Пахаладанне, сырасць, кароткі светлавы дзень, скарачэнне вітамінаў у рацыёне прыводзяць да таго, што з заканчэннем лета арганізм становіцца больш уразлівым. Пры наяўнасці якіх хранічных захворванняў трэба быць асабліва пільным восенню і як абараніць сябе ад абвастрэнняў, расказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ЦРКП № 1 Мінска Наталля ФІЛОНАВА.
Вірусы
Першымі абвастраюцца менавіта ВРВІ. Вірусныя інфекцыі прыводзяць да ўскладненняў у выглядзе сінусіту, бранхіту, гаймарыту. Таксама хутка пачнецца «грыпозны» сезон.
Прафілактыка заключаецца ў тым, каб цёпла апранацца, умацоўваць імунітэт, рацыянальна харчавацца, пажадана «прапіць» збалансаваны вітамінна-мінеральны комплекс. У якасці абароны ад грыпу спецыялісты рэкамендуюць вакцынацыю, асабліва людзям з групы рызыкі: з хранічнымі захворваннямі, з імунасупрэсіяй (зніжэннем актыўнасці імуннай сістэмы), старэйшым за 65 гадоў, цяжарным.
Можна адначасова прышчапіцца супраць грыпу і ковіднай інфекцыі. Вакцынацыя дазваляе зменшыць верагоднасць захворвання, а ў выпадку яго — пазбегнуць ускладненняў.
Небяспека для «сардэчнікаў»
Восеньскія інфекцыі могуць справакаваць абвастрэнне гіпертаніі, ішэмічнай хваробы сэрца, сардэчнай недастатковасці. З пахаладаннем паветра павялічваецца вязкасць крыві, што правакуе сардэчныя прыступы. Асабліва небяспечна гэта для людзей, у якіх ёсць праблемы з сардэчна-
сасудзістай сістэмай, якія перанеслі інсульты і інфаркты. Увосень становіцца прыкметна больш зваротаў гэтай катэгорыі пацыентаў.
Прафілактычныя рэкамендацыі тыя ж, што і пры ВРВІ, плюс карэкцыя ўрачом індывідуальнай медыкаментознай тэрапіі з улікам змен у самаадчуванні.
Рэўматалагічныя захворванні
Іх абвастрэнні звязаны з тым, што ў халодную пару года ва ўмовах вільготнага клімату ў суставах павялічваецца колькасць вадкасці. Гэта правакуе ўзнікненне ацёкаў, болевага сіндрому. У некаторых метэаадчувальных людзей суставы вельмі чула рэагуюць на змены надвор’я.
Урачы рэкамендуюць прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, не нагружаць суставы, абараняць іх ад холаду і вільготнасці, своечасова лячыць інфекцыі і прымаць назначаныя прэпараты.
Абвастрэнні хвароб СКТ
Парушэнні дыеты, меншая колькасць вітамінаў у рацыёне, як правіла, больш высокая, чым летам, прафесійная, навучальная, сацыяльная нагрузка, а таксама стрэсы зніжаюць імунітэт і павялічваюць верагоднасць абвастрэнняў хранічных паталогій СКТ.
Каб пазбегнуць гэтага неабходна збалансавана харчавацца: падчас абвастрэнняў адмовіцца ад моцных гарбаты і кавы, смажанай, салёнай, вострай і вельмі гарачай ежы. Пазбягайце стрэсаў, рэгулярна гуляйце на свежым паветры, займайцеся фізкультурай.
Удар «ніжэй пояса»
Холад — галоўны правакатар уралагічных і гінекалагічных захворванняў. У гэту пару года прыкметна павялічваецца колькасць зваротаў з прычыны цыстыту, іншых інфекцый мочавыводзячых шляхоў.
Галоўная ўмова прафілактыкі падобных абвастрэнняў — пазбягаць пераахаладжэнняў. Таксама рэкамендуецца выконваць правілы асабістай гігіены, своечасова лячыць інфекцыйныя захворванні, адмовіцца ад шкодных звычак, падтрымліваць водны баланс.
Алергічныя рэакцыі
Ва ўмовах павышанай вільготнасці, недахопу сонца ў адчувальных людзей часам абвастраюцца алергіі, якія выяўляюцца
пачырваненнем, экзэмай, дэрматозамі.
У некаторых развіваецца халадовая алергія, пры якой сінеюць пальцы, з’яўляюцца сып, пачырваненне ці ацёкі.
Акрамя выканання ўсіх базавых рэкамендацый ЗЛЖ трэба апранацца з улікам надвор’я, скараціць час прагулак у лясах і парках, не выконваць работы, звязаныя з прыборкай апалага лісця, завялай травы. Дома для барацьбы з цвіллю рэкамендуюць выкарыстоўваць асушальнікі паветра.
Псіхічныя расстройствы
Восенню часцей здараюцца абвастрэнні ў людзей з біпалярным расстройствам, хворых на шызафрэнію. Скарачэнне светлавога дня, зніжэнне эмацыянальнага фону, сацыяльная ізаляцыя могуць прыводзіць да абвастрэнняў неўрозаў і дэпрэсій.
Зразумела, што пры абвастрэнні шызафрэніі, біпалярнага расстройства лячэнне павінен назначаць псіхіятр. А вось каб абараніць сябе ад дэпрэсіі і неўрозаў, трэба прытрымлівацца ЗЛЖ, рэжыму працы і адпачынку, паўнавартасна высыпацца, знайсці крыніцу пазітыўных эмоцый у зносінах з блізкімі, сябрамі, займальным хобі.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
фота аўтара