Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў у праграме «Актуальнае інтэрв’ю» на тэлеканале «Першы інфармацыйны» расказаў, як праходзіць уборачная кампанія ў Беларусі і на які ўраджай агародніны можна разлічваць.
Тэмпы ўборкі дэманструюць рост дзякуючы паляпшэнню ўмоў надвор’я. Завяршаецца ўборка рапсу. Большасць камбайнаў будзе перакінута на ўборку збожжавых і зернебабовых. Механізатары і кіраўнікі гаспадарак неаднаразова казалі, што дождж на ўраджайнасць асабліва не паўплываў. Раслінам патрэбна вільгаць, і таму ўраджайнасць атрымалася вышэйшая за леташнюю.
«Дзякуючы дажджам, якія праходзілі ў чэрвені і ліпені, адбыўся наліў збожжа. За кошт той вільгаці, якая ў нас была, мы атрымліваем вялікую ўраджайнасць збожжа. Колас добры. Збожжа мае большую масу, чым у 2024 годзе», — падкрэсліў Юрый Горлаў.
Ён адзначыў, што ў краіне выйшлі на аптымальную структуру сяўбы азімых збожжавых, якія даюць большую ўраджайнасць. На іх робяць стаўку ў збожжавым кліне (займаюць, як правіла, каля 65 %).
«Асцярожна падыходзілі да апрацоўкі азімага ячменю, і сёння выйшлі ўжо на тую аптымальную структуру сяўбы, якая патрабуецца нам для таго, каб раней убраць гэту культуру і падрыхтаваць палі для сяўбы рапсу, якая ўжо надыходзіць днямі», — сказаў міністр.
Галоўнае ў жніве — убраць ураджай без страт. Асобная ўвага — палеглым участкам. «У нас іх сёлета няшмат, але, тым не менш, ёсць. І ў першую чаргу там, дзе забалочаныя месцы. Гэтую палегліцу трэба хутка ўбраць, таму што пад уздзеяннем вільгаці прарастае трава. Адпаведна, будуць цяжкасці ва ўборцы, могуць быць вялікія страты», — адзначыў Юрый Горлаў.
Адказваючы на пытанне аб ураджаі іншых культур, класічным наборы «для баршчу», Юрый Горлаў адзначыў: «Адназначна краіна будзе з агароднінай. Так, у пачатку года замаразкі нас не парадавалі, загінула частка пасеваў, але, тым не менш, расце добрая бульба на палях — недзе каля 1 млн т павінны атрымаць у сельскагаспадарчым сектары. Адпаведна, і морква, і буракі, і цыбуля — тыя культуры, росту якіх сёння надвор’е спрыяе».
Міністр дадаў, што ў аграрыяў дастаткова сродкаў, каб сабраць ураджай у тэрмін. Будуць падрыхтаваны сховішчы да закладкі агародніны на міжсезонны перыяд. Бульбы плануецца атрымаць больш за леташні ўзровень.
Ход уборкі збожжавых, зернебабовых, рапсу знаходзіцца на пастаянным кантролі. «Настрой у людзей добры. Ёсць што ўбіраць. Добры стаіць ураджай. Усе разумеем, што кожны з нас працаваў не дарма», — дадаў Юрый Горлаў.
Усе пытанні вырашаны. Сельгаспрадпрыемствы забяспечаны палівам, сёлета закупілі 567 новых збожжаўборачных камбайнаў. «І работа па закупцы энерганасычаных трактароў, усяго таго, што неабходна для нашых аграрыяў, прадаўжаецца», — дадаў Юрый Горлаў.
Паводле БелТА
Фота БелТА