Top.Mail.Ru

Якую падтрымку ў Беларусі атрымліваюць сем’і з дзецьмі, расказалі ў Мінпрацы

З 14 па 21 кастрычніка ў нашай краіне праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові. У гэтыя дні дарэчы ўспомніць аб тых мерах падтрымкі, якія дзяржава прадастаўляе сем’ям з дзецьмі.


Так, па інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у 2026 годзе на выплату дапамог сем’ям з дзецьмі выдзелена 4,1 млрд рублёў, з іх 2,3 млрд — на дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў. Выплатамі ахоплена больш за 320 тысяч дзяцей. З 2015 года, калі стартавала праграма «Сямейны капітал», адкрыта 156,9 тысячы ўкладаў. На іх залічана 827 млн долараў ЗША і больш за 2 млрд рублёў. 

Пенсійныя гарантыі таксама прадугледжаны: можна выйсці на пенсію раней, а ў стаж уключаецца да 12 гадоў догляду за дзецьмі — улічваюцца перыяды да дасягнення кожным дзіцем трох гадоў. 

А што да адраснай дапамогі? Яна ўключае сацыяльную дапамогу для кампенсацыі выдаткаў на набыццё прадметаў гігіены для дзіцяці-інваліда з 4 ступенню страты здароўя. Дзяржавай прадугледжаны таксама штомесячныя і аднаразовыя сацыяльныя дапамогі на прадукты харчавання, лекі, адзенне, абутак, школьныя прылады і іншыя патрэбы. Для шматдзетных сем’яў дзейнічаюць ільготныя ўмовы атрымання штомесячнай сацыяльнай дапамогі: крытэрый патрэбнасці складае 115 % бюджэту пражытачнага мінімуму, у той час як для іншых сем’яў — 100 % БПМ.

За першае паўгоддзе больш за 2 тысячы сем’яў скарысталіся паслугамі нянькі. Сярод іх — бацькі двайнят, трайнят і дзяцей-інвалідаў. Даступны таксама паслугі сацыяльнага патранату і сацыяльнай перадышкі. Дарэчы, у 2025 годзе больш за 7,5 тысячы шматдзетных і больш за 5,7 тысячы маладых сем’яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Таксама сёлета дапамогу на падрыхтоўку школьнікаў да навучальнага года атрымалі больш за 113,7 тысячы шматдзетных сем’яў.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю