Top.Mail.Ru

Яшчэ шэсць гарадоў Беларусі ўзнагародзілі вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»

Як мы ўжо паведамлялі, Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ № 144 «Аб узнагароджанні вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Згодна з указам, ганаровай узнагароды ўдастоены яшчэ шэсць нашых гарадоў: Кобрын, Рэчыца, Слонім, Сянно, Слаўгарад і Смалявічы. Кожны з іх — прыклад подзвігу і ўсенароднага супраціўлення, праяўленых у часы Вялікай Айчыннай вайны.


Вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатоль Крыварот расказаў, што ў кожнага з гарадоў свае славутыя старонкі мінулага, звязаныя з падзеямі ваеннага часу.

Сянно

Так, Сенненскі раён Віцебскай вобласці ў ліпені 1941 года стаў арэнай жорсткіх баёў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Яны ўвайшлі ў гісторыю як «Бітва пад Сянно» (Лепельскі контрудар). На тэрыторыі раёна дзейнічаў падпольны райкам КП(б)Б і падпольны райкам ЛКСМБ, выдавалася падпольная газета «Бальшавіцкая трыбуна». Там жа існавалі з першых дзён вайны шматлікія групы падпольшчыкаў. Да 1944 года на тэрыторыі раёна дзейнічала 118 партызанскіх атрадаў у складзе 12 партызанскіх брыгад, якія трымалі пад кантролем зону ў 1500 квадратных кіламетраў. Партызаны Сенненшчыны ўдзельнічалі і ў «рэйкавай вайне». 

Рэчыца

У Рэчыцы (Гомельская вобласць) з пачаткам вайны стварылі атрад мясцовай самаабароны. Разам з батальёнам народнага апалчэння часова дзейнічаў і атрад пагранічнікаў з 30 чалавек. Штаб народнага апалчэння правёў вялікую работу па дэмантажы і эвакуацыі ў тыл прамысловых прадпрыемстваў горада, дзіцячых устаноў, насельніцтва Рэчыцы і раёна, маёмасці калгасаў і машынна-трактарных станцый. У Рэчыцы фашыстам аказвалі супраціўленне пяць груп патрыятычнага падполля. А ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі рэчыцкія партызаны аказалі вялікую дапамогу часцям Чырвонай Арміі. Так, разам з савецкімі воінамі яны вызвалілі вёскі Азёршчына і Унорыц, у раёне вёскі Берагавая Слабада атакавалі варожы гарнізон і знішчылі мост, які гітлераўцы ўзводзілі для пераправы цераз Днепр. На тэрыторыі Рэчыцы і раёна размешчана 115 улічаных воінскіх пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, у якіх ляжаць больш за 13,5 тысячы чалавек — удзельнікаў вызваленчых баёў і мірных жыхароў.

Слаўгарад

У Слаўгарадзе (Магілёўская вобласць) з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны жыхары горада і раёна таксама падняліся на барацьбу з акупантамі. У сярэдзіне ліпеня 1941 года ў раёне населенага пункта праходзілі жорсткія баі. Наступленне нямецкіх войск мужна адбівалі воіны 55-й стралковай і 219-й матарызаванай дывізій Чырвонай Арміі пры актыўным удзеле мясцовых жыхароў і атрадаў самаабароны. На захопленай нямецкімі войскамі тэрыторыі раёна з восені 1941 года пачалі дзейнічаць падпольныя групы. Падпольшчыкі Слаўгарада правялі шэраг паспяховых баявых аперацый супраць захопнікаў. Так, у ліпені 1942 года патрыёты ўзарвалі паром, на якім акупанты планавалі пераправіць цераз Сож скаціну, нарабаваную ў мясцовых жыхароў. Ураджэнцы раёна праяўлялі мужнасць, стойкасць і гераізм на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Больш за дзве тысячы з іх былі адзначаны ордэнамі і медалямі.

Смалявічы

І Смалявічы (Мінская вобласць) у гады Вялікай Айчыннай вайны аказвалі актыўную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У раёне дзейнічалі Смалявіцкі падпольны райкам КП(б)Б і Смалявіцкі падпольны райкам камсамола. Напрыклад, у кастрычніку 1942 года і ў лютым 1943 года мясцовыя падпольшчыкі ўдзельнічалі ў ліквідацыі варожага гарнізона ў пасёлку Цэнтральны, у сакавіку 1943 года правялі дыверсію на электрастанцыі. На тэрыторыі раёна ва ўзаемадзеянні з падпольшчыкамі змагаліся і партызанскія брыгады «Разгром», «Смерць фашызму», «За Савецкую Беларусь» і іншыя. Дзякуючы баявым дзеянням брыгады «Разгром» забілі і паранілі больш за 14,5 тысячы гітлераўцаў, знішчылі 29 танкаў, 88 аўтамабіляў, здзейснілі 287 крушэнняў цягнікоў, падарвалі 2188 рэек. Аказвалі партызаны і мясцовыя жыхары дапамогу і савецкім войскам, якія наступалі: ачышчалі дарогі, рамантавалі масты, умацоўвалі балоцістыя месцы.

Слонім

Слонім (Гродзенская вобласць) быў важным пунктам у напрамку дзеянняў нямецкай танкавай групоўкі ў першыя дні вайны. На тэрыторыі горада і раёна напярэдадні вайны не аказалася воінскіх часцей, здольных разгарнуцца для актыўнай супрацьтанкавай абароны. У гэтай мясцовасці з 1992 года і да сёння пошукавымі атрадамі выяўлена больш за тысячу воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі пры выхадзе з акружэння летам 1941 года. Яшчэ ў горадзе існаваў з верасня 1943 года падпольны райкам КП(б)Б, а са снежня 1943 года — падпольны райкам ЛКСМБ. Для насельніцтва і партызан выдавалася газета «Вольная праца»... У розны час на тэрыторыі раёна дзейнічалі пяць партызанскіх брыгад і некалькі асобных атрадаў, сфарміраваных з акружэнцаў і жыхароў Слонімскага і найбліжэйшых раёнаў. За вызваленне Слоніма 10 ліпеня 1944 года пачэснае найменне «Слонімскія» атрымалі 11 злучэнняў і часцей. У кнізе «Памяць. Слонімскі раён» захоўваецца памяць пра 1850 партызан і падпольшчыкаў, а таксама мясцовых жыхароў, якія спрыялі партызанскаму руху.

Кобрын

Не скарыўся фашысцкім захопнікам і Кобрын. У жніўні 1941 года ў вёсцы Турная быў створаны падпольны антыфашысцкі камітэт, які праводзіў агітацыйную работу сярод мясцовага насельніцтва і здзяйсняў шэраг паспяховых дыверсій на тэрыторыі горада і раёна. Другі такі камітэт дзейнічаў на базе кобрынскай чыгуначнай станцыі. Восенню 1941 года пачалося фарміраванне партызанскага руху. Актыўна дзейнічала ў Кобрыне і група жонак ваеннаслужачых, якія загінулі пры абароне Брэсцкай крэпасці. У ліпені 1942 года жанчыны-падпольшчыцы дапамаглі ўцячы з лагера 48 палонным. Спробы немцаў пасеяць страх сярод мясцовага насельніцтва толькі ўзмацнілі жаданне змагацца з акупантамі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю