Top.Mail.Ru

Юрый Назараў: Неабходна фарміраваць комплексныя турыстычныя прадукты для развіцця індустрыі гасціннасці

Інвестыцыі ў адпачынак


У Беларусі ёсць усе базавыя складнікі для цудоўнага адпачынку. Краіна спакойная, бяспечная, ёсць шмат унікальных прыродных куточкаў, якія, з аднаго боку, практычна не закрануты антрапагеннымі фактарамі, з іншага — акружаны цалкам якаснай інфраструктурай: транспартнай, сувязі, прыдарожнага сэрвісу... Таму ўсе перадумовы для павышэння долі індустрыі гасціннасці ў ВУП да 4,5 працэнта дасягальныя — як за кошт павышэння колькасці і працягласці падарожжаў гасцей нашай краіны, так і за кошт развіцця ўнутранага турызму. Іншае пытанне, што неабходна ўсе нашы наяўныя турыстычныя рэсурсы расквеціць дадатковымі эмоцыямі. Бо менавіта яны і прадаюцца адпачывальнікам.

У турыстычнай паслугі па вялікім рахунку два важныя складнікі: камфорт і эмоцыі, уражанні. Як адзначыў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, турыстычная інфраструктура ў краіне ў цэлым створана. І на дастаткова высокім узроўні. Ёсць шырокі спектр размяшчэння, у тым ліку павышанай камфортнасці і нават VІP-узроўню. Гэтаму стала пацвярджэннем і рабочая паездка Юрыя Назарава ў Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». У раёне — больш за 100 турыстычных аб’ектаў: стаянкі, сядзібы, гасцініцы, кемпінгі. У сістэме Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта — турбаза «Дрывяты» і база адпачынку «Золава».


У абодва аб’екты былі ўкладзены значныя інвестыцыі. У «Дрывятах» мадэрнізавалі першы корпус, фактычна стварылі новы лазневы комплекс: з парыльняй, саўнай, пакоямі адпачынку, джакузі і нават маленькім фантанам, вакол якога — лежакі. У «Золаве» пабудавалі новыя катэджы з дызайнерскімі рашэннямі ўнутры. Усё вельмі дыхтоўна, прэстыжна, прывабна, дагледжаная тэрыторыя вакол... Ёсць чым ганарыцца.


Але такія праекты патрабуюць значных інвестыцыйных затрат. І яны павінны акупляцца. Па перакананні Юрыя Назарава, патрыятызм павінен быць, але не мае права адрывацца ад эканомікі. Укладанні павінны быць акупнымі. Насамрэч грошы на праекты ў сферы турызму ёсць, аднак іх выкарыстанне неабходна старанна пралічваць. Таму ў час рабочай паездкі Юрый Назараў акцэнтаваў увагу на стратэгічным развіцці і канкрэтных аб’ектаў, і тэрыторыі ў цэлым. Балазе, у яго як у кіраўніка ёсць дастаткова багаты вопыт па гэтым кірунку.

Ён адзначыў: камфорт у сродках размяшчэння — важны складнік. Але справядліва дадаў: патэнцыяльныя ж турысты жывуць у цалкам годных умовах! Кабельнае тэлебачанне ў нумары, інтэрнэт і розныя іншыя опцыі па сутнасці ўжо з’яўляюцца стандартам нашага быцця. У якой бы геаграфічнай плоскасці мы не знаходзіліся. Прынамсі, у межах Беларусі. І задача турыстычных менеджараў сфарміраваць тыя прычыны, каб жыхару буйнога горада захацелася паехаць на Браслаўскія азёры або ў іншы запаведны куток Беларусі. Неабходна сёння зрабіць акцэнт на паслугі, якія б выклікалі эмоцыі і ўражанні. Словам, трэба выбудоўваць ланцужок: унікальная прырода — камфортныя сродкі размяшчэння — паслугі, якія робяць праведзеныя ў гэтым геаграфічным пункце дні незабыўнымі.


Апошняе пытанне, насамрэч, з’яўляецца дастаткова шматслойным, крэатыўным, цікавым. І вельмі складаным у сілу сваёй шматузроўневасці. Адназначна неабходна вывучаць і, самае галоўнае, ствараць інфармацыйную абвязку родных запаведнікаў. Ды і ў цэлым прыродных угоддзяў. Відавочна, пункты прыкладання намаганняў ёсць. Усе ведаюць зубра. Але ў нас ёсць і іншыя знакавыя жывёлы. Напрыклад, рысь.

Вялікая кошка, вагой да 20 кілаграмаў, вызначаецца адметнасцю — яна есць толькі свежае мяса. Гэта прыродная ўласцівасць зрабіла яе аб’ектам знішчэння людзей: ніводны паляўнічы не шкадаваў некалі патрона на рысь, якая нішчыла (з яго пункту гледжання) законную здабычу: зайцаў, казуль і іншых жывёл. У выніку папуляцыя гэтай прыгожай кошкі скарацілася да мінімуму. Хоць калісьці тэрыторыі яе пасялення распасціраліся ад Эгейскага мора да Кольскага паўвострава. Рысь — жывёла міфічная ў многіх старажытных культурах. Скандынавы былі перакананы: некаторыя іх багі раз’язджаюць у запрэжках з гэтых вялікіх катоў. Грэкі лічылі, што рысь сваімі жоўтымі вачыма бачыць чалавека наскрозь, пранікаючы яму ў самую душу. У тым ліку і «дзякуючы» (мабыць) такім звышнатуральным здольнасцям рысь вынішчалася неміласэрна. І стала чырванакніжнай жывёлай, а ў шматлікіх абласцях свайго традыцыйнага пасялення знікла зусім. У Беларусі з прычыны аховы жывёльнага свету папуляцыя гэтай кошкі дасягнула амаль 2000 асобін. Яе канцэнтрацыя тут з’яўляецца, мабыць, самай магутнай у свеце. Прызнаюся, пакуль не заняўся гэтай праблематыкай, сам не меркаваў, што ў гэтай жывёлы такая багатая і трагічная генеалогія і гісторыя. Ці можа яна быць крыніцай прыцягнення для турыстаў?


Так. Калі яе правільна паднесці. І стварыць пэўную аўру, на якую будзе абапірацца шырокі спектр паслуг. І я не пра паляванне. Паглядзець рысь у жывой прыродзе (а не ў заапарку), пахадзіць па яе сцежках, акунуцца ў містыку гэтай жывёлы... І заадно добра і з пазнаваўчай карысцю правесці час. Гэта толькі адзін з прыкладаў.

Юрый Назараў адзначыў, што неабходна насычаць турыстычныя аб’екты паслугамі: культурнымі, экалагічнымі, развіваць кулінарны турызм, праводзіць падзейныя мерапрыемствы... Ён аб’ектыўна заўважыў: ёсць праблема круглы год загружаць некаторыя аб’екты размяшчэння. У высокі сезон (май — верасень) гэты паказчык складае 80-100 працэнтаў. У халодныя месяцы — сур’ёзны спад. Таму неабходна фарміраваць спектр паслуг — «магніты» для круглагадовай «занятасці» такіх аб’ектаў. Дарэчы, санаторыі і прафілакторыі ў значна меншай ступені залежаць ад сезоннасці: эканамічны эфект дае сімбіёз медыцынска-аздараўленчых паслуг і размяшчэння. І неабходна аналагічную канцэпцыю рэалізоўваць вакол іншых аб’ектаў, каб нарошчваць абарот за кошт шырокага спектра спадарожных паслуг. Іншае пытанне, што трэба актыўна рэалізоўваць разнастайныя праекты на тых ці іншых турыстычных пляцоўках, ацэньваць іх інвестыцыйны і эканамічны эфект і зыходзячы з гэтага прымаць рашэнні аб маштабаванні ў рамках краіны.



Даведачна 

У сістэму Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уваходзяць пяць дзяржаўных прыродаахоўных устаноў (чатыры нацыянальныя паркі і біясферны запаведнік). Агульная плошча названых угоддзяў складае каля 800 тыс. гектараў.

За 2025 год даходы ад турыстычнай дзейнасці прыродаахоўных устаноў склалі больш за 36,5 млн рублёў і павялічыліся за апошнія пяць гадоў у 2,2 раза. 

Колькасць турыстаў, якія наведалі нацыянальныя паркі і запаведнік у 2025 годзе, склала каля мільёна чалавек і павялічылася на 100 тыс. чалавек да паказчыкаў пазалетась. Больш як у два разы да 2024-га ўзрасла колькасць замежных турыстаў і склала звыш 217 тыс. чалавек.

Асаблівая ўвага ў прыродаахоўных установах Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта ўдзяляецца падзейнаму турызму шляхам правядзення рэгулярных мерапрыемстваў. Сёння многія жыхары нашай краіны, ды і не толькі, ведаюць пра такія культурна-відовішчныя мерапрыемствы, як «Навагоднія імпрэзы ў маёнтку Дзеда Мароза» ў ДПУ «НП «Белавежская пушча», «Шлях Цмока» ў ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік», «Кліч Палесся» ў ДПУ «НП «Прыпяцкі», якія знайшлі сваю аўдыторыю.

Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта праводзіць актыўную работу па арганізацыі на тэрыторыі ДПУ «НП «Белавежская пушча» новай флагманскай падзеі — міжнароднага фестывалю «Зубр Фэст», які павінен стаць штогадовым вераснёўскім мерапрыемствам і павысіць турыстычную і інвестыцыйную прывабнасць нацыянальнага парку.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю