Рыхтуецца да разгляду ў другім чытанні праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях дарожнай дзейнасці». Пакуль дакумент актыўна дапрацоўваецца: ідзе збор меркаванняў, зваротаў і пажаданняў, прымаюцца да ўвагі прапановы экспертаў у частцы пошуку і выкарыстання рэзерваў развіцця аўтадарожнай сеткі — як рэспубліканскай, так і мясцовай. У полі зроку заканадаўцаў — павышэнне эфектыўнасці арганізацыі дарожнага руху і кіравання транспартнай інфраструктурай, у тым ліку з дапамогай інтэлектуальнай транспартнай сістэмы Мінтранса.
Стан і перспектывы дарожнай сеткі
Абмеркаваць гэтыя пытанні, каб у далейшым прыйсці да адной роўніцы і выпрацаваць агульныя рашэнні, на пасяджэнне круглага стала прыбыла вялікая група спецыялістаў і экспертаў Міністэрства транспарту і камунікацый, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, арганізацый дарожнай гаспадаркі. Абмяркоўвалі тэму ўдасканалення заканадаўчага рэгулявання дарожнай дзейнасці, а таксама практычныя аспекты павышэння якасці аўтамабільных дарог. Яна была цікавая і для прадстаўнікоў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Дзяржстандарту, Мінюста і Савета Рэспублікі, якія таксама ўдзельнічалі ў пасяджэнні.
Дэпутаты са свайго боку падрыхтавалі шэраг пытанняў, з якімі яны сутыкаюцца на практыцы пры рабоце ў акругах, — такіх як правамернасць устаноўкі кенатафаў (помнікаў уздоўж дарогі), вызначэнне ўласніка дарогі, калі яна не ўключана ў рэестр аўтамабільных дарог агульнага карыстання і іншыя.
— Тэма аўтамабільных дарог — іх наяўнасці, утрымання, рамонту і гэтак далей на самай справе невычэрпная, — заўважыў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Юрый ПАНФІЛАЎ. — Пытанні з гэтай сферы дэпутаты рэгулярна прывозяць пасля работы ў выбарчых акругах. І яны ўзнікаюць, як правіла, па мясцовай сетцы дарог. Людзей цікавяць самыя розныя аспекты — ад сённяшняга стану да развіцця аўтадарог. Мы запрасілі прадстаўнікоў двух міністэрстваў — транспарту і камунікацый і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — каб яны адказалі на пытанні дэпутатаў, расказалі і пра стан дарог, і пра перспектывы, і пра тое, якія меры будуць прымацца ў выпадку выяўлення недахопаў у іх эксплуатацыі і ўтрыманні.
Далей парламентарый зноў закрануў пытанне развіцця мясцовай сеткі дарог.
— Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача прывесці мясцовую дарожную сетку ў парадак, — сказаў ён. — Якасць мясцовых дарог неабходна падняць да ўзроўню рэспубліканскіх. Гэту сур’ёзную задачу вырашаюць арганізацыі аблдарбудаў, у іх падпарадкаванні — утрыманне і эксплуатацыя мясцовых дарог, якія фінансуюцца са сродкаў абласных бюджэтаў.
Не менш увагі, на думку Юрыя Панфілава, удзяляецца і развіццю прыдарожнага сэрвісу.
— Ён працуе, — канстатаваў парламентарый. — У нас дастаткова АЗС, дзе можна не толькі заправіць аўтамабіль, але і адпачыць. У нас дагледжаныя не толькі дарогі, але і прыдарожныя палосы. Усё гэта — частка іміджу нашай краіны.
Менавіта за гэта адказваюць дарожныя арганізацыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Як адзначыў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Мінтранса Сяргей ЛЯВОНЧЫК, сёння агульная працягласць рэспубліканскіх і мясцовых дарог у Беларусі — 87 тысяч кіламетраў, 1350 дарог — з цэментабетонным пакрыццём і 47,2 тысячы — з асфальтабетонным. Ён адзначыў, што тэорыя і практыка пераканаўча паказваюць, што ў любых кліматычных умовах, пры любой інтэнсіўнасці і любым складзе руху цэментабетоннае пакрыццё з’яўляецца найбольш даўгавечным. Сёння вядуцца работы па пераводзе асноўных выхадаў з Мінска ў межах другой кальцавой аўтадарогі ў аўтамабільныя дарогі з цэментабетонным пакрыццём. Гэта дазволіць звязаць сталіцу ўстойлівымі транспартнымі сувязямі з гарадамі-спадарожнікамі з дапушчальнай нагрузкай 11,5 тоны на вось, падтрымаць эканоміку прадпрыемстваў у іх, знізіўшы ў далейшым фінансавыя выдаткі на рамонт дарог у Мінскім рэгіёне.
— За 2026–2030 гады мы плануем рэканструяваць каля 250 кіламетраў дарог, — канстатаваў прадстаўнік транспартнага ведамства. — 200 кіламетраў з іх будуць з цэментабетонным пакрыццём.
Надзейны памочнік — Інтэлектуальныя Транспартныя Сістэмы
Падчас абмеркавання ўдзельнікі круглага стала закранулі і тэму дзікіх жывёл на дарогах, адзначыўшы, што гэта — надзвычай небяспечна і вядзе да ДТЗ. Аляксандр ПІНЧУК, прадстаўнік РУП «Белдарсувязь», прадпрыемства, якое займаецца ўкараненнем гэтай сістэмы на беларускіх дарогах, паведаміў, што пакуль толькі ў Гомельскай вобласці ўсталявалі механізм для папярэджання кіроўцаў аб жывёлах на дарозе. Сутнасць яго дзеяння — справа і злева на дарозе ёсць камеры і датчыкі руху, якія ўжо спецыяльна запраграмаваны. Калі жывёла выходзіць на дарогу, то за 250 метраў з кожнага боку на табло загараецца адпаведная інфармацыя. Асабліва гэта важна ў начны час. Сістэма размешчана ў небяспечных зонах — у месцах вялікай канцэнтрацыі жывёл і частых выпадкаў ДТЗ.
Па-ранейшаму шмат нараканняў у жыхароў Беларусі выклікае стан вулічнай сеткі дарог. «У людзей ёсць з чым параўноўваць — побач дарога, якая абслугоўваецца ДРБУ, і да яе іншы раз са сваёй вуліцы даводзіцца прабірацца з лапатай», — такі быў асноўны пасыл зваротаў грамадзян. Людзі хочуць, каб дарогі ўсюды былі аднолькава добрыя — і на невялікай вулачцы, і на вялікай трасе, і ім не важна, у чыім падпарадкаванні знаходзяцца дарогі. Гэтыя нараканні парламентарыі пераадрасавалі прадстаўнікам Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Алена ВІНАГРАДАВА