Спаборніцтвы паміж клубамі «Юны ратавальнік АСВОД», ваенна-патрыятычным клубам «Ратавальнiк» і «Зубр» прайшлі 21 мая ў Гімназіі № 42 г. Мінска.
Удзельнікі спаборнічалі паміж сабой у плаванні, эстафеце, ратаванні на вадзе, падачы выратавальнага круга на далёкасць, пошуку і ўзняцці з дна басейна прадметаў, а таксама ў аказанні першай даўрачэбнай дапамогі.

На мерапрыемстве прысутнічаў намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Алег Корзун. Паводле яго слоў, вельмі важна, каб дзеці не толькі паспаборнічалі, але і пасябравалі, падзяліліся сваім вопытам.
— На ўдзельнікаў прыемна глядзець: вочы гараць, ёсць рызыка і імкненне да таго, каб навучыцца ратаваць людзей на вадзе. Такія мерапрыемствы ярка сведчаць аб тым, што мы ідзём у патрэбным напрамку, — сказаў на заканчэнне ён.

Падзялілася сваімі думкамі і кіраўнік фізічнага выхавання Гімназіі № 42 г. Мінска Вольга Нікалаюк.
— Вясной гэтага года на базе нашай школы адкрыўся клуб «Юны ратавальнік АСВОД» . У спаборніцтвах удзельнічаем ужо другі раз. Дзеці з вялікай цікавасцю ставяцца да такіх актыўнасцей. Для іх галоўнае навучыцца аказваць дапамогу на вадзе. Многія выязджаюць летам на вадаёмы і хочуць быць гатовымі да экстранных сітуацый. Таксама для некаторых гэта з’яўляецца і вызначанай прафарыентацыяй. Нярэдка пасля такіх клубаў рабяты ў сур’ёз задумваюццанад прафесіяй ратавальніка, — адзначыла яна.

У будучыні такія спаборніцтвы плануюць развіваць і нават выводзіць на міжнародны ўзровень.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара