Член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Алег Румо ў рэжыме відэаканферэнцыі прыняў удзел у каардынацыйнай нарадзе кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый дзяржаў — членаў АДКБ у Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Асноўнай тэмай мерапрыемства стала падрыхтоўка да ўдзелу ў 24-м зімовым пасяджэнні ПА АБСЕ ў Вене (Аўстрыйская Рэспубліка). Разгледжаны парадак дня пасяджэння і пытанні каардынацыі знешнепалітычнай дзейнасці парламенцкіх дэлегацый дзяржаў — членаў АДКБ у Парламенцкай Асамблеі АБСЕ.
Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, генеральны дырэктар дзяржаўнай установы «Цэнтр культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі правёў асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію. Грамадзяне звярталіся з разнастайнымі пытаннямі ад сферы культуры, добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый да пытанняў грамадзянскага і крымінальнага заканадаўства. «Асабістыя прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі — гэта найважнейшы інструмент, які забяспечвае жывую сувязь паміж уладай і народам. Мы імкнёмся да адкрытага дыялогу і стараемся дапамагчы кожнаму, хто да нас звяртаецца», — падкрэсліў Глеб Лапіцкі.
«Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў, што дзеці — гэта наша галоўная каштоўнасць і ў нашай краіне вельмі шмат робіцца менавіта для іх: даступная адукацыя, сацыяльныя гарантыі, медабслугоўванне, магчымасці для развіцця фізічных, творчых і інтэлектуальных здольнасцяў. Прыемна, што пра гэта не забываюцца і ў родным рэгіёне кіраўніка дзяржавы. Хакейны клуб „Магілёў“ ужо не першы раз праяўляе сябе як сацыяльна адказная арганізацыя, і тое свята, якое яны зладзілі для дзяцей, дазволіўшы ім стаць галоўнымі героямі гэтага матча, проста захапляе. Менавіта на такіх мерапрыемствах мы бачым вялізны патэнцыял новага пакалення беларусаў. Ім патрэбная ўсяго толькі нашая падтрымка, каб стаць паспяховымі самім і захаваць такі нашу краіну», — заявіў Дзмітрый Баскаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. На мінулым тыдні сенатар наведаў тэматычны матч «Хакей вачыма дзяцей» паміж камандамі «Магілёў» і жлобінскім «Металургам».
Андрэй Сідараў, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, генеральны дырэктар прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Вітбудтэхмаш» наведаў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Сенатар азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай усіх факультэтаў універсітэта і інавацыйнымі распрацоўкамі навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік», узяў удзел у круглым стале з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі. «Адной з актуальных задач развіцця сучаснай эканомікі з’яўляецца арганізацыя цеснага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з прадпрыемствамі-работадаўцамі. Навучанне павінна быць практыка-арыентаваным, каб рыхтаваць кваліфікаваных канкурэнтаздольных выпускнікоў», — адзначыў Андрэй Сідараў.