Top.Mail.Ru

Тэрміны засялення арэнднага жылля скараціліся ў дзясяткі разоў

Замест 200 стала 30 рабочых дзён


Намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Кацярына АРЦЮХ адзначыла, што кіраўніком нашай дзяржавы была пастаўлена задача перад Урадам па скарачэнні тэрмінаў засялення арэнднага жылля. 

Спецыяліст удакладніла, што гэтыя новаўвядзенні датычацца арэнднага жылля ў зноў пабудаваных жылых дамах, якія будуць здадзены ў эксплуатацыю сёлета. Указ Прэзідэнта № 388 па засяленні ў арэнднае жыллё быў падпісаны 3 лістапада 2025 года. Тады ўраду было даручана прыняць меры па яго рэалізацыі. Пазней у шэраг пастаноў былі ўнесены змены, асноўныя з якіх мы і разгледзім. 

З 1 студзеня 2026 года акт уводу ў эксплуатацыю па арэндным жыллі ў прыватнасці будзе зацверджаны і адпаведна на гэтыя шматкватэрныя жылыя дамы будуць распаўсюджвацца новыя правілы.

У прыватнасці, указам прадугледжана забяспечыць засяленне ў арэнднае жыллё на працягу 30 рабочых дзён. Гэта досыць кароткі час можна падзяліць на два этапы. За першыя 10 дзён вядзецца афармленне тэхпашпартоў на жылы дом і кватэры, ажыццяўленне дзяржаўнай рэгістрацыі жылога дома на працягу 6 дзён, а таксама дзяржрэгістрацыя стварэння кватэр, уключаючы дні падачы заяў на працягу 4 дзён. Раней толькі рэгістрацыя стварэння кватэр магла доўжыцца да 30 рабочых дзён. 

За астатнія 20 дзён ажыццяўляецца ўключэнне ў склад арэнднага жылля (3 дні), размяшчэнне інфармацыі аб арэндным жыллі і зварот грамадзян па такое жыллё

(5 дзён), прыняцце рашэння аб прадастаўленні кватэры (5 дзён), інфармаванне грамадзян аб прынятым рашэнні і іх зварот па заключэнне дагавора найму (5 дзён) і рэгістрацыя дагавора найму жылога памяшкання (2 дні).

Гэтыя новыя правілы не распаўсюджваюцца на грамадзян, а прадугледжаны для афармлення юрыдычнымі асобамі, якія будуюць арэнднае жыллё на свае патрэбы. «Гэта могуць быць выканкамы, альбо якія-небудзь сілавыя ведамствы», — удакладніла Кацярына Арцюх. Адказваючы на пытанне журналіста газеты «Звязда», намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі адзначыла, што раней па ўсіх неабходных працэдурах агульны час засялення ў арэнднае жыллё даходзіў да 200 каляндарных дзён. Пагадзіцеся, стане, сапраўды, нашмат хутчэй.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю