Пра гэта заявіў міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР, выступаючы з дакладам на тэматычнай сесіі «Складанасці развіцця робататэхнічнай галіны ў Рэспубліцы Беларусь: прычыны і шляхі вырашэння» форуму «Тэхналагічны суверэнітэт: ІТ-рэсурс для прамысловасці».
Па словах міністра эканомікі, рашэнне гэтай задачы вядзецца адначасова па двух кірунках. Першы — стымуляванне ўкаранення прамысловых робатаў.
«Для гэтага адпаведныя паказчыкі заклалі ў галіновыя і рэгіянальныя праграмы на пяцігодку. Рэгулятарам і аблвыканкамам дадзена даручэнне ўжо да 1 сакавіка 2026 года падрыхтаваць планы мерапрыемстваў па ўкараненні робатаў», — расказаў Юрый Чабатар.
Таксама кіраўнік міністэрства паведаміў, што ў цяперашні час ідзе распрацоўка комплекснай праграмы, у рамках якой неабходна вырашыць задачы: у навукова-інавацыйнай сферы — сфарміраваць заданні навукова-тэхнічных праграм і дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў па робататэхніцы; у стандартызацыі і сертыфікацыі — распрацаваць стандарты ў галіне робатабудавання, спрасціць парадкі сертыфікацыі і дэкларавання адпаведнасці для робататэхнічнага абсталявання, якое ўвозіцца; у кадравай сферы — стварыць бесперапынную вертыкаль адукацыі (школа, каледж/ВНУ, вытворчасць).
Другі кірунак — развіццё ўласнай вытворчасці робатаў і іх інжынірынгу.
«Сёння ў нас фарміруюцца кампетэнцыі для вытворчасці дакладных рэдуктараў, сервапрывадаў, мікраэлектронікі і іншых кампанентаў, неабходных для стварэння айчыннага робата. Практыка паказала, што „жалеза“ займае ў кошце робататэхнічнай сістэмы 20-30 %. Асноўнае — праграмнае забеспячэнне і веданне таго, як увязаць робата ў тэхналагічны працэс, г. зн. інжынірынг. І гэтыя кампетэнцыі ў Беларусі ёсць. Прапануем працягваць іх развіваць на базе Парка высокіх тэхналогій. А ў далейшым магчыма паслядоўна развіваць айчынную вытворчасць камплектуючых», — растлумачыў Юрый Чабатар.
Таксама міністр эканомікі нагадаў аб існуючых стымулах для тых прадпрыемстваў, якія распрацоўваюць або ўкараняюць у свае вытворчыя працэсы робататэхніку.
Яна ВАЛАСАЧ.