Будаўніцтва і рэканструкцыя аб’ектаў у Шклове, якія ў красавіку ў ходзе рабочай паездкі наведваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, вядзецца ў адпаведнасці з прадугледжаным графікам. Адставання па тэрмінах няма. Аб гэтым па выніках даклада кіраўніку дзяржавы расказаў журналістам Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў.
Адказваючы на пытанне журналістаў, якія аб’екты ў цэнтры ўвагі ў Шклоўскім раёне, дзе актыўна працуе Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта, Юрый Назараў нагадаў аб нядаўнім наведванні кіраўніком дзяржавы раённага цэнтра: «Мы яму паказвалі тры нашы аб’екты: сельгастэхніку, камбікормавы завод і будаўніцтва новага малакаперапрацоўчага завода. Сёння яму было даложана аб стане. спраў на гэтых аб’ектах. Заўтра мы там праводзім вялікую нараду сумесна з аблвыканкамам».
«У прынцыпе Прэзідэнт застаўся задаволены дакладам. Таму што мы па тым, што абяцалі, ідзём у графіках і тэрмінах», — заявіў Юрый Назараў.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Шклоў ставіў задачу зрабіць там узорнапаказальныя як асобна ўзятыя аб’екты, так і раён у цэлым. Выбар менавіта на гэты раён паў таму, што кіраўнік дзяржавы асабіста на працягу многіх гадоў ведае абстаноўку на гэтай тэрыторыі і па кожным асобным прадпрыемстве або аб’екце. Задача — стварыць узор для тыражавання ў маштабах усёй краіны. «Мы пастаянна гаворым, што Беларусь будзе развівацца за кошт рэгіёнаў», — падкрэсліваў Прэзідэнт, будучы ў Шклове.
Дарэчы, яшчэ адна новая, але ўжо зарэкамендаваўшая сябе эфектыўная практыка — правядзенне кіраўніком дзяржавы выязных семінараў па розных важных тэмах. Гэта таксама накіравана на тое, каб маштабаваць перадавы вопыт.
Аб маштабнай рэканструкцыі на аграсэрвісе
Калі кіраўнік дзяржавы наведваў пляцоўку аграсэрвісу ў красавіку, там яшчэ вяліся работы па зносе некаторых будынкаў. Стаіць задача стварыць на гэтым месцы пляцоўку для рамонту сельгастэхнікі, якая б адпавядала ўсім сучасным патрабаванням. «Мы ўзялі пляцоў-ку былога аграсэрвісу. Мы там практычна ўсё развалілі (размова аб зносе будынкаў. — „Зв.“) Цяпер мы створым сучаснае прадпрыемства для таго, каб абслугоўваць у зімовы перыяд усю тэхніку, якая задзейнічана сёння ў сельгасвытворчасці», — сказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта.
Гэты аб’ект у тым ліку павінен быць паказальным і служыць узорам для іншых рэгіё-наў. Юрый Назараў растлумачыў, навошта патрэбна такая маштабная рэканструкцыя, на прыкладзе аграхолдынга «Купалаўскае», які ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва спраў Прэзі-дэнта. Да прадпрыемства не так даўно далучылі шэраг гаспадарак, дзе ёсць свая рамонтная база і яна ў даволі добрым стане, але не зусім адпавядае менавіта сучасным патрабаванням. «Мы сёння выкарыстоўваем абсалютна іншую тэхніку. Гэта магутныя энерганасычаныя трактары, шыроказахопная прычапная тэхніка. І ў тых умовах тых майстэрняў, якія ёсць, не заўсёды можна забяспечыць яе рамонт. Яна займае вялікую прастору. І пакуль прыбярэш культыватар, немагчыма загнаць трактар, — адзначыў ён. — Таму нашы падыходы па гэтым аграсэрвісе іншыя. Мы робім вялікую крытую пляцоўку, добры будынак, дзе можна якасна правесці ўвесь рамонт. Фішка гэтага ў тым, што мы за зіму павінны падрыхтаваць усю тэхні-ку да пачатку вясновых работ. Калі ў неадпаведных умовах яе рыхтуеш, не заўсёды і якасна праводзяцца работы. Таму задача зрабіць якасна работы ў той перыяд часу, калі тэхніка не задзейнічана».
Аб камбікормавым заводзе, які будзе працаваць на ўвесь раён
Рэканструкцыю камбікормавага завода Юрый Назараў назваў вельмі важнай задачай, якую неабходна завяршыць своечасова. Ужо хутка стартуе масавая ўборка збожжавых, і завод павінен быць гатовы да прыёмкі сыравіны.
«Мы мадэрнізавалі абсталяванне. Самае галоўнае, што мы зрабілі там — аднавілі ёмістасці для захоўвання збожжа», — сказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта.
«Сёння гэты аб’ект будзе працаваць не толькі на нашы прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад холдынгу (гаворка аб холдынгу „Купалаўскае“. — Зв.). Гэты аб’ект па сутнасці будзе працаваць на Шклоўскі раён — забяспечваць кармамі пагалоўе жывёлы», — сказаў Юрый Назараў.
Аб будаўніцтве новага малакаперапрацоўчага завода

«Малакаперапрацоўчы завод — гэта абсалютна новая вытворчасць. Мы маем у Шклове невялікі завод па перапрацоўцы малака. А гэта будуецца на новай пляцоўцы абсалютна новы сучасны завод, — сказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта. — Заўтра мы разгледзім пытанні. Ёсць пэўныя праблемныя моманты. Мы іх, думаю, адшліфуем. Мы намячалі сабе графік правядзення работ. У прынцыпе, мы ідзём у графіку».
Юрый Назараў расказаў, што ўжо зроблена перадаплата на абсталяванне для завода і ёсць упэўненасць, што яно будзе паступаць у тыя тэрміны, калі пад яго будуць гатовы адпаведныя пляцоўкі.
Адказваючы на пытанне, ці ёсць дастатковая сыравінная база для новай вытворчасці, кіраўнік спраў расказаў, што ў тым ліку цяпер на этапе будаўніцтва новага прадпрыемства і ў перыяд яго вываду на праектную магутнасць будуць весціся работы па павышэнні прадукцыйнасці малочнага статка
Як паведамлялася, у Шклове будуецца малакаперапрацоўчы завод вытворчай магутнасцю па сыравіне 300 т малака за суткі. Аб’ект абяцаюць узвесці за год і ўвесці ў эксплуатацыю да канца 2026-га. Зараз у горадзе ўжо працуе малакаперапрацоўчае прадпрыемства — Шклоўскі масларобны завод. Як дакладвалі Прэзідэнту, там штодзень перапрацоўваецца 100 т малака. У асноўным вырабляецца натуральнамалочная прадукцыя.
Аляксандр Лукашэнка пры наведванні ў красавіку даручыў падумаць, як паступіць з гэтай пляцоўкай пасля ўвядзення ў строй новай вытворчасці: «Цяпер не трэба чапаць, няхай працуюць. Як толькі мы пераходзім сюды ў 2026 годзе, ніякіх двух заводаў быць не можа. Усё малако мы тут перапрацуем. А цяпер няхай працуюць». Ён таксама даручаў добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол новага прадпрыемства.
Фота БелТА