Top.Mail.Ru

Яркая адукацыйная пляцоўка дала магчымасць дашкольнікам Жыткавіч у гульнявой форме асвойваць правілы дарожнага руху

Зацікавіць, папярэдзіць, навучыць

З кожным годам колькасць транспартных сродкаў на дарогах толькі расце, што цягне за сабой павелічэнне рызыкі здарэнняў з удзелам дзяцей. Прычына большасці з іх простая — недастатковасць у іх ведаў і навыкаў правільна ацэньваць дарожныя сітуацыі. Таму шчыра занепакоеныя бяспекай падрастаючага пакалення жыхары Жыткавіч выступілі год тамуз грамадзянскай ініцыятывай стварэння мабільнага аўтагарадка «Зебралэнд».

Бяспека — перш за ўсё

Аб ужо рэалізаваным праекце, актуальным для фарміравання культуры бяспечных паводзін на дарогах, расказала загадчыца дзіцячага садка № 1 г. Жыткавічы Людміла Мірановіч.

— У нашым дзіцячым садку функцыянуе 12 груп, якія наведваюць 193 выхаванцы. А адукацыйны працэс забяспечвае калектыў з 63 работнікаў — прафесіяналаў, ініцыятыўных і неабыякавых людзей да сваёй справы, — адзначае Людміла Мірановіч. — Мы шмат гаворым аб правілах дарожнага руху, але дзецям недастаткова чуць — ім важна паспрабаваць усё самім, пражыць сітуацыю праз гульню. Такі фармат, калі можна пагуляць, памацаць, паўдзельнічаць, — гэта зусім іншая справа.

Людміла Мірановіч абараняла праект на конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, арганізаваным Гомельскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Але спачатку, каб падаць туды заяўку, прайшла навучанне ў Школе рэгіянальнага развіцця. «Праект спадабаўся экспертам, абарона прайшла паспяхова — яго ацанілі на высокім узроўні. Пасля мы атрымалі сродкі, закупілі абсталяванне. Асноўная мэта праекта — навучыць дзяцей быць уважлівымі і адказнымі ўдзельнікамі дарожнага руху. У працэсе гульні яны могуць бяспечна асвойваць усе неабходныя для гэтага правілы». Асабліва таму, што сучасныя дзеці часта растуць у свеце тэхналогій, ім неабходна гульнявая прастора, максімальна набліжаная да сапраўднага жыцця.

  • На рэалізацыю праекта было накіравана 31688 рублёў, з якіх 10 % (3169 рублёў) склалі сродкі, сабраныя самімі грамадзянамі, а астатнія 90 % былі прафінансаваны з дзяржаўнага бюджэту.

Грамадзянская ініцыятыва «Мабільны аўтагарадок «Зебралэнд» у 2025 годзе стала адным з пераможцаў абласнога конкурсу і атрымала магчымасць ажыццявіцца дзякуючы сумесным намаганням аддзела адукацыі Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта і актыўных жыхароў раёна.

Ад падачы дакументаў да ўрачыстага адкрыцця аўтагарадка прайшло каля дзевяці месяцаў. Сродкі ад зацікаўленых жыхароў, адзначае загадчыца садка, удалося атрымаць вельмі хутка — на працягу ўсяго двух тыдняў неабходная сума была сабрана. Горача падтрымалі ініцыятыву бацькі выхаванцаў дзіцячага садка: сучасная і займальная форма навучання неабходна для таго, каб прывіць дзецям правілы бяспечных паводзін на вуліцах.

Мабільнасць і разнастайнасць

Так у раённым цэнтры размясцілася сапраўдная мініяцюрная дарожная сетка з разметкай, святлафорам і ўсімі неабходнымі знакамі. Урачыстае адкрыццё «Зебралэнда», якое адбылося ў кастрычніку мінулага года на пляцоўцы каля раённага цэнтра культуры, стала сапраўдным святам для мясцовых дашкольнікаў. Маленькія госці змаглі адразу ж пратэсціраваць навінку, адправіўшыся ў пазнавальнае падарожжа з заданнямі на кемлівасць і ўвагу.

Цікаўнасць у юных удзельнікаў руху выклікаюць, вядома, гульнявыя макеты будынкаў: тут ёсць пост МНС, бальніца, кафэ, магазін, школа, аўтазаправачная станцыя, пост дарожна-патрульнай службы і нават тэатр. Такая разнастайнасць дазваляе педагогам мадэляваць розныя дарожныя сітуацыі і рыхтаваць дзяцей да ролі не толькі пешаходаў, але і будучых інспектараў ці вадзіцеляў. «Педагогі і валанцёры поўнасцю арганізуюць працэс, працуюць на лакацыях. Мы таксама прыцягваем рэальных супрацоўнікаў МНС, РАНС, пошты, хуткай дапамогі», — падкрэслівае Людміла Мірановіч.

Дарэчы, паколькі аўтагарадок выкананы ў выглядзе мабільнай канструкцыі, яго можна лёгка задзейнічаць на розных масавых мерапрыемствах. А значыць, грамадзянская ініцыятыва будзе служыць усім юным жыткаўчанам, дапамагаючы асвойваць жыццёва важныя навыкі ў камфортным і бяспечным асяроддзі.

Варта адзначыць, што мабільны аўтагарадок «Зебралэнд» стаў ужо чацвёртай грамадзянскай ініцыятывай, якая рэалізана на Жыткаўшчыне. Актыўны удзел у ёй прымалі Жыткавіцкі раённы выканаўчы камітэт, установы адукацыі, педагогі, валанцёры, нават СМІ горада і раёна. Падобная практыка не толькі спрыяе ўстойліваму развіццю рэгіёна, але і стварае ўмовы для раскрыцця патэнцыялу кожнага чалавека, неабыякавага да свайго роднага краю.

Аміна НАЗАРАВА

Фота ДУА «Дзіцячы садок № 1 г. Жыткавічы» і газеты «Новае Палессе»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю