Кожны год у рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу праходзіць сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», які збірае публіцыстаў, паэтаў, празаікаў, крытыкаў, прадстаўнікоў улады і творчай інтэлігенцыі. Калі кніжная выстаўка дае магчымасць паказаць навінкі, наладзіць сустрэчы з чытачамі, то сімпозіум — месца, дзе ўздымаюцца праблемныя пытанні. Для літаратараў гэта выдатная магчымасць пагаварыць пра тое, як мяняецца грамадства і якую ролю на пэўным гістарычным этапе павінны адыгрываць пісьменнікі, як ім лепш узаемадзейнічаць з чытацкай аўдыторыяй.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Міжнародны сімпозіум літаратараў таксама быў падтрыманы Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД.
У актуальным парадку дня
На пачатку сустрэчы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Езерскі прызнаўся, што часта чуе пытанне, чаму Мінская міжнародная кніжная выстаўка так доўга існуе і пры гэтым штогод збірае вялікую колькасць як удзельнікаў, так і наведвальнікаў. Адказ, на яго думку, відавочны: ёсць цудоўная пляцоўка для абмену думкамі, агульная мова і магчымасць разглядаць праблемныя пытанні. «Папулярызацыя чытання нікуды не сышла ў тых краінах, якія сёння аб’яднаны Садружнасцю Незалежных Дзяржаў, дзе да гэтага часу на ўзроўні ўрадаў падтрымліваюцца саюзы пісьменнікаў, кніжныя саюзы, розныя ініцыятывы», — упэўнены Дзяніс Езерскі. Ён заўважыў, што сёння важна захаваць пісьменніцкую супольнасць, якую параўнаў з «фабрыкай думак». Менавіта інтэлігенцыя, пісьменнікі павінны ствараць ментальнасць, накіроўваць людзей.
Дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай падтрымкі перыядычнага друку і кніжнай індустрыі Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі Уладзімір Грыгор’еў таксама ўпэўнены, што пісьменнікі ствараюць сэнсы. Пацвярджэнне таму можна знайсці ў гісторыі літаратуры. Так, паўстагоддзя таму, у часы Савецкага Саюза, вялікая ўвага ўдзялялася рабоце з пісьменнікамі, нават вяртанню найлепшых аўтараў з эміграцыі. «Для Беларусі і Расіі, якія маюць агульную гісторыю, традыцыі, адзінства веры, поглядаў на каштоўнасці, важна, каб пісьменнікі былі ў актуальным парадку дня», — заўважыў Уладзімір Грыгор’еў. Пры гэтым ён упэўнены, што патрабаваць ад аўтараў, каб яны рэагавалі на падзеі новымі раманамі, немагчыма, гэтак жа як звяртацца да іх па каментарыі. Апошнія — наогул справа журналістаў, а пісьменнікі «злеплены з іншага цеста», ім патрэбны час, каб пераасэнсаваць матэрыял і падвесці ўдумлівыя вынікі. Закрануў Уладзімір Грыгор’еў і пытанні, якія звязаны з дзіцячай літаратурай. Ён згадаў, што яшчэ ў 1990-х — пачатку 2000-х быў вялікі попыт на кнігі Карнея Чукоўскага, Агніі Барто, Самуіла Маршака ды іншых савецкіх пісьменнікаў. Насамрэч гэтыя кнігі выбіралі не дзеці, а іх бацькі і дзяды, якія выраслі на такой літаратуры і хацелі нашчадкам даць найлепшае з таго, што было ў іх. Ужо доўгі час актуальнымі застаюцца пытанні: дзе сучасныя добрыя дзіцячыя аўтары і што трэба, каб яны з’явіліся? Відаць, мала проста набрацца цярпення і чакаць, пакуль саспеюць новыя таленавітыя аўтары, — трэба матываваць іх. А яшчэ важна, каб кнігавыдавецкая індустрыя не існавала асобна. Выдаўцы і літаратары павінны стаць партнёрамі.
Калі ўдасца захаваць у людзей патрэбу ў актыўным чытанні, у краіны ёсць шанс выхаваць канкурэнтаздольнае пакаленне ў сусветным маштабе: усё ж веды пераважна засвойваюцца праз чытанне, упэўнены Уладзімір Грыгор’еў. Прыклады таму можна ўбачыць у сучасных рэформах. Так, дзесяць гадоў таму Сінгапур увёў электронныя падручнікі, але ў хуткім часе было заўважана, што веды школьнікаў значна пагоршыліся. Такі эксперымент праводзіўся і ў Расіі, калі ў чатырох абласцях адукацыя была пераведзена ў электронны фармат, але хутка адбылося вяртанне да папяровых версій.
Тое ж і з электроннымі кнігамі. Спачатку быў ажыятаж на такія сродкі, але вельмі хутка якасць успрымання літаратуры з электронных рэсурсаў стала зніжацца...
Новыя выклікі
Галоўны рэдактар часопіса «Роман-газета» Юрый Казлоў упэўнены, што ў назве сімпозіума «Пісьменнік і час» акрэслена сур’ёзная і псіхалагічна важная тэма: «Кожны пісьменнік сам сябе вызначае ў часе. Ён можа прыстасоўвацца да яго, альбо абапіраючыся на мінулае, альбо калі растворыцца ў сучаснасці ці паспрабуе зазірнуць у будучыню». Так прадстаўнікі старэйшага пакалення шукаюць сэнсы для творчасці ў мінулым. Для іх добрая сур’ёзная кніга — гэта культурны артэфакт, унёсак у духоўнае развіццё народа. Сучаснасць і будучыня разам з блогерамі, «ціктокамі», лічбавізацыяй ім могуць не падабацца. Ім цяжка прыняць некаторых аўтараў, чые кнігі зусім не цягнуць на сапраўдную літаратуру, і, тым не менш, менавіта іх раскупляюць сучасныя чытачы. У той жа час фінансавы прыбытак перайшоў менавіта туды, бо такое чытво можа прадавацца вялікімі тыражамі. Калі ўсе выдавецтвы прыватныя, яны зацікаўлены перш за ўсё ў камерцыі. Невыпадкова сёння ў Расіі разгарэліся спрэчкі вакол Саюза пісьменнікаў, вядзецца пошук шляхоў па збліжэнні пакаленняў, класічнай і новай «лёгкай» літаратуры. Нават у мінулым часам не пашкодзіць пашукаць тое, што можа быць карысным і сёння. Напрыклад, «Дзеннік пісьменніка» Дастаеўскага вельмі падобны на сучасныя блогі.
Юрый Казлоў расказаў, што ў савецкі час тыраж «Раман-газеты» быў чатыры мільёны экзэмпляраў. Тут друкавалася класіка, творчасць пісьменнікаў усіх рэспублік. Сёння інстытут падпіскі фактычна сябе зжыў і выданню даводзіцца шукаць новыя шляхі выжывання. Адзін з іх — работа з бібліятэкамі. Праз іх чытачы па ўсёй Расіі могуць пазнаёміцца і з найлепшай беларускай літаратурай. За апошія гады «Раман-газета» размясціў некалькі такіх выпускаў — як калектыўныя зборнікі, так і творы асобных беларускіх празаікаў.
Філосаф, культуролаг, мастацкі крытык Вадзім Салееў вырашыў узняць пытанне аб месцы і ролі пісьменніка ў сучасным грамадстве. Па яго словах, трэба вызначыць, у якім часе мы жывём. Яшчэ нядаўна ён быў інфармацыйным, усе гаварылі пра глабалізацыю, але гэта адыходзіць. Ці трэба характарыстыкі часу звязваць з развіццём штучнага інтэлекту? І дзе тут месца пісьменніку?
У мінулым стагоддзі, калі актыўна развівалася інжынерыя, індустрыялізацыя, пісьменнікаў называлі «інжынерамі чалавечых душ». А ці можа сёння літаратар уплываць на меркаванні? «Мы жывём у час, калі спажывецкі пачатак забівае ўсё творчае», — заўважыў Вадзім Салееў. Але ён упэўнены, што трэба працягваць ствараць высокамастацкія творы: людзі пацягнуцца, бо ёсць душа чалавечая, якая прагне лепшага, дасканалага, а гэта дае толькі сапраўдная літаратура.
Слова ў імя міру
Кожны год для абмеркавання на сімпозіуме падаецца канкрэтная тэма, на яе ўдзельнікаў сустрэчы скіраваў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч: «Мы разглядаем культуру і інфармацыю як перспектыўныя кірункі развіцця ў цэлым гуманітарнага партнёрства, стасункаў і, канешне, літаратурнага і кнігавыдавецкага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».
Народны пісьменнік Таджыкістана Ато Хамдам расказаў, што лічыць сябе самым шчаслівым чалавекам, бо бліжэй пазнаёміўся з дасягненнямі беларускага народа: «Мы былі першаадкрывальнікамі літаратурных сувязей пасля развалу Савецкага Саюза. За кароткі час змаглі шмат зрабіць для развіцця нашых літаратур». Толькі за сем гадоў літаратары Таджыкістана паспелі перакласці і выдаць на таджыкскай мове творы дванаццаці аўтараў Беларусі асобнымі кнігамі.
Напэўна, сімпозіум літаратараў можна назваць фабрыкай каштоўнасцей. Кожны год яго ўдзельнікі дзеляцца думкамі наконт таго, якія тэмы сёння варта ўздымаць у творах. Вельмі важна не проста адрозніваць, дзе дабро і зло, але і бачыць, што хвалюе калег з іншых куткоў свету.
Узбекская пісьменніца і перакладчыца Рысалат Хайдарава заўважыла: «Нас, пісьменнікаў, якія пішуць на розных мовах, аб’ядноўвае адно — служэнне чалавецтву, скіроўванне людзей да дабра». Пісьменніца прыехала на сімпозіум у Мінск з сігнальным экзэмплярам кнігі «Сівая легенда», куды акрамя аднайменнай аповесці ўвайшла сучасная проза. Крытэрый жа адбору беларускіх твораў для перакладу і выдання ў Ташкенце вельмі просты: такая літаратура павінна быць цікавай узбекскаму чытачу, узбагачаць яго нечым новым.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Башкартастана Айгіз Баймухаметаў расказаў, што беларуска-башкірскія сувязі ўсталяваліся яшчэ ў 1934 годзе. Тады башкірская пісьменніцкая дэлегацыя пабывала тут упершыню. Летась калегі выдалі анталогію сучаснай беларускай літаратуры на башкірскай мове. Яе прэзентацыя прайшла ва Уфе падчас кніжнага кірмашу. У сваю чаргу ў Мінску пабачыла свет анталогія сучаснай башкірскай паэзіі. «Я ўдзячны Беларусі за тое, што яна дала магчымасць для аб’яднання пісьменнікаў, якія ў душы носяць ідэі дабра, міласэрнасці, адзінства», — падзяліўся госць.
Народны паэт Чувашыі, перакладчык Валерый Тургай прызнаўся: раней не мог уявіць, што ў яго жыцці буйным планам з’явіцца беларуская літаратура, духоўнасць, гісторыя беларускага народа. «Мы настолькі завязаныя паміж сабой, геаграфічныя адлегласці нават у сотні тысяч кіламетраў для сяброўства канкрэтных людзей, народаў нічога не значаць». Дзякуючы сімпозіуму ён выдаў анталогію беларускай паэзіі, якая пабачыла свет у Чэбаксарах у 2019 годдзе. А зусім нядаўна была выдадзена кніга перакладаў твораў Міколы Мятліцкага.
Публіцыст, празаік Марат Гаджыеў, які прыехаў з Махачкалы, садзейнічаў таму, каб на мовы народаў Дагестана былі перакладзены вершы Якуба Коласа і іншых нашых пісьменнікаў. Ён запрасіў калег на кніжны фестываль «Таркі-Тау».
Напрыканцы сімпозіума Алесь Карлюкевіч уручыў членскія білеты Саюза пісьменнікаў Беларусі гасцям-партнёрам, якія шмат зрабілі для папулярызацыі беларускай літаратуры ў сваіх краінах. Сярод іх — доктар філалагічных навук, даследчык сучаснага літаратурнага працэсу, у тым ліку і беларуска-калмыцкіх літаратурных сувязей, Рыма Ханінава. Любоў да Беларусі ёй перадаў бацька, калмыцкі паэт, перакладчык Міхаіл Хонінаў. Яшчэ ў 1962 годзе дзякуючы яму выйшла кніга вершаў Янкі Купалы ў перакладзе на калмыцкую мову. Ён сябраваў з Васілём Быкавым, Аляксеем Пысіным, Максімам Танкам, Петрусём Броўкам і іншымі беларускімі пісьменнікамі.
У Мінску былі выдадзены дзве яго паэтычныя кнігі на беларускай мове. Міхаіл Хонінаў з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Беразіно, адна з вуліц гэтага горада носіць яго імя. У гады вайны ён быў камандзірам партызанскага атрада. Яго баявое імя ў Беларусі было Міша Чорны. Летась, калі адзначалася 80-годдзе вызвалення нашай краіны, Рыма Ханінава выдала кнігу сваіх і бацькавых твораў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, Беларусі. «Гэта наш сямейны ўнёсак у развіццё беларуска-калмыцкіх сувязей, — заўважыла пісьменніца. — Радасна, што сімпозіум аб’ядноўвае дзяцей, унукаў, праўнукаў пераможцаў у страшнай вайне мінулага стагоддзя. Мы спадзяёмся, што больш ніколі не паўтарыцца тое, што перажыло пакаленне нашых бацькоў і дзядоў. Пісьменніцкае слова найперш — гэта слова міру».
Фота Кастуся ДРОБАВА