Top.Mail.Ru

Якія змены чакаюць Гродзенскі аэрапорт

Беларусь была і застаецца адкрытай краінай ва ўсіх сэнсах, нягледзячы на тое, што цяперашняя сітуацыя ў свеце значна паўплывала на ўсе сферы жыцця, у тым ліку і на турыстычныя патокі ды паветраныя зносіны. Уласны карэспандэнт «Звязды» адправілася ў Гродзенскі аэрапорт, каб даведацца, як ён працуе ў сучасных умовах.


У жыцці Гродзенскага аэрапорта пачаўся новы этап. На пасаду начальніка ў жніўні прыйшоў Сяргей РУРЫС, які да гэтага працаваў у Віцебскім аэрапорце. Суразмоўца адзначае, што планаў шмат, але далёка не пра ўсе хочацца казаць — пакуль рана. Цяпер актыўна вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі аэрапорта. А самыя маштабныя — планавы рамонт узлётна-пасадачнай паласы, які, дарэчы, пачаўся.

— Гродзенскі аэрапорт дапушчаны да забеспячэння міжнародных палётаў з 1993 года, аэрадром адносіцца да класа «В». Ён мае ўсе неабходныя для гэтага службы: мытны, пагранічны і санітарны кантроль. У 2025 годзе прайшоў сертыфікацыю на прыдатнасць да ажыццяўлення аэрапортавай дзейнасці, і пачатак рамонтных работ не азначае, што паласой нельга было карыстацца да гэтага. Яна сертыфікавана і дапушчана да эксплуатацыі. Рамонтныя работы дазволяць павысіць якасць пакрыцця і зробяць паласу больш сучаснай.

Карта надвор’я

Нягледзячы на тое, што загружанасць аэрапорта на сёння невялікая, ён у любы час дня і ночы гатовы прымаць самалёты. А яшчэ цікавым аказалася тое, што аэрапорт падобны на маленькую дзяржаву. Тут ёсць свая ахова і супрацьпажарныя падраздзяленні, спецыялісты, якія займаюцца запраўкай паветраных суднаў. Акрамя таго, ёсць служба эксплуатацыі радыётэхнічнага забеспячэння сувязі. Нават ацяпляецца будынак ад уласнай кацельні. Ёсць і метэаралагічная служба. Як расказала інжынер-сіноптык Дар’я РАТАМСКАЯ, у аэрапортах па ўсім свеце метэаралагічная служба адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні бяспекі палётаў. Спецыялісты складаюць прагнозы для пасадкі і вылету самалётаў, праводзяць кансультацыі для экіпажаў і адсочваюць змены надвор’я.

— Мы назіраем за бачнасцю, воблачнасцю, тэмпературай, кропкай расы, туманам і іншымі метэаралагічнымі з’явамі. Гэтыя даныя наносяцца на спецыяльныя карты, якія выкарыстоўваюцца для прагназавання надвор’я. У нас ёсць і ўласныя прыборы для вымярэння бачнасці і іншых параметраў. Зразумела, што ўмовы надвор’я могуць істотна паўплываць на палёты. Таму метэаролагі выпускаюць дадатковыя зводкі ў выпадку змяненняў. І гэтая работа вядзецца кругласутачна і ніколі не спыняецца, — расказала спецыяліст.

Таксама ўдалося паразмаўляць з вядучым інжынерам службы па эксплуатацыі наземных збудаванняў Дзмітрыем ЛЯШЧЫНСКІМ. Адна з яго задач — кантроль за станам узлётна-пасадачнай паласы. Раніцай ён выязджае на месца, каб агледзець усе элементы лётнага поля.

— Асабліва важна сачыць за станам паласы зімой, калі ідзе снег. Трэба кантраляваць колькасць, яго тып (сухі, мокры) і шчыльнасць. У гэтай справе дробязяў не бывае, важна ўсё,  адзначыў спецыяліст.

Каардынацыя і кантроль

Сяджу высока, гляджу далёка. Не, я не забылася, што пішу не казку. Проста гэта першае, што прыйшло ў галаву, калі апынулася на назіральнай вышцы. Выгляд адкрываецца проста неверагодны, нават нягледзячы на тое, што ў дзень візіту стаяла пахмурнае надвор’е. Але ўвогуле месца гэта прызначана не для любавання прыгажосцю. Тут размяшчаецца камандна-дыспетчарскі пункт, які каардынуе работу ўсяго аэрапорта. Кіруе працэсам кіраўнік палётаў службы паветранага руху Васіль ПАПОЎ, які прыйшоў у Гродзенскі аэрапорт па размеркаванні ў 2012 годзе. Ён адзначыў, што дзень нараджэння ў яго — у Міжнародны дзень авіядыспетчара, таму і абраў гэтую прафесію. Вядома, да канца не зразумела, наколькі гэта жарт, а наколькі праўда, але факт цікавы.

— Адказваю за арганізацыю і кантроль працы дзяжурнай змены. Кожную раніцу праводжу інструктаж для супрацоўнікаў змены і кантралюю праходжанне імі медыцынскага агляду. На працягу працоўнага дня забяспечваю дакладнае ўзаемадзеянне паміж усімі службамі. На нашым працоўным месцы — сучаснае абсталяванне, у тым ліку шматфункцыянальныя панэлі для сувязі з экіпажамі і кіравання светлавымі прыборамі. Нядаўна атрымалі новую аўтаматызаваную сістэму кіравання паветраным рухам, якая ўжо прайшла абкатку і адпавядае ўсім неабходным патрабаванням, — расказаў кіраўнік палётаў.


У чаканні палётаў

Сяргей Рурыс паведаміў, што раней вялікай папулярнасцю карысталіся рэйсы з Гродна ў Калінінград і назад. Наўпрост гэта каля 200 кіламетраў, і час палёту не займаў больш за 45 хвілін. А цяпер з-за абмежавання на палёты шлях можа заняць больш чым 3 гадзіны. На гэты момант Гродзенскі аэрапорт у асноўным прымае невялікія прыватныя судны.

— Але, вядома, стаіць задача наладзіць рэгулярныя вылеты. Цяпер актыўна ідуць перагаворы з авіякампаніямі з Расіі. Мы гатовы ў любы час прымаць паветраныя судны. Для гэтага ў аэрапорце ёсць усё: штат прафесіяналаў, матэрыяльна-тэхнічная база. За гадзіну можам прымаць да 300 пасажыраў. Ёсць планы на пашырэнне зоны чакання. Зразумела, хацелася б наладзіць зносіны і па турыстычных напрамках. Вядзём перагаворы з турфірмамі, цесна супрацоўнічаем з упраўленнем спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. Стаіць задача да лета вырашыць гэтае пытанне.

Таксама суразмоўца выказвае надзею на тое, што ў хуткім часе зменіцца закінуты будынак, які знаходзіцца па суседстве з аэрапортам — не так даўно з’явіліся інвестары, якія плануюць адкрыць тут лагістычны цэнтр. Работы пакуль не пачаліся, але ўсе зацікаўленыя бакі спадзяюцца, што ў хуткім часе праект увасобіцца ў жыццё.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, 
фота аўтара.

Чытайце таксама: Распраўце крылы і — наперад!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю