Якія тавары індывідуальныя прадпрымальнікі не змогуць прадаваць на маркетплейсах з 1 студзеня 2026 года, паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.
«З 1 студзеня 2026 года ІП не могуць ажыццяўляць аптовы гандаль таварамі (пастанова Саўміна № 457 ад 28 чэрвеня 2024 года). Пры гэтым ІП могуць рэалізоўваць іншым ІП ці юрыдычным асобам тавары ўласнай вытворчасці на падставе адпаведных дагавораў», — расказалі ў Мінэканомікі.
У ведамстве таксама растлумачылі асаблівасці гандлю ІП таварамі на маркетплейсах з 1 студзеня 2026 года. «Калі маркетплейс выкупляе тавар, а ІП не з’яўляецца вытворцам гэтай прадукцыі — гэта лічыцца аптовым гандлем і для ІП будзе забаронена. Продаж ІП тавараў уласнай вытворчасці ўладальніку інтэрнэт-пляцоўкі не з’яўляецца гандлем (гэта пастаўка тавару) і ў статусе ІП ён дазволены. Калі ІП самастойна прадае тавар праз маркетплейс пакупніку-фізасобе для выкарыстання, не звязанага з прадпрымальніцкай дзейнасцю, — гэта раздробны гандаль і ў статусе ІП ён таксама дазволены», — адзначылі ў прэс-службе.
Юрыдычныя асобы, створаныя ІП, зарэгістраванымі на маркетплейсах, захоўваюць сваю гісторыю і напрацаваны рэйтынг, нагадалі ў Мінэканомікі.