Інтэрнат ад работы — выдатная магчымасць часова вырашыць жыллёвае пытанне як для маладых спецыялістаў, так і для многіх маладых сем’яў, асабліва калі размова ідзе пра сталіцу і абласныя цэнтры. Сёння разлічваць на такое жыллё могуць настаўнікі і выхавацелі, медыкі, работнікі сістэмы ЖКГ і іншых арганізацый. Вялікая колькасць сельгасарганізацый і прамысловых прадпрыемстваў маюць уласныя інтэрнаты, дзе прэтэндаваць на месца, пакой ці нават блок могуць найлепшыя работнікі, маладыя спецыялісты і сем’і.
Каго павінны засяліць?
Галоўны спецыяліст аддзела па жыллёвых пытаннях упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі і паліва Мінаблвыканкама Вольга Лукашонак нагадала асноўныя нормы заканадаўства па выдзяленні жыллёвых памяшканняў у інтэрнатах. Яны з’яўляюцца адным з відаў дзяржаўнага жыллёвага фонду і могуць давацца ў тым ліку на час работы. Месца ў інтэрнаце выдзяляецца работнікам арганізацыі, якой належыць інтэрнат, а пры наяўнасці месцаў — і работнікам іншых арганізацый па іх хадайніцтве.
Каб яго атрымаць, трэба стаць на ўлік у рамках адміністрацыйнай працэдуры. Акрамя падачы заявы на імя кіраўніка арганізацыі, неабходна сабраць пакет дакументаў, які сведчыць аб патрэбе ў жыллі. Згодна з заканадаўствам, на аднаго работніка даецца 6 кв. м. Гэта можа быць як ложка-месца, так і блок — у залежнасці ад інтэрната. Пры спыненні працоўных адносін грамадзянін абавязаны выселіцца.
Пры прыёме на работу наймальнік звычайна інфармуе аб наяўнасці інтэрната ці магчымасці хадайнічаць перад іншымі арганізацыямі. Найчасцей такія магчымасці даюцца маладым работнікам, маладым сем’ям і іншым катэгорыям.
На тэрыторыі Мінскай вобласці 199 інтэрнатаў, дзе маецца больш за 15 тысяч жылых памяшканняў. Звыш за 70 % з іх знаходзіцца на балансе ЖКГ, большасць з іх раней была перададзена іншымі арганізацыямі. Размяркоўваюцца яны найперш сваім работнікам, а пры наяўнасці месцаў — па хадайніцтве іншым арганізацыям.
Шмат інтэрнатаў належыць сельгасарганізацыям, нямала месцаў выдаткоўваецца для медыцынскіх работнікаў, асабліва ў Мінскім раёне. Свае інтэрнаты маюць будаўнічыя і дарожныя арганізацыі.
Хто павінен рабіць рамонт?
Як патлумачыла першы намеснік генеральнага дырэктара ДА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці» Святлана Валько, патрэба ў рамонце інтэрнатаў, як і ўсяго жыллёвага фонду, вызначаецца падчас вясенніх і асенніх камісійных аглядаў. Абследуецца стан інжынерных сетак і канструктыўных элементаў, складаюцца графікі бягучых рамонтаў. Калі ёсць неабходнасць у капітальным, робіцца абследаванне спецыялізаванымі арганізацыямі і вызначаецца, які рамонт будзе праведзены.
А вось унутры блока ці пакоя рамонт ажыццяўляецца сіламі саміх жыхароў.
Толькі ў рамках капітальнага рамонту за кошт уласніка могуць быць заменены падлогі, электрычныя сеткі, сантэхнічнае абсталяванне і інш.
На тэрыторыі Мінскай вобласці на абслугоўванні арганізацыямі ЖКГ знаходзіцца 126 інтэрнатаў. Яны маюцца ў кожным раёне і горадзе Жодзіна. Частка іх была перададзена на баланс ад сельгасарганізацый, заводаў і інш.
— Наспела неабходнасць прывесці іх у належны тэхнічны стан. Робім гэта ў рамках тэхнічнага абслугоўвання, калі гэта яшчэ магчыма. У адваротным выпадку праводзіцца тэхнічны ці капітальны рамонт. Распрацаваны план па бягучым і капітальным рамонце інтэрнатаў, куды ўключана больш за палову з іх — 67. План распрацаваны да 2030 года, — расказала Святлана Валько.
Яна паведаміла, што летась капітальны рамонт прайшоў у чатырох інтэрнатах, на гэтыя мэты зрасходавана каля пяці мільёнаў рублёў. У больш чым дзясятку інтэрнатаў праведзены бягучы рамонт. Сёлета запланаваны бягучы рамонт у 10 інтэрнатах, капітальны — у шасці. На гэтыя мэты прадугледжана больш за 12 мільёнаў рублёў, грошы накіраваны ў раёны, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на выкананне капітальных рамонтаў. Мяркуецца, што да канца года гэтыя работы будуць выкананы.
Жыць у сталіцы
На балансе КУП «Мінскія гарадскія інтэрнаты» знаходзіцца 41 заселены інтэрнат (у іх жыве больш за 10 тысяч чалавек), а таксама сем прызнаных непрыдатнымі для пражывання і адселеных. Апошнія чакае знос. Месцы выдзяляюцца ў тым ліку і па хадайніцтве старонніх арганізацый. Летась такім чынам было задаволена 2614 хадайніцтваў ад іх, у тым ліку 269 — ад работнікаў аховы здароўя, 272 — работнікаў адукацыі, 280 — работнікаў сістэмы ЖКГ.
— Не трэба забываць і пра іншы дзяржаўны жыллёвы фонд. Акрамя інтэрнатаў, на балансе нашага прадпрыемства ўтрымліваецца 6696 кватэр. Гэта як сацыяльнае, так і арэнднае жыллё. Рашэнне аб аб’яднанні ўсіх кватэр дзяржаўнага жыллёвага фонду пад крылом нашай арганізацыі было прынята адносна нядаўна. Такім чынам, за апошнія два гады мы ў 10 разоў прыраслі кватэрамі, прыняўшы іх ад арганізацый камунальнай формы ўласнасці, — расказвае намеснік дырэктара па прававых і жыллёвых пытаннях КУП «Мінскія гарадскія інтэрнаты» Аляксей Кацянёў.
У далейшым колькасць інтэрнатаў на балансе арганізацыі будзе пашырацца, бо ўсе няпрофільныя актывы ад прадпрыемстваў, арганізацый камунальнай формы ўласнасці будуць пераходзіць пад адзінага аператара, які забяспечыць іх утрыманне, бягучы і капітальны рамонты.
Аляксей Кацянёў патлумачыў і навацыі, якія дзейнічаюць з 1 студзеня бягучага года і звязаны з абнаўленнем пастановы Савета Міністраў «Аб інтэрнатах». У прыватнасці, быў зменены пункт, які датычыцца кампенсавання страт па ўтрыманні жылых памяшканняў у інтэрнатах тымі арганізацыямі, якія хадайнічаюць аб выдзяленні жылых памяшканняў іх работнікам.
— З нагоды яго прыняцця было шырокае абмеркаванне, праводзілася вялікая работа, у выніку ў снежні змяненні былі адобраны. Кажучы пра вопыт, які мы атрымалі за месяц, адзначу, што не ўсе бюджэтныя арганізацыі, дзяржарганізацыі выпрацавалі механізм кампенсацыі страт па ўтрыманні жылых памяшканняў у інтэрнаце. Аднак падкрэслю: сюды не адносяцца расходы, калі той, хто пражывае ў інтэрнаце, не аплачвае камунальныя паслугі, — патлумачыў Аляксей Кацянёў.
Не толькі пакой, але і кватэра
Бадай, самым вялікім арсеналам інтэрнатаў у сталіцы валодае флагман машынабудавання — Мінскі аўтамабільны завод. Намеснік начальніка жыллёва-эксплуатацыйнай службы МАЗа Святлана Дуброўская расказала, што на балансе прадпрыемства восем інтэрнатаў, у тым ліку шэсць з іх адносяцца да рэспубліканскага жыллёвага фонду, а два пабудаваны за сродкі прадпрыемства ў 2014 і 2018 гадах. У апошніх размешчаны адна- і двухпакаёвыя кватэры, якія даюцца сем’ям, што знаходзяцца на ўліку ахвотных атрымаць інтэрнат. Усяго на чарзе прадпрыемства на такія кватэры стаіць каля 200 сем’яў.— Апошняя кватэра была прапанавана літаральна днямі сям’і, якая стала на ўлік у 2020-м. Чатыры гады пастаялі і атрымалі кватэру — не так і доўга, — адзначыла Святлана Дуброўская.
Для адзінокіх грамадзян прадпрыемства мае чатыры інтэрнаты. Першачаргова яны прапаноўваюцца маладым спецыялістам, іх забяспечваюць жыллём цягам 1-2 тыдняў. Усе інтэрнаты абсталяваны не толькі мэбляй, але і камплектамі пасцельнай бялізны, шторамі і інш. У кватэрах жа маюцца электрычныя пліты, душавыя кабіны і іншае неабходнае сантэхнічнае абсталяванне.