Top.Mail.Ru

Ярка, цікава і смачна адзначыў горад на Сожы свой 884-ы дзень нараджэння

Карагод сяброў

Каб далучыцца да ўрачыстых мерапрыемстваў і падзяліць радасць свята з гамяльчанамі, у Гомель прыехалі афіцыйныя дэлегацыі яго гарадоў-пабрацімаў і гарадоў-партнёраў. Урачысты прыём прайшоў у палацы Румянцавых і Паскевічаў.

Разам з пабрацімамі

Гасцей вітаў старшыня Гомельскага гарвыканкама Руслан ПАРХАМОВІЧ:

— На працягу стагоддзяў горад на Сожы служыў арэнай міжкультурнага дыялогу, выбудоўваў гандлёва-эканамічныя і гуманітарныя адносіны. На сучасным этапе ён з году ў год нарошчвае патэнцыял развіцця, выбудоўвае надзейныя партнёрскія міжнародныя адносіны, становіцца пляцоўкай прагрэсіўных ідэй і прапаноў.

Пашыраецца партнёрства з рознымі дзяржавамі ў эканамічнай, гандлёвай, гуманітарнай сферах, падкрэсліў ён:

— Гомель з’яўляецца актыўным удзельнікам пабрацімскага руху. На сённяшні дзень падпісаны 42 міжнародныя дакументы з гарадамі 13 краін свету. 

У іх ліку 26 — з Расійскай Федэрацыяй, пяць — з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Больш за 13 гадоў Гомель пабрацім з сербскім Нові-Садам. Два гады таму мы сталі пабрацімамі з азербайджанскай Гянджой. Сёлета адзначаем дзесяцігадовы юбілей падпісання пагаднення аб дружбе і супрацоўніцтве з Кутаісі. Першым горадам Расійскай Федэрацыі, з якім Гомель заключыў пагадненне ў 1992 годзе, стаў Бранск, у 2005-м — Сургут, у 2009-м — Растоў-на-Доне. Гарады-пабрацімы Гомеля і праз дзесяцігоддзі плячо ў плячо адзначаюць разам з намі Дзень горада, як сапраўдныя браты.

Па шматгадовай традыцыі памятныя мерапрыемствы працягнуліся на плошчы Працы. Кіраўніцтва горада, ваеннаслужачыя, члены Савета Рэспублікі, дэпутацкі корпус, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, жыхары і госці горада ўсклалі вянкі і кветкі да Вечнага агню. Памяць тых, хто аддаў жыццё за свабоду Радзімы, ушанавалі хвілінай маўчання.

«Сырны квартал» і фестываль вінаградараў

Адной з цэнтральных лакацый свята стала плошча Леніна, дзе разгарнуўся маштабны гастранамічны фэст. У «Сырным квартале» вядучыя вытворцы прадставілі каля 50 найменняў сыру. Тут можна было прадэгуставаць элітныя цвёрдыя сыры з вытрымкай больш за дзевяць месяцаў.

Для дзяцей на плошчы працавалі гульнявыя пляцоўкі, дэгустацыі, фотазоны і квэсты, праходзілі шоу барабаншчыкаў і майстар-класы па сыраробстве.

У скверы імя А.А. Грамыкі на фестывалі «Гронкі Гомеля» свой ураджай прадставілі каля 50 вядучых вінаградараў Беларусі. Удзельнікі выстаўкі-конкурсу расказвалі пра сарты і дзяліліся сакрэтамі вырошчвання вінаграду.

З маладзёжным драйвам

У тэрыторыю маладзёжнага драйва ператварылася вуліца Ланге. На пляцоўцы каля Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прайшоў фестываль «Дыялог нацыянальных культур», на якім замежныя студэнты знаёмілі гамяльчан з традыцыямі сваіх краін, вучылі пісаць іерогліфы, прапаноўвалі прымерыць нацыянальныя касцюмы.

Дынаміку сучаснага горада, яго імкненне да руху наперад прадэманстравала свята аўта- і мотатэхнікі каля Лядовага палаца. Тут разгарнулася выстаўка матацыклаў і спартыўных аўтамабіляў, на якой было прадстаўлена каля тысячы адзінак тэхнікі. На пляцоўцы прайшлі экстрэмальныя аўтамабільныя заезды.

Прызнанне ў любові

Уласную святочную праграму падрыхтаваў і кожны раён Гомеля. Напрыклад, у Савецкім раёне каля Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога жыхароў і гасцей горада сустракалі з пачастункамі на яблычным фестывалі і запрашалі на рок-пляцоўкі.

Увечары неверагодна яркім фіналам святкавання стала музычная праграма на плошчы Леніна. Праз творчасць прызнаваліся ў любові гораду над Сожам артысты з розных куткоў Беларусі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ТК «Гомель. Афіцыйна»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю