Навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне — адзін з ключавых кірункаў стратэгічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем. Аб гэтым заявіла кіраўнік цэнтра інавацыйнай і інвестыцыйнай палітыкі Інстытута эканомікі НАН Беларусі Алена ПРЭСНЯКОВА.
На базе Інстытута эканомікі НАН функцыянуе беларуска-кітайскі аналітычны цэнтр развіцця, які створаны найперш для экспертна-аналітычнага забеспячэння работы беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. Рэалізуецца таксама шэраг сумесных праектаў. Напрыклад, НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве працуе над праектам атамна-сілавога мікраскопа з кітайскімі партнёрамі. Ствараецца таксама сумесная лабараторыя інтэлектуальнага зандавання з акадэмічнымі арганізацыямі правінцыі Шаньдун, паміж Чанчуньскім інстытутам оптыкі, дакладнай механікі і фізікі Акадэміі навук Кітая і НАН Беларусі — кітайска-беларускі міжнародны інавацыйны цэнтр. «Плануецца, што па праекце будзе адкрыта фінансаванне па лініі альянсу міжнародных навуковых арганізацый ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях», — звярнула ўвагу прадстаўнік НАН.
- Яна нагадала, што ў 2023 годзе падпісана сумесная дэкларацыя паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Кітайскай нацыянальнай касмічнай адміністрацыяй аб супрацоўніцтве па Міжнароднай месяцавай станцыі. «Распрацавана дарожная карта па рэалізацыі сумеснага месяцавага праекта. Цяпер дакументы знаходзяцца на ўзгадненні, але ўпэўнена, што ўсё атрымаецца», — растлумачыла Алена Прэснякова.
Яна адзначыла, што сумесна з КНР рэалізуецца таксама праект па беспілотных лятальных апаратах: «Гаворка ідзе аб мірных апаратах, якія будуць выкарыстоўвацца для грамадзянскага прызначэння. У прыватнасці, гэта маніторынг ураджаю, лясоў, зандавання Зямлі і многія іншыя мірныя мэты. Калі вы прыйдзеце на любую выставу навукова-тэхнічных распрацовак НАН Беларусі, убачыце непасрэдна самі беспілотнікі — „Ястраб“, „Бусел“ і многія іншыя. І самая апошняя навінка — аўтажыр сумеснай вытворчасці. Гэта гібрыд беспілотніка і верталёта, ён кампактны. Можна яго выкарыстоўваць для нейкіх мірных мэтаў, безумоўна, гэта наша апошняя такая высокатэхналагічная распрацоўка».
Як паведаміла Алена Прэснякова, НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве праводзіць паспяховыя работы па стварэнні графенавых батарэй: «У Беларусі няма рэдказямельных металаў, а ў Кітаі вялікія іх радовішчы (менавіта таму ў іх развіваецца электрааўтамабілебудаванне), была вылучана ідэя, што мы можам ствараць графенавыя батарэі і выкарыстоўваць іх як акумулятары для электратранспарту. Ёсць ужо станоўчыя эксперыменты і даследванні. Каб дасягнуць канкрэтных вынікаў, менавіта камерцыялізаваць гэтыя распрацоўкі, вядзецца работа па заключэнні пагаднення паміж НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве і кітайскімі партнёрамі па стварэнні сумеснай вытворчасці графенавых батарэй на тэрыторыі індустрыяльнага парка „Вялікі камень“. Гэта вельмі перспектыўная распрацоўка».