Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі расказаў журналістам, якія пытанні плануецца абмеркаваць на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, паведамляе БелТА.
«Практычна ўсе пытанні, якія выносяцца на Вышэйшы дзяржсавет, узгоднены нашымі ўрадамі. 2 лютага прайшоў Саўмін Саюзнай дзяржавы, на якім былі разгледжаны гэтыя пытанні і прыняты рашэнні. На Вышэйшым дзяржсавеце трэба будзе толькі атрымаць палітычныя зацвярджэнні і даць зялёнае святло на рэалізацыю гэтых праектаў», — сказаў Сяргей Глазьеў.
Адным з такіх пытанняў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы назваў прыгарадныя трансгранічныя чыгуначныя зносіны: «Яны будуць звязваць нашы пагранічныя рэгіёны. Пакуль гэта Смаленская вобласць і Віцебская. Будзе рэалізаваны праект: два электрацягнікі будуць у штодзённым рэжыме курсіраваць паміж Смаленскам і Віцебскам, паміж Оршай і Смаленскам. Усе льготы, якія нашы грамадзяне маюць па нацыянальных заканадаўствах, будуць захаваны».
Ключавым пытаннем, якое будзе абмяркоўвацца на Вышэйшым дзяржсавеце, Сяргей Глазьеў назваў асноўныя кірункі рэалізацыі Дагавора аб Саюзнай дзяржаве. «Гэта наш галоўны дакумент, які вызначае асноўныя кірункі работы з 2024 па 2026 год. Палова мерапрыемстваў ужо выканана», — падкрэсліў ён.