За І паўгоддзе ў краіне пабудавана 195 тысяч кв. м арэнднага жылля пры заданні 130 тысяч кв. м. Па выніках дзевяці месяцаў чакаецца ўвод каля 325 тысяч, а па выніках года — каля 650 тысяч кв. м.
«За І паўгоддзе ў лідарах Магілёўская, а таксама Гомельская і Віцебская вобласці. У Магілёўскай вобласці пабудавана каля 60 тысяч, Віцебскай і Гомельскай — па 31 тысячы кв. м», — расказаў намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Шваюноў у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны».
Пры будаўніцтве ўлічваюць у першую чаргу патрэбу ваеннаслужачых, прыраўнаваных да іх асоб, а таксама іншых катэгорый грамадзян, у тым ліку ра-
ботнікаў запатрабаваных спецыяльнасцяў і маладых спецыялістаў, тых людзей, якія атрымліваюць жыллё ад прадпрыемстваў.
За пяцігодку прадугледжана ўзвесці 5 млн кв. м арэнднага жылля. «Плюсуем у кожным годзе: сёлета збудуем 650 тысяч, у наступным — 900 тысяч, потым — 1,5 млн і так далей. Да канца 2030 года дасягнём 5 млн. Аб’ёмы вялікія», — праінфармаваў намеснік міністра.
Што да кошту, то ён залежыць ад некалькіх фактараў: дзе будуецца дом, з якіх канструкцый, колькі кватэр. Чым большы дом, тым таннейшы квадрат. Прадугледжана здаваць арэндную кватэру з чыставой аддзелкай, а пасля ўступлення ў сілу змяненняў у заканадаўства — і з мінімальным наборам тэхнікі (халадзільнікам, мікрахвалевай печчу, пральнай машынай, плітой).
Большасць дамоў уключаюць не толькі арэндныя кватэры, але і пабудаваныя з дзяржпадтрымкай. Праекты розныя — з выкарыстаннем панэльных, цагляных
і маналітных канструкцый. Але ўсе рашэнні павінны быць у энергаэфектыўным выкананні, з акцэнтам на камфортнае асяроддзе.
У малых населеных пунктах (да 20 тысяч насельніцтва) сёлета плануецца пабудаваць каля 235 тысяч кв. м, у наступным — да 400 тысяч — каля 44 % ад агульнай колькасці арэнднага жылля.
Парадак засялення арэндных кватэр рэгламентаваны Указам № 388. Працэс ад уводу дома да атрымання ключоў жыхаром займае не больш за 30 рабочых дзён, раней — да 200 дзён. «Нарматыўна тэрміны скарочаны для больш хуткага засялення грамадзян», — расказаў Аляксандр Шваюноў.
Паводле яго слоў, арэнднае жыллё карыстаецца вялікім попытам. На арэндную кватэру, напрыклад, у раёнах Віцебскай вобласці прэтэндуюць ад пяці чалавек, у Магілёўскай вобласці і Мінску — ад 39 да 60 чалавек.
«Калі чалавек атрымаў арэндную кватэру па дагаворы найму ад прадпрыемства на перыяд працоўных адносін, то ён захоўвае за сабой чаргу як чалавек, які мае патрэбу ў вырашэнні жыллёвых умоў», — звярнуў увагу Аляксандр Шваюноў.
Прынятыя меры, каб актывізаваць будаўніцтва арэнднага жылля прадпрыемствамі. Прадугледжана субсідзіраванне часткі працэнтных ставак за карыстанне крэдытам. Асобныя арганізацыі будуюць такое жыллё таксама за кошт уласных сродкаў. «Пакуль не такая вялікая колькасць. Сёлета прагназуем, што будзе каля 300 кватэр», — расказаў Аляксандр Шваюноў. І дадаў, што з улікам новых механізмаў прадпрыемствы пачнуць больш актыўна ўключацца ў працэс. Прадугледжана таксама права па ўзгадненні з мясцовым выканкамам на адчужэнне жылля. Гэта значыць, супрацоўнік можа атрымаць яго ва ўласнасць.
Паводле БелТА