Top.Mail.Ru

17 жніўня ваенны камісарыят Гродзенскай вобласці адзначыў юбілей

Ваенны камісарыят Гродзенскай вобласці доўгі час лічыў датай свайго заснавання 8 кастрычніка 1944 года. Аднак у 2019—2020 гг. была праведзена вялікая пошукавая работа. У архівах знайшлі дакументы, якія пацвярджаюць, што Гродзенскі губернскі ваенны камісарыят быў сфарміраваны ўжо 17 жніўня 1920 года. Уласны карэспандэнт «Звязды» адправіўся ў камісарыят, каб даведацца, чым сёння жыве арганізацыя і з якімі поспехамі прыйшла да юбілею.



Каля вытокаў

Былі знойдзены арыгіналы загадаў, якія пацвярджалі фарміраванне Гродзенскага губернскага ваеннага камісарыята 17 жніўня 1920 года. Пасля дбайнай падрыхтоўкі дакументаў і абгрунтаванняў у 2023 годзе загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь датай утварэння ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці было вызначана 17 жніўня, расказаў камісар Гродзенскай вобласці Вячаслаў Раманенка. Каля вытокаў стварэння і ўмацавання Гродзенскага губернскага ваенкамата стаялі людзі розных слаёў грамадства і веравызнання, але аб’ядноўвала іх імкненне да выканання ўскладзеных задач.

— Нельга забываць пра тых людзей, якія стваралі ваенны камісарыят у 1920 гады. Яны закладалі аснову воінскага ўліку, прызыву і арганізацыі работы ваеннага камісарыята. Захаванне гістарычнай памяці — вельмі важная задача. Мы шануем і паважаем спадчыну продкаў. Выказваю вялікую падзяку ветэранам ваеннага камісарыята за іх уклад у станаўленне і развіццё сістэмы ваенных камісарыятаў Гродзенскай вобласці. Таксама хачу падзякаваць асабоваму складу, які зараз праходзіць службу і працуе ў сістэме ваенных камісарыятаў, асабліва жанчынам, якія з гонарам і годнасцю выконваюць ускладзеныя на іх задачы. Дзякуй вам за вашу працу і ўклад ва ўдасканаленне сістэмы ваенных камісарыятаў!

IMG_4846(2).JPG

У ваенных камісарыятах Гродзенскай вобласці прымяняюцца сучасныя метады работы з прызыўнікамі і ваеннаабавязанымі. Гэта выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, арганізацыя актыўна прадстаўлена ў сацыяльных сетках і СМІ. У рабоце ваенных камісарыятаў паспяхова прымяняецца аўтаматызаваная сістэма кіравання, электронная база ўліку і сучасныя каналы сувязі. Прызыўнікі праходзяць адбор па розных крытэрыях, рыхтуючыся да выканання разнастайных задач ва Узброеных Сілах.

— Нельга сказаць, што сучасныя прызыўнікі дрэнныя ці добрыя. Проста яны іншыя. Гэта звязана з тым, што мы жывём у іншы перыяд часу. Проста трэба з імі размаўляць, тлумачыць, даводзіць інфармацыю, захапляць. Неабходна выкарыстоўваць тыя спосабы і формы, якія яны ўспрымаюць і вітаюць. Тады мы ўбачым, што ў іх кругагляд шырэйшы, чым здаецца старэйшаму пакаленню, — адзначыў камісар.

За апошнія некалькі гадоў назіраецца значны рост колькасці маладых людзей, якія жадаюць служыць па кантракце. Калі 2-3 гады таму было 400-500 чалавек, то зараз лічба дасягае 1500. Гэты добраахвотны выбар гаворыць аб павышанай цікавасці да службы ва Узброеных Сілах.

IMG_6981.jpg

А навошта ісці служыць?

Тыя, хто прайшоў праз службу, адзначаюць, што яна змяніла іх погляд на свет. Пачуццё таварыства, абавязку і адказнасці становяцца важнымі каштоўнасцямі. Служба фарміруе сапраўдных мужчын, гатовых абараняць сваіх блізкіх і родную краіну.

— Прызыўнікі адзначаюць, што служба ў войску не толькі дае пэўныя навыкі, але і фарміруе асобу, гатовую да абароны роднай зямлі ў любых абставінах. Моладзь, якая прайшла службу, заклікана выкарыстоўваць свае навыкі ў інтарэсах грамадства.

Важна падкрэсліць, што падтрымка сям’і ў вырашэнні пытанняў аб службе з’яўляецца ключавым момантам. Заканадаўства дае магчымасць кожнаму прызыўніку атрымаць прафесійныя навыкі і спецыяльнасць, а пасля гэтага пайсці служыць ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь і іншыя воінскія фарміраванні.

Больш складана, чым здаецца

На першы погляд можна падумаць, што ў камісарыяце проста адпраўляюць людзей на службу. Аднак гэта не так. Арганізацыя выконвае шэраг важных задач. Вядзенне ваенна-ўліковай і мабілізацыйнай работы, вырашэнне пытанняў тэрытарыяльнай абароны, сацыяльная абарона асобных катэгорый грамадзян. Акрамя таго, ідзе прыпіска грамадзян да прызыўных участкаў, работа па медыцынскім аглядзе, падтрыманне і аздараўленне прыпісаных юнакоў, а таксама даследчая дзейнасць.

— Важным кірункам дзейнасці з’яўляецца патрыятычнае выхаванне моладзі. У Гродзенскай вобласці створана 9 цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі, функцыянуе кадэцкае вучылішча, працуюць клубы ваенна-патрыятычнай накіраванасці пры воінскіх часцях. Сумесна з імі праводзяцца летнія ваенна-патрыятычныя лагеры на базе. Праходзяць дні адкрытых дзвярэй, выязныя акцыі. Стараемся максімальна быць у кантакце з моладдзю.

Такім чынам, сістэмная работа па ваенна-патрыятычным выхаванні і падрыхтоўцы да службы прыносіць свой плён, спрыяючы фарміраванню грамадзянскай адказнасці і гатоўнасці абараняць інтарэсы Радзімы.

IMG_7014.jpg

Згуртаваны калектыў

Вячаслаў Раманенка адзначыў, што галоўнае дасягненне — гэта згуртаваны і працаздольны калектыў. Увесь асабісты склад якасна і своечасова выконвае задачы, ускладзеныя на ваенны камісарыят. У розныя гады тут працавалі прафесіяналы сваёй справы. Старшы афіцэр аддзела арганізацыі аўтаматызаванага ўліку (мабілізацыйных рэсурсаў) Дзмітрый Сяргейчык працуе ў ваенным камісарыяце Гродзенскай вобласці з 2018 года. У сям’і вайскоўцаў не было, але мой суразмоўца жыў у вайсковым мястэчку ў Брэсцкай вобласці.

— Пасля школы хацеў паступіць у ГрДУ імя Янкі Купалы на ваенны факультэт, але не атрымалася. Паступіў на факультэт матэматыкі і інфарматыкі. Затым -- у магістратуру на завочнае аддзяленне. Падчас вучобы я шукаў магчымасці для працы і трапіў на сумоўе ў ваенны камісарыят. Мяне прынялі на пасаду вядучага спецыяліста. Пасля заканчэння магістратуры я паступіў на службу па кантракце. Пачаўся вельмі цікавы шлях. Мая праца спалучае ў сабе элементы вайсковай службы і адміністрацыйнай дзейнасці. Адчуваю, што знайшоў сваё месца, дзе магу рэалізаваць амбіцыі і развівацца. Мне падабаецца атмасфера ў калектыве і тое, што я магу рабіць свой унёсак у агульную справу. Кіраўніцтва заўсёды падтрымлівала мяне ў імкненні да прафесійнага росту. Гэта дазваляе мне не толькі выконваць свае абавязкі, але і рухацца па кар’ернай лесвіцы. Я ўдзячны за магчымасць служыць у ваенным камісарыяце і развівацца ў гэтай сферы.

Працуюць тут і ветэраны, якія засталіся на цывільных пасадах пасля адыходу ў адстаўку. Вядучы спецыяліст кірунку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны Аляксандр Кавун ужо больш за 20 гадоў працуе ў ваенным камісарыяце. Ён адзначае, што за гэты час камісарыят моцна змяніўся ў лепшы бок, а работа стала яшчэ цікавейшай.

— Апошнім часам камісарыят зведаў значныя змены ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і кадравым складзе. З часам у камісарыят прыходзяць больш кваліфікаваныя спецыялісты, што садзейнічае развіццю ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. Нягледзячы на тое, што работа па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны не стала менш актуальнай, яна набыла большыя глыбіню і разнастайнасць. Работа застаецца цікавай і насычанай, нягледзячы на шматгадовы досвед. Мой выбар ваеннай прафесіі абумоўлены сямейнай традыцыяй. Я — афіцэр трэцяга пакалення, і наша сям’я мае глыбокія карані ў вайсковай службе. Вельмі рады, што гады маёй службы прайшлі менавіта тут!

Безумоўна, ваенны камісарыят Гродзенскай вобласці працягне слаўныя традыцыі продкаў, умела аб’ядноўваючы іх з сучаснымі тэндэнцыямі. Усё гэта дазваляе якасна выконваць пастаўленыя задачы.

Без имени-1.jpg

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

 Фота з архіва камісарыята


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю