Наталля Правалінская, жыхарка вёскі Браздзетчына Аршанскага раёна, з’яўляецца нашай пастаяннай падпісчыцай. Жанчына, якая шмат гадоў аддала рабоце ў галіне адукацыі, ніколі не заставалася ў баку ад грамадскага жыцця. Яна заўсёды актыўна дзялілася з газетай сваімі думкамі, меркаваннямі, выказвала набалелае. Нядаўна мы атрымалі ад Наталлі Паўлаўны чарговае пісьмо, у якім яна закранула тэму адраджэння вёскі. Жанчыну засмучае той факт, што ў цяперашні час у вёсцы не працуе крама. Для таго, каб дэталёва разабрацца ў сітуацыі, мы вырашылі наведаць вёску, дзе жыве наша чытачка, і абмеркаваць пытанні, узнятыя ў пісьме.
Разам са старшынёй Барздоўскага сельвыканкама Дзмітрыем Шалаевым праязджаем па тэрыторыі сельсавета. Звяртаю ўвагу на ачышчаныя вуліцы. Бачна, што паміж сельвыканкамам і дарожнымі службамі наладжана актыўнае супрацоўніцтва. Вёска прыведзена ў парадак, нідзе не бачна састарэлых, лядашчых пабудоў.
— З якімі пытаннямі, як правіла, да вас звяртаюцца мясцовыя жыхары?
— У асноўным паступаюць просьбы аказаць садзейнічанне ў расчыстцы дарог, спілаванні аварыйных дрэў, у летні час вяскоўцы просяць дапамагчы ў абмалоце збожжа. Аднак усе пытанні атрымліваецца вырашаць аператыўна, — гаворыць старшыня.
У сельсавеце, які мяжуе з суседняй Магілёўскай вобласцю, дваццаць населеных пунктаў. У вёсцы Браздзетчына жывуць 107 чалавек, з іх 18 дзяцей да 18 гадоў, ёсць шматдзетная сям’я. Тут размешчаны мехдвор і дзве жывёлагадоўчыя фермы селекцыйна-гібрыднага цэнтра «Задняпроўскі».
У суседнім аграгарадку Барздоўка працуюць дзіцячы садок і сярэдняя школа.
...Заходзім ва ўтульны вясковы дворык. На парозе дома нас сустрэла гаспадыня:
— Праходзьце, калі ласка, мы заўсёды рады гасцям.
Наталля Паўлаўна пражывае разам з маці і братам.
— Як вам жывецца ў вёсцы? — пытаюся ў жанчыны.
— У вёсцы я нарадзілася, вырасла, тут прайшлі мае працоўныя гады, таму вёска заўсёды была для мяне блізкай, — тлумачыць Наталля Паўлаўна свой клопат. — На вялікі жаль, колькасць вясковых жыхароў не павялічваецца. Многія пераязджаюць у горад, але і нам, вяскоўцам, вельмі хацелася б мець камфортныя ўмовы жыцця....
Жанчына з настальгіяй згадвае савецкі час, калі яе Браздзетчына была цэнтрам сельсавета: тут працавалі клуб, сярэдняя школа і дзіцячы садок, ад калгаса было пабудавана шмат дамоў. Але той час даўно мінуў, людзей стала менш. Вось і крама зачынілася, наракае Наталля Паўлаўна.
Зразумела, што для вясковых жыхароў крама — гэта не толькі пра пакупкі. У вёсцы гэта своеасаблівы цэнтр жыцця, дзе можна пабачыцца з землякамі і абмеркаваць усе навіны. Але ж рэаліі дыктуюць свае правілы. Згодна з сацыяльнымі стандартамі, стацыянарная крама павінна працаваць у населеных пунктах з колькасцю больш за
200 чалавек. Вёскі ж з меншай колькасцю жыхароў, дзе стацыянарны пункт нерэнтабельны, павінны абслугоўвацца аўтакрамамі не менш за два разы на тыдзень. Да такіх вёсак адносіцца цяпер і Браздзетчына.
— Так, тройчы на тыдзень у вёску прыязджае аўтакрама «Еўрагандаль», — гаворыць наша чытачка. — З прадуктамі праблем няма — асартымент вялікі. Аднак вяскоўцам нярэдка трэба купіць і канцылярскія прылады, і тавары для будаўніцтва — тыя ж цэмент, фарбу, цвікі, за якімі прыходзіцца ехаць у горад.
У прынцыпе, тыя ж будматэрыялы можна вельмі проста заказаць з дастаўкай, дый ці так часта яны патрэбныя? А што датычыцца «канцыляркі» — дык тут і пошта дапаможа.
Падчас размовы з Наталляй Паўлаўнай заўважыла ў яе на стале свежы нумар газеты «Звязда».
— А паштовая карэспандэнцыя вам дастаўляецца своечасова?
— Так. Пяць разоў на тыдзень у вёску прыязджае аўтамабіль аддзялення паштовай сувязі. Акрамя паштовых тавараў тут можна набыць некаторыя прадукты, заўсёды свежы хлеб.
Атрымліваецца, гэта сапраўды не пра пакупкі. У старэйшага пакалення проста баліць душа за радзіму, якая змяняецца. Але ж — жыве.
Маладзейшыя жыхары вёскі ставяцца да гэтага прасцей і з разуменнем. Вольга Шпілявая, шматдзетная маці, разважае:
— Тое, што Браздзетчыну цяпер наведвае толькі аўтакрама, мяне цалкам задавальняе. Я разумею, што ў населеных пунктах з невялікай колькасцю жыхароў немэтазгодна арганізоўваць работу крамы. Дзяржава такім чынам клапоціцца аб эканоміі фінансавых сродкаў. Адзінае, на што хацелася б звярнуць увагу, гэта час прыезду ў вёску аўтамабіля аддзялення паштовай сувязі. Пажадана, каб ён прыязджаў у адзін і той жа час... Але гэта нюансы. Увогуле, жыць тут нармальна, зручна. Усе пытанні, з якімі мы звяртаемся да старшыні сельвыканкама, вырашаюцца своечасова, дый старэйшына наша, бачыце, якая актыўная, за ўсё перажывае.
А старэйшына — гэта сама Наталля Правалінская. З асаблівай увагай адносіцца да патрэб землякоў, кожнага выслухае і кожнаму спрабуе дапамагчы. Добрае сведчанне таго, што жыве вёска. І будзе жыць, у гэтым сумненняў няма.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
фота аўтара