызнавала сацыяльную несправядлівасць у свеце, якая расце. Вось толькі канкрэтных мер для ўстаранення такіх тэндэнцый арганізацыяй да гэтага часу не прынята. На гэтым і засяродзіў увагу ўдзельнікаў канферэнцыі лідэр нацыянальнага прафцэнтра Беларусі.

— На працягу дзясяткаў гадоў прафсаюзы Беларусі прымаюць удзел у працы Міжнароднай канферэнцыі працы. І штогод з высокай трыбуны мы чуем заклікі да сацыяльнай справядлівасці. Чуем абавязацельствы лідэраў вядучых краін праводзіць сумленную палітыку, накіраваную на дасягненне ўсеагульнага дабрабыту. Нажаль, практыка паказвае, што ўсё гэта — не больш за гучныя словы. З кожным днём свет адыходзіць усё далей ад сацыяльнай справядлівасці і сапраўднай дэмакратыі, — падкрэсліў Юрый Сянько. — Рэальны клопат аб чалавеку працы ў шэрагу краін, у тым ліку тых, якія прызначылі сябе эталонам дэмакратыі, падмяняецца гучнымі лозунгамі, папулізмам і дэмагогіяй.

Гэтыя словы наглядна пацвярджае той факт, што ў шэрагу дзяржаў, нават тых, якія валодаюць вялізнымі эканамічнымі, фінансавымі магчымасцямі, мільёны людзей не маюць доступу да адукацыі, медыцыны, пазбаўлены жылля і мінімальных сацыяльных гарантый. Ва ўгоду капіталу людзі губляюць элементарныя працоўныя гарантыі. Напрыклад, у заходніх краінах ужо звычайнай практыкай сталі працоўныя кантракты з нулявой нормай працоўнага часу — калі чалавек прыцягваецца да працы толькі тады, калі гэта неабходна наймальніку, і не ведае, будзе ў яго заўтра праца і прыбытак, ці не.

— Каласальныя праблемы наспелі і на міждзяржаўным узроўні. Ад салідарнасці, імкнення да ўсеагульнага дабрабыту свет сышоў да санкцый і пратэкцыянізму, — падкрэсліў Юрый Сянько і адзначыў, што такія падыходы наўпрост пагражаюць дабрабыту людзей ва ўсіх краінах, у тым ліку і тых, якія з’яўляюцца ініцыятарамі такіх незаконных дзеянняў.

І на жаль, міжнародныя інстытуты, у тым ліку і Міжнародная арганізацыя працы, належным чынам не супрацьстаяць распаўсюджванню несправядлівасці ў свеце.

— Згодна са Статутам, МАП павінна разглядаць і ацэньваць усе нацыянальныя і міжнародныя праграмы, асабліва ў фінансавай і эканамічнай сферах, з пункту гледжання іх укладу ў садзейнічанне сацыяльнай справядлівасці, — прывёў наглядны прыклад старшыня ФПБ. — Але да гэтага часу з боку МАП няма нават асуджэння санкцый і абмежаванняў, якія пагражаюць занятасці і прыбыткам мільёнаў працоўных. Нягледзячы на распаўсюджванне голаду ў шэрагу самых бедных краін, не прынята ніякіх мер па недапушчэнні абмежаванняў паставак угнаенняў, што непазбежна вядзе да павелічэння маштабаў галечы сярод самых бедных народаў.

Заканамерным вынікам такой сітуацыі стала тое, што сёння ўсё больш краін і народаў імкнуцца стварыць новыя міжнародныя аб’яднанні, пабудаваныя на ўзаемапавазе, роўнасці і імкненні да ўсеагульнага дабрабыту.

— Наша краіна і прафсаюзы Беларусі цалкам падтрымліваюць такую мадэль узаемаадносін у свеце. Менавіта таму мы сёння актыўна працуем на ўмацаванне ўзаемадзеяння з нашымі партнёрамі ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, вучымся і падтрымліваем адзін аднаго, — адзначыў Юрый Сянько.

Дарэчы, аналізуючы даныя па сітуацыі з працоўнымі правамі і сацыяльнымі гарантыямі ў свеце, становіцца відавочным, што многім дзяржавам ёсць чаму павучыцца ў Беларусі.

— У нашай краіне ўжо забяспечана выкананне тых каштоўнасцяў, да якіх МАП толькі заклікае ўсю сусветную супольнасць. Неабходныя сацыяльныя гарантыі, у тым ліку ў адукацыі, медыцыне, маюць усе, без выключэння, беларусы. Вялікая падтрымка з боку дзяржавы аказваецца мацярынству і дзяцінству. Створаны ўмовы для прадуктыўнай і эфектыўнай занятасці. Як вынік — у нас мінімальны ў сусветным маштабе ўзровень беспрацоўя. Усе гэтыя дасягненні — вынік трывалага сацыяльнага дыялогу ў нашай краіне і сумленнай палітыкі дзяржавы на міжнароднай арэне, — падкрэсліў старшыня ФПБ і заклікаў усе краіны і прафсаюзы дзейнічаць у такім жа ключы: адмовіцца ад інтрыг, несумленных палітычных гульняў і накіраваць свае намаганні на пабудову справядлівага ў адносінах да ўсіх працоўных свету.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю