Top.Mail.Ru

Юрый Марэцкі: Дапамагчы, разабрацца ў сітуацыі, не парушаючы заканадаўства

Да выбрання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Юрый Марэцкі праходзіў службу ў Лагойску, а затым доўгі час у Смалявічах — займаў пасаду ваеннага камісара Смалявіцкага раёна і горада Жодзіна. «Таму і атрымліваецца, што са сваёй выбарчай акругай я ўжо быў знаёмы не па чутках. Людзі мяне ведалі, таму мне было лёгка вылучыць сваю кандыдатуру і заручыцца падтрымкай выбаршчыкаў». Сёння ў склад далёка не маленькай Жодзінскай 64-й акругі акрамя аднайменнага горада з насельніцтвам 63 тысячы чалавек уваходзіць і сем сельсаветаў Смалявіцкага раёна (прыкладна 15 тысяч чалавек). Падрабязней аб тым, чым сёння жыве мясцовая выбарчая акруга, Юрый Браніслававіч расказаў карэспандэнту «Звязды».


— З чым прыходзяць жыхары акругі на прыёмы да дэпутата? Наколькі народныя выбраннікі даступныя для сваіх выбаршчыкаў? 

— Што датычыцца даступнасці, мой мабільны тэлефон і тэлефон памочніка заўсёды адкрыты для выбаршчыкаў. Пытанні ж паступаюць самыя розныя. У асноўным людзей хвалююць праблемы ЖКГ, аховы здароўя і аўтапарка. Гэта тры асноўныя вектары зваротаў. Акрамя таго, нярэдка выбаршчыкі прыходзяць і з зямельнымі пытаннямі. Як па мне, гэта самая складаная катэгорыя зваротаў, якую цяжка ўрэгуляваць мірна, паколькі адзін з бакоў, як правіла, не хоча вырашаць пытанне законным шляхам. Звяртаюцца і з жыццёвымі пытаннямі, напрыклад, уладкаваць дзіця ў садок або школу.

Я часта пытаюся: «А да мяне вы да каго-небудзь хадзілі на прыём? Ці ўсе прыступкі прайшлі?» — і практычна заўсёды атрымліваю адмоўны адказ. Людзі кажуць: «Не, не хадзілі, бо ведаем: калі прыедзем да вас, пытанне адразу ж пачне вырашацца». А ў цэлым мне лёгка працаваць з людзьмі, многіх ведаю ўжо даволі працяглы час. Ды і яны ведаюць: я заўсёды паспрабую дапамагчы, разабрацца ў сітуацыі, пры гэтым не парушаючы заканадаўства.

— Работа ў акрузе — гэта ж не толькі прыёмы і гарачыя лініі?

— Безумоўна, наша работа не абмяжоўваецца аднымі прамымі тэлефоннымі лініямі і асабістымі прыёмамі грамадзян. На тэрыторыі акругі размяшчаецца адно з найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў — ААТ «БЕЛАЗ» — і многія іншыя. Як мінімум раз на месяц праводжу сустрэчы з калектывамі, арганізоўваю дыялогавыя пляцоўкі. На адным з прадпрыемстваў, напрыклад, рабочыя звярнуліся з пытаннем арганізацыі аўтобуснага маршруту. Час, па якім ён хадзіў, не дазваляў своечасова дабрацца да месца работы. Пытанне было вырашана сумесна з кіраўніцтвам прадпрыемства.

Бываючы ў акрузе, нярэдка праводжу сустрэчы з прыватным бізнесам. Апошнім разам арганізоўваў дыялогавую пляцоўку па змяненнях у Падатковы кодэкс. Цікавіўся ў прадпрымальнікаў: што трэба змяніць, што б яны хацелі бачыць? 

Акрамя гэтага, цяпер вырашаю пытанне ўстаноўкі апарата МРТ. У Жодзіне, чыё насельніцтва налічвае 63 тысячы чалавек, дагэтуль няма свайго апарата МРТ. Людзі вымушаны ездзіць у Барысаў, які выдзяляе па восем талонаў у месяц на ўвесь наш горад. З гэтым пытаннем звяртаўся да старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталлі Якубіцкай. Цяпер пытанне ўстаноўкі апарата МРТ на нашым агульным кантролі.

Асабліваю ўвагу заўсёды ўдзяляю рабоце з моладдзю. Разам з нашым маладзёжным парламентарыем Рамілем Іскендэравым ладзім сустрэчы ва ўстановах адукацыі, арганізуем дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы і іншыя сумесныя мерапрыемствы.

— Улічваючы вопыт вашай мінулай работы, ці даводзіцца праводзіць сустрэчы з юнакамі, расказваць пра важнасць праходжання службы ва Узброеных Сілах? Ці варта ўвогуле баяцца ісці ў армію?

— Прайсці службу ва Узброеных Сілах важна для кожнага маладога чалавека. У арміі юнакі загартоўваюцца, атрымліваюць карысны жыццёвы вопыт. Я магу прывесці шмат прыкладаў з маёй практыкі, але адзін мне запомніўся дагэтуль. Аднойчы да мяне прыйшлі бабуля з унукам з пасёлка Кастрычніцкі Смалявіцкага раёна. Жанчына наракала: «Вось як я буду далей, калі ўнука ў армію забяруць? Мне без яго будзе цяжка». Тады я папрасіў яе не перажываць і не хвалявацца, бо пасля праходжання службы юнак вернецца ўжо ўзмужнелым і дарослым чалавекам.

Пасля прызыву яго прызначылі на пасаду кухара. Тады жанчына зноў прыйшла да мяне, прасіла перавесці яго на іншую пасаду. Я сказаў ёй, раз камандзір вызначыў, так і павінна быць. Пасля заканчэння службы малады чалавек прыехаў у ваенкамат станавіцца на воінскі ўлік. Узмужнелы і пасталелы, ён вёз букет кветак для сваёй бабулі. Праз тыдзень яна прыехала да мяне і шчыра дзякавала. Жанчына не чакала, што армія сапраўды зменіць яе ўнука: «Ён і так у мяне быў добры, але я і падумаць не магла, як моцна ён зменіцца, прычым у лепшы бок!» Як аказалася, ні жанчына, ні яе ўнук ні аб чым не шкадуюць.

Асаблівую ўвагу заўсёды ўдзяляем медыцынскім паказанням прызыўніка. Зразумела, што, калі ёсць якія-небудзь праблемы са здароўем, мы не адправім юнака на службу ў сілы спецыяльных аперацый, дзе ідзе вялікая нагрузка, а накіруем яго, напрыклад, у войскі сувязі.

Баяцца служыць дакладна не варта — ва Узброеных Сілах маладыя людзі атрымліваюць каштоўны жыццёвы вопыт, а ўчарашнія школьнікі атрымліваюць ваенна-ўліковую спецыяльнасць, становяцца мужчынамі і сапраўднымі абаронцамі сваёй Айчыны.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з архіва Юрыя МАРЭЦКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю