Яркі, прыгожы, насычаны гала-канцэрт урачыстага закрыцця XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» прайшоў на сцэне Летняга амфітэатра, паведаміла БелТА.
Віцебскі ліпеньскі форум развітаўся з гасцямі яркім гала-канцэртам, які прайшоў на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы — у Летнім амфітэатры. Перад гледачамі выступілі зоркі беларускай і расійскай эстрады.

Пад акампанемент жаночага інструментальнага калектыву «Otta-Orchestra» майстры харэаграфіі выканалі пачуццёвыя бальныя танцы.

Як ніколі быў шчаслівы на «Славянскім базары» Грыгорый Лепс, ён выканаў адразу дзве кампазіцыі пра гэта.
Папуры музыкі замежных аўтараў прадставіла «Max Ionata Trio».

Вольга Рыжыкава і Тэа прызналіся: «Нам очень», што магло азначаць толькі адно: так моцна спадабалася на юбілейным фестывалі, што мы не змаглі апісаць гэта іншымі словамі.

Расійскі спявак і майстар раманса Аляксандр Малінін упэўнены: «Напрасные слова» — гэта любыя, якія не гавораць пра любоў да віцебскага фестывалю і цёплай публікі Летняга амфітэатра. І «Нет пути назад», калі аднойчы трапіў на «Славянскі базар», таму што тваё сэрца назаўжды застанецца ў старажытным і выдатным горадзе, дзе штогод праходзіць форум мастацтваў.
Ірына Круг, Яраслаў Сумішэўскі, Вольга Бузова парадавалі сваіх прыхільнікаў душэўнымі песнямі.
Па традыцыі кожны з членаў журы выйшаў на сцэну і зрабіў сапраўдны падарунак усім, хто чакаў выступленняў любімых артыстаў. У фінале гала-канцэрта ўсе яго ўдзельнікі развіталіся з фестывалем да наступнага года. Маляўнічым завяршэннем цудоўнага вечара стаў святочны феерверк.