Міністр культуры Руслан Чарнецкі расказаў журналістам, хто галоўныя жанчыны ў яго жыцці, у час мерапрыемства «Ода беларускай жанчыне», прысвечанага Дню роднай мовы ў Нацыянальным драматычным тэатры імя Янкі Купалы, паведамляе БелТА.
«Мама, жонка, сястра, дачка — галоўныя жанчыны ў маім жыцці. Яны маё ўсё. Скажу дзякуй перш за ўсё майму бацьку, які ў мяне ўклаў гэта стаўленне да жанчын, таму што я з дзяцінства бачыў, як ён ставіўся да маёй маці. Я бачыў, з якой павагай і любоўю ён да яе ставіцца. І гэта наклала адбітак на ўсё жыццё. Прызнацца, для мяне жанчына — гэта самае прыгожае, самае чыстае, што толькі можа быць на свеце», — падзяліўся Руслан Чарнецкі.
Міністр запэўніў, што беларускія жанчыны самыя лепшыя. «Самыя лепшыя ва ўсіх адносінах. І я не стамляюся здзіўляцца мудрасці і празорлівасці нашага Прэзідэнта, які аб’явіў гэты год Годам беларускай жанчыны, — адзначыў Руслан Чарнецкі. — А я з задавальненнем кожны год такім адзначаў бы, таму што беларускія жанчыны настолькі добрыя і прыгожыя, што заслугоўваюць, каб усе гады без выключэння былі ў гонар іх. А мы, мужчыны, дзеля вас, уласна кажучы, усё гэта і робім. Толькі дзякуючы вам у нас нешта атрымліваецца ў жыцці».