У 2026-м дарожнікам трэба будзе адрамантаваць і рэканструяваць тысячы кіламетраў трас, а ў сталіцы маштабнае абнаўленне чакае буйныя магістралі і спальныя раёны.
Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей ЛЯВОНЧЫК, агульны аб’ём фінансавання дарожнай галіны на найбліжэйшы перыяд складзе каля 19 млрд рублёў (17 млрд — з рэспубліканскага бюджэту, 2 млрд — з мясцовых). У плане — адрамантаваць і рэканструяваць не менш за 25 тысяч кіламетраў дарог агульнага карыстання.
Актыўна выкарыстоўваюцца тэхналогіі з прымяненнем цэментабетону. Асаблівая ўвага ўдзяляецца выездам з Мінска: у межах другой кальцавой плануецца рэканструяваць напружаныя ўчасткі дарог Р-28, М-6, Р-1, Р-23. Сярод буйных аб’ектаў — рэканструкцыя трасы М-3 Мінск — Віцебск на адрэзку Плешчаніцы — Лепель, дарог М-10, Р-46 (ад Лепеля да Сарочына), Р-53, а таксама дарогі Р-122 у Магілёўскай вобласці. У планах спецыялістаў — работа над 500 маставымі збудаваннямі.
Ужо ёсць уражальныя вынікі. Выканана рэканструкцыя буйных мастоў цераз Заходнюю Дзвіну на пад’ездзе да Наваполацка, а таксама цераз Бярэзіну на дарогах Р-40, Р-43 і Р-63. Асаблівы аб’ект, адкрыты ў лістападзе з удзелам кіраўніка дзяржавы, — мост цераз Прыпяць у Мазыр (больш за 900 метраў), які стаў упрыгажэннем Гомельшчыны і ўсёй краіны.
Сярод бягучых задач — падрыхтоўка дарог да летняй эксплуатацыі: абнаўленне разметкі, ліквідацыя затокаў вады і дэфектаў пасля зімы. Вядзецца работа па пропуску паводкі і крыгаходу. Сяргей Лявончык падкрэсліў: «Дарожная гаспадарка гатова працаваць кругласутачна, каб ажыццяўляць бяспечны рух. Усе намаганні дзеля таго, каб кожны ганарыўся нашымі дарогамі».
Начальнік спецыялізаванай інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржстандарта Віктар ПЕТРАЧЭНКА расказаў, што ў 2025 годзе нагляд ажыццяўляўся на 64 аб’ектах рэспубліканскіх дарог (звыш 370 км) і на 28 аб’ектах вулічна-дарожнай сеткі Мінска. У 2026-м у планах — 26 і 21 аб’ектаў адпаведна. Асаблівая ўвага накіравана на сацыяльна значныя аб’екты: дарогі М-10, Р-46, Р-53, Р-122, а таксама будаўніцтва новых вуліц у раёнах Мінск-Мір, Паўночны Бераг і Лошыца.
Што датычыцца найбольш частых парушэнняў, то яны назіраюцца ў арганізацыі будаўнічых пляцовак, часовай схеме руху, тэхналогіі ўладкавання землянога палатна. Большасць недахопаў ліквідуецца своечасова. Важную ролю адыгрывае тэхнічны нагляд, які мінімізуе колькасць парушэнняў.
Намеснік Генеральнага дырэктара ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Арцём ГАНЧАР паведаміў, што ў сталіцы ў 2026-м плануецца адрамантаваць звыш 1,9 млн кв. м пакрыццяў, поўная замена плануецца на больш чым 1 млн кв. м. Замена ахоўных слаёў — звыш 400 тыс. кв. м, герметызацыя расколін — 1300 км, ямачны рамонт — у межах 70–80 тыс. кв. м. Папярэдні спіс на поўную замену аб’ектаў вулічна-дарожнай сеткі ўключае ўчасткі вуліц Алібегава, Прушынскіх, Лучыны, Громава і некаторыя сектары МКАД.
Надзея ЗУЕВА