Top.Mail.Ru
257

Юрый Сянько: «Аграрыі прыклалі максімум намаганняў, каб сабраць вялікі беларускі каравай»

Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, узнагароджваючы найлепшых удзельнікаў жніва ў ААТ «Святая Воля» Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.



Як падкрэсліў лідар нацыянальнага прафцэнтра, умовы надвор'я ўнеслі свае карэктывы, але аграрыі паспяхова спраўляюцца са сваімі задачамі. Многія прадпрыемствы паказваюць нават лепшы вынік, чым у мінулым годзе. Сярод іх і ААТ «Святая Воля», дзе ўжо практычна завяршылі жніво.

- Гэта заслуга ўсіх работнікаў. І вельмі ганарова паціснуць руку найлепшым прадстаўнікам галіны, якія прыклалі свае намаганні, каб забяспечыць краіну хлебам, - падкрэсліў Юрый Сянько і дадаў, што прафсаюзы традыцыйна падчас уборачнай кампаніі аказваюць дапамогу аграрыям па ўсіх пытаннях - ад забеспячэння бяспечных умоў працы да ўшаноўвання найлепшых работнікаў.

Дарэчы, з пачатку ўборачнай кампаніі ўжо больш за 6 тысяч работнікаў адзначаны прафсаюзамі за добрасумленную працу. Гэта не толькі камбайнеры, але і вадзіцелі, работнікі зернесушыльных комплексаў, повары, якія адказваюць за арганізацыю харчавання хлебаробаў, і іншыя. У першую чаргу заахвочванне самых адказных і працавітых удзельнікаў жніва вядзецца галіновым прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу. Свой уклад у важную справу па ўшанаванні найлепшых работнікаў вёскі ўносіць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і прафсаюзы розных галін.

1.jpg

Трэба адзначыць, што на сёння ўжо тысячы работнікаў па праве ганарацца вынікамі сваёй працы. У краіне звыш 2 тысяч экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон, 188 перасягнулі двухтысячную мяжу, 17 – трохтысячную. Ёсць і безумоўныя лідары з вынікамі 4 і нават 7 тысяч тон. Акрамя таго, выдатныя вынікі ў рабоце паказваюць і многія вадзіцелі. Значны ўклад у агульны каравай уносяць працаўнікі, занятыя на сушцы збожжа. Задача прафсаюзаў - адзначыць кожнага з іх і тым самым яшчэ раз падкрэсліць: высакакласныя спецыялісты, людзі, якія адказна падыходзяць да сваёй працы, заўсёды былі і будуць у пашане.

Найважнейшую ролю ў падтрымцы работнікаў, стварэнні неабходных умоў працы, павышэнні заработнай платы адыгрываюць і калектыўныя дагаворы. Прафсаюзы настойваюць на ўключэнні ў гэтыя дакументы дадатковых бонусаў і гарантый: выдзяленне жылля, выплата значных сум матэрыяльнай дапамогі па тых ці іншых падставах, падтрымка маладых спецыялістаў і сем'яў і інш. Усё гэта не толькі матывуе работнікаў на якасную працу, але і дапамагае ў іх замацаванні на працоўных месцах.

Практыка работы ААТ "Святая воля" яшчэ раз пацвярджае рэзультатыўнасць такога падыходу. Маладым спецыялістам тут выдзяляецца новае добраўпарадкаванае жыллё, ствараюцца неабходныя ўмовы для працы і жыцця ў цэлым. У выніку моладзь з задавальненнем застаецца жыць у вёсцы. Адзін з прыкладаў - аграном гаспадаркі Віталь Амбрамчук і яго нявеста Марыя Лярко: у найбліжэйшыя дні яны збіраюцца пабрацца шлюбам. Ім ужо выдзелены сучасны дом. І маладыя людзі з упэўненасцю гавораць, што з задавальненнем застануцца тут жыць і працаваць. Дарэчы, падарунак да вяселля і наваселля маладая пара атрымала і ад прафсаюзаў: Юрый Сянько ўручыў ім сертыфікат на набыццё тэлевізара.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю