Якога надвор’я чакаць беларусам летам, расказала на прэс-канферэнцыі начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Марына Грыцкевіч, перадае БелТА.
Марына Грыцкевіч нагадала, што двойчы за год збіраецца Паўночна-Еўразійскі Кліматычны Форум, які аб’ядноўвае намаганні вучоных і спецыялістаў у галіне доўгатэрміновага прагназавання і складання сезонных прагнозаў надвор’я. «Спецыялісты Белгідрамета з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі названага форуму. Дык вось, канчатковая фармулёўка сезоннага прагнозу надвор’я на бягучае лета гучыць так. На большай частцы тэрыторыі Беларусі прагназуецца станоўчая анамалія тэмпературы паветра з верагоднасцю да 60 %, на поўначы нашай краіны — у межах кліматычнай нормы», — растлумачыла яна.
Па рэжыме ўвільгатнення на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца дэфіцыт ападкаў з верагоднасцю да 60 %, на захадзе — да 75 % і толькі па паўночным усходзе Беларусі колькасць ападкаў чакаецца ў межах кліматычнай нормы, адзначыла Марына Грыцкевіч. «Што датычыцца бягучага месяца, то ў чэрвені, згодна з доўгатэрміновымі прагнозамі, чакаецца на 1 градус вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні, а колькасць ападкаў — у межах кліматычнай нормы», — падсумавала начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета.