У пачатку года беларуская эканоміка сутыкнулася з шэрагам складанасцяў, прызнаў у гутарцы з журналістамі перад выніковай калегіяй ведамства міністр эканомікі Юрый Чабатар, але прыняты шэраг выразных рашэнняў па штотыднёвым адсочванні аб’ёмаў экспарту, прамысловай вытворчасці, якія павінны даць свае вынікі ў бліжэйшыя месяцы.
Кіраўнік эканамічнага ведамства адзначыў, што сёння для росту ёсць сур’ёзныя зачыны ў будаўніцтве і рэалізацыі інвестыцыйных праграм. Ён адзначыў, што па камерцыйных праектах кардынальна спрошчаны доступ суб’ектаў да камфортных крыніц фінансавання. У тым ліку праз пляцоўку Беларускага Фонду падтрымкі прадпрымальнікаў. Створана матрыца крэдытных прадуктаў у залежнасці ад рэгіёна і тэхналагічнай прыярытэтнасці для краіны. Таксама Юрый Чабатар адзначыў, што глыбока і падрабязна разабраліся з інфраструктурнымі праектамі. Ёсць дакладнае і абгрунтаванае разуменне, што і дзе будаваць.
У частцы экспартных паставак вядзецца планамерная работа па паляпшэнні яго якасці. Укаранёны прынцып дзяржаўнай падтрымкі — «далей рынак і складаней прадукцыя, больш кампенсацыя з бюджэту». Працягваецца работа па стымуляванні ўнутранага попыту. Для стымулявання продажаў айчынных тавараў летась пашыраны пералік арганізацый і прадукцыі ўдзельнікаў праграмы «На родныя тавары».
Адным са значных вынікаў дзейнасці Міністэрства эканомікі ў мінулым годзе Юрый Чабатар адзначыў фарміраванне базы стратэгічных дакументаў на сярэдне- і доўгатэрміновы перыяд. У прыватнасці, была адобрана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2040 года, была зацверджана на Усебеларускім народным сходзе Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 гады, прайшлі абарону 28 дзяржаўных і 17 галіновых праграм.
Па перакананні Юрыя Чабатара, усе рэцэпты для развіцця эканомікі вызначаны. На яго думку, неабходна, у першую чаргу, выразна і безумоўна рэалізаваць мэты і задачы прынятых праграмных дакументаў. Другая важная задача — рэалізацыя інвестыцыйных праектаў. Як ён адзначыў, на сённяшні дзень ёсць звыш 800 перспектыўных бізнес-ідэй з аб’ёмам фінансавання на бягучую пяцігодку каля 37 мільярдаў беларускіх рублёў.
— І на год, а на пяцігодку ў цэлым зацверджаны задачы і падыходы, выпрацаваны механізмы іх дасягнення, вызначаны рэсурсы, — адзначыў міністр эканомікі. — Перад намі стаіць простая задача — рэалізаваць гэтыя планы.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ