Вырастуць памеры бюджэту пражытачнага мінімуму
Як адзначылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, з 1 жніўня да 31 кастрычніка 2026 года ў Беларусі будуць дзейнічаць новыя памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах. Гэта ўжо трэці пераразлік БПМ у гэтым годзе.
БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ў параўнанні з яго значэннем, устаноўленым з 1 мая 2026 года, павялічыцца на 4,1 % і складзе 530,37 рубля. Памер БПМ для працаздольнага насельніцтва складае 574,38 рубля, пенсіянераў — 380,86 рубля, дзяцей да 3 гадоў — 326,56 рубля, дзяцей ад 3 да 6 гадоў — 437,78 рубля, а для дзяцей ад 6 да 18 гадоў — 519,24 рубля.
Прапарцыянальна росту БПМ аўтаматычна на 4,1 % павялічваюцца асобныя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца ад яго памеру: памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей; даплаты да пенсій; дапамогі па доглядзе інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; сацыяльныя пенсіі.
Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога
Яна ўключае чатыры сацыяльныя выплаты. Штомесячная сацыяльная дапамога для сем’яў прадастаўляецца пры ўмове, калі сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах ніжэйшы за крытэрый патрэбнасці (530,37 рубля з 1 жніўня). Шматдзетным сем’ям такая дапамога назначаецца, калі сярэднедушавы даход — не больш за 1,15 велічыні крытэрыю патрэбнасці (609,93 рубля з 1 жніўня).
Яшчэ адна выплата — аднаразовая сацыяльная дапамога. Яна выплачваецца, калі чалавек апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, пры ўмове што сярэднедушавы даход складае не больш за 1,5 велічыні крытэрыю патрэбнасці (795,56 рубля з 1 жніўня).
Сацыяльная дапамога для кампенсавання затрат на набыццё прадметаў гігіены даецца незалежна ад велічыні даходу сям’і дзецям-інвалідам, якія маюць ІV ступень страты здароўя, і інвалідам І групы. Яе даюць на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі або заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб патрэбнасці ў прадметах гігіены пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць расходы на іх набыццё.
Акрамя таго, прадугледжана забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Гэта прызначана сем’ям, дзе даход ніжэйшы за крытэрый патрэбнасці, а таксама пры нараджэнні двайнят і большага ліку дзяцей адначасова — незалежна ад узроўню даходу.

На 4,1 % вырастуць з 1 жніўня памеры дзяржаўных дапамог, якія вылічваюцца з бюджэту пражытачнага мінімуму, сем’ям, што выхоўваюць дзяцей.
Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складзе 10 БПМ, або 5303,70 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 7425,18 рубля.
Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складзе 100 % БПМ, або 530,37 рубля.
Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складзе 50 % БПМ, або 265,19 рубля.
Акрамя таго, павялічыцца штомесячная дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем’яў, прадугледжаных заканадаўствам. Так, на дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем’ях (акрамя дзіцяці-інваліда), сума дапамогі складзе 50 % БПМ, або 265,19 рубля. На дзіця-інваліда, старэйшае за 3 гады — 70 % БПМ, або 371,26 рубля.
Змяніўся і памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Пры наяўнасці І і ІІ ступеняў страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў і з ІІІ і ІV ступенямі страты здароўя да спаўнення дзіцяці ўзросту
3 гадоў дапамога складзе 100 % БПМ, або 530,37 рубля. З ІІІ і ІV ступенямі страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў — 120 % БПМ, або 636,44 рубля.
Памер штомесячнай дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, — 70 % БПМ, або 371,26 рубля.
Новыя памеры дапамог будуць дзейнічаць з 1 жніўня да 31 кастрычніка 2026 года. У Мінпрацы адзначылі, што дапамогамі, якія вылічваюцца з БПМ, ахоплена 154,8 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў.
«Узроставыя» даплаты да пенсій
З 1 жніўня памер гэтых выплат павялічыцца на 4,1 % і складзе 99,44 рубля для людзей ва ўзросце 75–79 гадоў, пры наяўнасці інваліднасці І групы — 232,03 рубля. Для людзей 80 гадоў і старэйшых (з улікам надбаўкі на догляд) — 198,89 рубля, пры наяўнасці інваліднасці І групы — 265,18 рубля.
Па даных Мінпрацы, «узроставыя» даплаты да пенсій атрымліваюць амаль 570 тысяч чалавек ва ўзросце 75 гадоў і старэйшыя. Расходы на іх у 2026 годзе складуць, паводле ацэнкі, 980 млн рублёў.
Акрамя таго, у Беларусі з 1 жніўня вырасце дапамога па доглядзе пажылога чалавека, старэйшага за 80 гадоў, або інваліда І групы.
Такім чынам, памер дапамогі пры доглядзе аднаго непрацаздольнага да 31 кастрычніка 2026 года складзе 100 % БПМ, або 530,37 рубля. Пры доглядзе двух і больш непрацаздольных — 120 % БПМ, або 636,44 рубля.
У Мінпрацы нагадалі, што звяртацца за назначэннем дапамогі неабходна ў службу «Адно акно» мясцовага органа ўлады або ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства асобы, якая мае патрэбу ў доглядзе.
Новы парадак узгаднення даведак у ФСАН
У Беларусі з 1 жніўня зменіцца парадак узгаднення даведак у Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва.
Узгадненне даведак аб тым, што абавязацельствы па пералічэнні абавязковых страхавых узносаў, узносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне выкананы ў поўным аб’ёме або адсутнічаюць, будзе ажыццяўляцца ў аўтаматызаваным рэжыме праз абслуговы банк. Гэта дасць магчымасць зрабіць узаемадзеянне суб’ектаў гаспадарання з установамі банкаў і органамі ФСАН больш зручным і аператыўным, падкрэслілі ў Мінпрацы.
У сувязі з гэтым выкарыстоўваць інфармацыйны рэсурс «Асабісты кабінет плацельшчыка ўзносаў» для ўзгаднення такіх даведак больш не патрабуецца. Пры гэтым захоўваецца магчымасць атрымаць узгадненне даведкі пры асабістым звароце ў раённы аддзел або сектар абласнога або Мінскага гарадскога ўпраўлення ФСАН.
Павялічацца субсідыі ад дзяржавы на арганізацыю сваёй справы
У гарадах прадугледжана субсідыя ў памеры 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, што складае 5834,07 рубля. У малых гарадах, раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы і сельскіх населеных пунктах сума павялічваецца да 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму — 7955,55 рубля. Максімальны памер — 20 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, або 10607,4 рубля, — выдзяляецца пры арганізацыі беспрацоўнымі прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак.

Памеры субсідый будуць дзейнічаць да 31 кастрычніка 2026 года.
Для атрымання субсідыі трэба быць зарэгістраваным як беспрацоўны ў службе занятасці, дасягнуць 18 гадоў, падаць заяву і прадаставіць бізнес-план. Спецыялісты службы могуць аказаць дапамогу ў яго распрацоўцы.
Цыгарэты не падаражэюць
Беларускія вытворцы і імпарцёры цыгарэт маюць права штомесяц дэклараваць максімальныя рознічныя цэны на тытунёвыя вырабы. Аднак, па інфармацыі Міністэрстве па падатках і зборах, падвышаць цэны на тытунёвую прадукцыю на гэты раз яны не плануюць.
Віктар ЛЮБІМАЎ
Фота БелТА