Top.Mail.Ru

У парадак збору ведамаснай справаздачнасці ўнесены змены

Якія змяненні ўнесены ў парадак збору ведамаснай справаздачнасці і іншай інфармацыі з прыняццем указа № 285, які 21 ліпеня падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, расказала старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева, паведамляе БелТА.


Ведамасная справаздачнасць і разавыя запыты

Дакумент прыняты з улікам прадпісанняў Дырэктывы Прэзідэнта № 11 ад 2 красавіка 2025 года і правапрымяняльнай практыкі.

Як растлумачыла Іна Мядзведзева, размова ідзе аб аптымізацыі справаздачнасці, недубляванні паказчыкаў, а таксама аб тым, каб інфармацыя збіралася аднаразова, але пры гэтым дзейнічаў прынцып шматразовасці яе выкарыстання. Цяпер гэтымі пытаннямі будзе займацца Міжведамасны савет па кіраванні дзяржаўнымі данымі. Будзе праводзіцца інвентарызацыя ўсіх інфармацыйных рэсурсаў дзяржаўных органаў, якія змяшчаюць інфармацыю аб тых ці іншых паказчыках дзейнасці.

«Савет будзе займацца тым, што будзе разглядаць склад, структуру і дэталізацыю гэтых паказчыкаў. Гэта датычыцца ведамаснай справаздачнасці і разавых запытаў. Ведамасная справаздачнасць збіраецца органамі дзяржаўнага кіравання ў рамках сваёй кампетэнцыі і тыя паказчыкі, якія яны збіраюць, як правіла, не дублююцца статыстычнай справаздачнасцю», — растлумачыла Іна Мядзведзева.

Яна дадала, што з 2011 года такая справаздачнасць скарочана ў шэсць разоў і работа ў гэтым напрамку прадаўжаецца. Што датычыцца разавых запытаў, то ва ўказе Прэзідэнта ўстаноўлены падыходы па зборы такой інфармацыі. Калі дублюецца ў пэўнай ступені статыстычная справаздачнасць, то важна зразумець, наколькі апраўданы такія разавыя запыты.

Скарачэнне нагрузкі

«Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача максімальна скараціць справаздачную нагрузку на рэспандэнтаў (юрыдычныя асобы і грамадзяне) і зрабіць яе ў электронным фармаце, — адзначыла Іна Мядзведзева. — Пры гэтым яе колькасць павінна быць аптымальнай. Яна не павінна загружаць юрыдычных асоб, грамадзян».

Рашэнні міжведамаснага савета з’яўляюцца абавязковымі да выканання. Пры гэтым калі неабходна дапрацаваць праграмныя прадукты ці праграмнае забеспячэнне, на аснове якога працуе інфармацыйны рэсурс, даецца два гады, каб адкарэктаваць работу.

Іна Мядзведзева падкрэсліла, што нягледзячы на тое, што спатрэбіцца апрацоўваць больш інфармацыі, колькасць штатных супрацоўнікаў не зменіцца. Разам з тым карэкціруецца склад міжведамаснага савета. У яго ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Нацыянальнага цэнтру электронных паслуг (НЦЭП) — тыя людзі, якія працуюць на інфарматызацыю краіны.

496966800845946.jpg

Беспапяровы дакументаабарот і менш узгадненняў

Як адзначыла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта, пераход на беспапяровае прадстаўленне любой справаздачнасці трэба забяспечыць на працягу года. Статыстычныя даныя ўжо даўно збіраюцца такім чынам. Цяпер гэтае патрабаванне распаўсюджваецца і на іншыя віды справаздачнасці.

Яшчэ адзін напрамак — памяншэнне колькасці ўзгадненняў. У прыклад Іна Мядзведзева прывяла працэдуру праходжання ведамаснай справаздачнасці праз Міжведамасны савет па кіраванні дзяржаўнымі данымі. Не спатрэбіцца штогод уносіць усю ведамасную справаздачнасць, неабходна будзе ўносіць толькі тую справаздачнасць, якая перажывае змены.

«Плюс раней было дазволена на працягу года ўносіць змены або прымаць самастойныя рашэнні (без міжведамаснага савета) аб увядзенні ведамаснай справаздачнасці. Сёння гэта забаронена. Любая новая справаздачнасць павінна абавязкова прайсці праз міжведамасны савет, які зробіць сваё заключэнне аб мэтазгоднасці яе ўвядзення. Такім чынам, усе нормы ўказа накіраваны на максімальную аптымізацыю даных, якія праходзяць праз дзяржорганы і на тое, каб мінімізаваць як фінансавыя, так і працоўныя затраты», — адзначыла Іна Мядзведзева.

Яна дадала, што разавыя запыты паступаюць дастаткова часта. Яны датычацца, у прыватнасці, кадравага забеспячэння арганізацыі, прагназавання пэўных паказчыкаў, папярэдніх даных па выкананню тых ці іншых заданняў, інфармацыі па зборы ўраджаю, кампетэнцый органаў дзяржаўнага кіравання і інш. Па вопыту Белстата, з пераходам у электронны фармат затраты скарачаюцца на трэць.

Адказнасць за парушэнні

Паводле слоў Іны Мядзведзевай, ва ўказе змяшчаюцца патрабаванні па пакаранні вінаватых. Арганізацыя мае права звярнуцца да вышэйстаячай арганізацыі або вышэйстаячага кіраўніка са скаргай на неправамерны запыт інфармацыі і не прадастаўляць такую справаздачнасць. Калі на працягу года такое паўтараецца, то да адказных асоб могуць прымяняцца нормы дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення.

Усе запыты павінны быць абгрунтаваны, рэгламентаваны заканадаўчымі актамі, падкрэсліла Іна Мядзведзева.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю