Міністр эканомікі Юрый Чабатар на пасяджэнні Саюза некамерцыйных арганізацый «Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў)» прадставіў праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады, а таксама расказаў аб выкарыстанні стымулюючых мер пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у рэгіёнах, паведамілі ў прэс-службе эканамічнага ведамства.
Міністр нагадаў, што «моцныя рэгіёны» — адзін з дзяржаўных прыярытэтаў, закладзеных у Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны як у бягучай пяцігодцы, так і на наступныя пяць гадоў, а асноўным інструментам рэгіянальнага развіцця з’яўляецца рэалізацыя інвестпраектаў.
— Новыя вытворчасці ўмацоўваюць «рэгіянальны каркас» устойлівага развіцця краіны. У бягучай пяцігодцы асаблівы акцэнт быў зроблены на ініцыятыве «Адзін раён — адзін праект». Ужо рэалізавана больш за сотню праектаў, створана каля 4,9 тысячы новых працоўных месцаў, — адзначыў Юрый Чабатар.
Ён нагадаў, што з гэтага года забяспечана яе трансфармацыя і ўкараненне новай «Рэгіянальнай ініцыятывы», адметная асаблівасць якой — спрошчаны парадак адміністравання прыняцця рашэнняў.
— Мы бачым шырокую цікавасць з боку бізнесу: з пачатку года яе часткай стала каля 150 праектаў на больш чым 1,1 мільярда рублёў і стварэнне каля 2,6 тысячы працоўных месцаў, — паведаміў міністр эканомікі. — У 2026-м «Рэгіянальная ініцыятыва» атрымае далейшае развіццё. Крэдытны прадукт «Інвестыцыйнае развіццё» будзе трансфармаваны ў новыя крэдытныя прадукты, якія накіраваныя на рэалізацыю задач будучай пяцігодкі і адлюстроўваюць яе асноўныя прыярытэты: «Моцныя рэгіёны», «Тэхналагічная самадастатковасць» і «Турыстычны патэнцыял».
Таксама міністр эканомікі расказаў аб ходзе рэалізацыі кааперацыйных праектаў з Расійскай Федэрацыяй: у прыватнасці, рэалізуецца 26 праектаў, адзін завершаны, да канца года плануецца рэалізаваць яшчэ чатыры.
Юрый Чабатар адзначыў запатрабаванасць механізмаў абноўленага Закона «Аб інвестыцыях». На сённяшні дзень заключаны тры інвестыцыйныя дамовы на 2,6 мільярда рублёў, прыняты рашэнні аб рэалізацыі 24 прэферэнцыяльных інвестпраектаў на агульную суму каля 1,4 мільярда рублёў.
— Такім чынам, у краіне створаны і паспяхова функцыянуе поўны пакет падтрымкі прадпрыемстваў, які ўключае льготы, прэферэнцыі і фінансаванне, што паслужыць імпульсам для далейшага развіцця як рэгіёнаў, так і краіны ў цэлым, — сказаў на заканчэнне кіраўнік эканамічнага ведамства.