Top.Mail.Ru

Язда па новых правілах: што трэба ведаць уладальнікам самакатаў і мапедаў

У якіх выпадках трэба рэгістраваць сродкі персанальнай мабільнасці і ў якіх — не трэба аддаваць на ацэнку адпаведнасці? Ці з’явяцца новыя катэгорыі правоў для мапедаў? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі спецыялісты на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. 



Нагадаем, што днямі Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ № 295, якім змяняюцца некаторыя правілы дарожнага руху. Дакумент падрыхтаваны з улікам сучасных рэалій і запыту грамадскасці, прайшоў сур’ёзнае публічнае абмеркаванне. Асноўныя нормы ўказа ўступаюць у сілу з 1 верасня. 

Новых катэгорый вадзіцельскіх правоў для электрамапедаў і электраматацыклаў не будзе. Пра гэта расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Аляксандр Занімон.

«У адпаведнасці з Законам "Аб дарожным руху" прадугледжаны катэгорыі вадзіцельскіх пасведчанняў, якія выдаюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Для кіравання мапедам патрабуецца катэгорыя "АМ", для кіравання матацыклам — катэгорыя "А" альбо падкатэгорыя "А1", у залежнасці ад магутнасці матацыкла, якім кіруе грамадзянін. Нічога ў частцы ўнясення змяненняў і ўвядзення нейкіх новых катэгорый або матэрыялаў па тэме: для рэалізацыі новых палажэнняў правілаў дарожнага руху не прадугледжваецца», — адзначыў Аляксандр Занімон. 

Ён таксама расказаў, якая адказнасць за парушэнне ПДР прадугледжана для кіроўцаў СПМ і мапедаў. 

«У гэтай частцы мы будзем кіравацца выключна тымі прававымі палажэннямі, якія замацаваны на дадзены момант у нацыянальным заканадаўстве. Калі мы з вамі гаворым пра кіроўцаў сродкаў персанальнай мабільнасці, то яны прыраўноўваюцца да веласіпедыстаў, і адказнасць для іх будзе такая ж, як і для названай катэгорыі ўдзельнікаў дарожнага руху. Калі мы з вамі гаворым аб кіраванні мапедам або матацыклам у рамках новых палажэнняў заканадаўства, то будзе наступаць такая ж адказнасць, якая прымяняецца да кіроўцаў механічных транспартных сродкаў», — падкрэсліў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ДАІ.

У сваю чаргу, начальнік упраўлення ацэнкі адпаведнасці і ліцэнзавання Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Вольга Бабко расказала, у якіх выпадках уладальнікам не трэба аддаваць электрасамакаты і іншыя сродкі персанальнай мабільнасці (СПМ) на ацэнку адпаведнасці.

«У дадзены момант мы гаворым пра прылады, якія да ўступлення ў сілу нормаў указа № 295 адносіліся да СПМ і маюць максімальную канструктыўную хуткасць больш за 25 км/гадз. Калі грамадзянін мае намер выкарыстоўваць гэту прыладу толькі ў рамках умоў, указаных у абзацы 3 пункта 2 указа № 295, г. зн. на дарогах без удасканаленага пакрыцця, перамяшчаючыся ў светлы час сутак па абочыне дарогі, а пры адсутнасці абочыны — па праезнай частцы дарогі не далей за 1 метр ад яе правага краю, то праходзіць ацэнку адпаведнасці не патрабуецца», — сказала Вольга Бабко.

Для атрымання станоўчага выніку ацэнкі адпаведнасці прылада павінна адпавядаць патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза № 18. «Звяртаю ўвагу, што калі ў грамадзяніна маюцца дакументы аб ацэнцы адпаведнасці (адабрэнне тыпу транспартнага сродку або пасведчанне аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку) на мапед або матацыкл, які да ўступлення ў сілу нормаў указа адносіўся да СПМ, то можна ўжо цяпер звярнуцца ў адпаведнасці з дзеючай адміністрацыйнай працэдурай па афармленне электроннага пашпарта і падаць дакументы на рэгістрацыю свайго транспартнага сродку ў ДАІ», — падкрэсліла начальнік упраўлення. 

Яна таксама дадала, што самастойна разабрацца ў тонкасцях тэхнічнага рэгламенту даволі складана, таму да 25 жніўня на сайце Дзяржстандарту будзе размешчана спецыяльная памятка, каб чалавек змог зразумець, ці неабходна яму звяртацца ў лабараторыю ці іншы орган для таго, каб вызначыць, да якой катэгорыі адносіцца яго СПМ. 

«Таксама ў мэтах правядзення тлумачальнай работы Дзяржстандартам у рэгіёнах будзе арганізавана работа цэнтраў стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, каб насельніцтву было зручна не звяртацца ў лабараторыі, якія знаходзяцца ў Мінску, а звярнуцца ў ЦСМС у рэгіёне і атрымаць кансультацыю, якія дзеянні яму праводзіць з яго сродкам персанальнай мабільнасці, — паведаміла Вольга Бабко. — Эксперты праходзяць навучанне, каб у поўнай меры і своечасова аказваць кансультатыўную дапамогу. Інфармацыя на сайце Дзяржстандарту будзе пастаянна дапаўняцца ў якасці актыўнай укладкі».

Па матэрыялах БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю