На аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме абмеркавалі шэраг пытанняў. Яны тычацца адкрыцця нестацыянарных аб’ектаў вулічнага гандлю ў маючым адбыцца цёплым сезоне, падрыхтоўкі і правядзення 12 красавіка рэспубліканскага суботніка, а таксама работы гарадскога пасажырскага транспарту. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Звязды».
Больш за 1100 аб’ектаў вулічнага гандлю — хутка ў сталіцы
Сёлета да летняга сезона ў сталіцы адкрыецца больш за 1100 аб’ектаў вулічнага гандлю. Да іх адносяцца летнія пляцоўкі, якія з’яўляюцца працягам залаў рэстаранаў, кафэ і іншых аб’ектаў грамадскага харчавання, палаткі, кіёскі і павільёны, у тым ліку прылеглыя да стацыянарных аб’ектаў гандлю, а таксама размешчаныя ў парках і на ўзбярэжжах вадасховішчаў горада. Аб гэтым паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная: «Штогод цікавасць гараджан і гасцей сталіцы да такога гандлю ўзрастае. З 1 мая на тэрыторыі Мінска будзе забяспечана функцыянаванне больш за 700 летніх кафэ, пры гэтым амаль палова гэтых аб’ектаў размесціцца на тэрыторыі Цэнтральнага раёна сталіцы», — адзначыла спікер.
Акрамя таго, у гэтым годзе працягнуць працаваць і фуд-корты. У прыватнасці, адзін з іх будзе дзейнічаць па адрасе: пр.Незалежнасці, 58. Яшчэ адна лакацыя для вулічнай ежы з’явіцца ў парку ў «Паўночным Беразе». Гарадскі пікнік, які праводзіўся ў Цэнтральным батанічным садзе, зменіць сваю пляцоўку з-за рэканструкцыі. Адна з магчымых кропак, куды ён перамесціцца, — Лошыцкі парк.
На гарадскіх пляжах будуць працаваць 93 аб’екты нестацыянарнага гандлю, а ў гарадскіх парках — 155. Але гэта без уліку парку Горкага, які цяпер знаходзіцца на рэканструкцыі. З іх 33 — аб’екты грамадскага харчавання Набыць харчовыя і нехарчовыя тавары можна будзе ў 60 лакацыях. Яшчэ 62 пункты будуць аказваць іншыя паслугі.
На тэрыторыі горада захаваецца і сезонны гандаль фруктова-гародніннай прадукцыяй у палатках і павільёнах. З улікам спрыяльных умоў надвор’я, якія склаліся на мінулым тыдні, некаторыя з іх ужо пачалі працаваць. «У гэтым годзе іх будзе функцыянаваць 170. У параўнанні з леташнім годам колькасць такіх кропак павялічылася на дзевяць. Такая форма гандлю таксама актыўна запатрабаваная ў жыхароў сталіцы, таму мы плануем яе ў далейшым развіваць», — паведаміла Алена Нагорная.
Штодня ў сярэднім паслугамі наземнага грамадскага транспарту карыстаюцца 1,1 млн пасажыраў
Аб рабоце гарадскога пасажырскага транспарту і новаўвядзеннях расказаў дырэктар ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» Юрый Супрановіч.
Адно з іх— у сталіцы ў 2025 годзе плануецца ўкараненне сістэмы аплаты праезду ў наземным транспарце з дапамогай банкаўскіх карт: «Мы спадзяёмся рэалізаваць у бягучым годзе магчымасць аплаты праезду банкаўскай картай на наземным транспарце. Гэта звычайная зарплатная карта, якой чалавек зможа карыстацца без дадаткаў», — растлумачыў спікер.
Таксама ён паведаміў, што на 1 красавіка 2025 года ў Мінску функцыянуе 291 маршрут гарадскога грамадскага транспарту. База рухомага саставу наземнага транспарту складае 1975 адзінак, экспрэсных маршрутаў — 407. Па будніх днях у гадзіну пік на гэтых маршрутах прадугледжана работа 1509 адзінак рухомага саставу, а выхадныя — 839. Работа Мінскага метрапалітэна арганізавана па трох лініях, на якіх у гадзіны пік працуюць 332 вагоны. Штодня ў сярэднім паслугамі наземнага грамадскага транспарту карыстаюцца 1,1 млн пасажыраў. Мінскім метрапалітэнам — больш за 700 тысяч.
Паводле слоў спікера, большая частка пасажырапатоку прыпадае на метрапалітэн — 36%, сярод наземных відаў пасажырскага транспарту — на аўтобусы — 34,6%. «На долю наземнага электратранспарту прыпадае 25,5% пасажырапатоку. Прадпрыемствам пастаянна праводзіцца маніторынг, які дазваляе ацаніць попыт на перавозкі пасажыраў. Пры неабходнасці ў аператыўным парадку праводзіцца карэкціроўка і дэталізацыя маршрутнай сеткі», — паведаміў Юрый Сцяпанавіч.
У першым квартале бягучага года было арганізавана 6 новых маршрутаў. Юрый Супрановіч адзначыў: «Намі вядзецца работа па карэкціроўцы маршрутнай сеткі горада Мінска па меры адкрыцця новых участкаў вулічна-дарожнай сеткі. Так, распрацаваная схема транспартнага абслугоўвання мікрараёна Мінск-Свет і прылеглых раёнаў пасля адкрыцця трох станцый Зеленалужскай лініі ў першым квартале 2025 года рэалізавана паэтапна. 10 лютага 2025 года ў схему руху трох гарадскіх аўтобусных маршрутаў унесены змены. З 1 сакавіка 2025 года арганізавана работа аднаго новага гарадскога аўтобуснага маршруту».
- Пры ўнясенні зменаў у маршрутную сетку наземнага транспарту ўлічваліся патрэбы грамадзян: гаворка ідзе аб установах аховы здароўя, адукацыі, іншых сацыяльных аб’ектах, якія ўжо дзейнічаюць на тэрыторыі Мінск-Міра.
У тэму
Старшыня камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Аляксандр Яўсееў падчас нарады нагадаў, што першага красавіка бягучага года Саветам Міністраў была прынята пастанова № 194 «Аб правядзенні рэспубліканскага суботніка ў 2025 годзе», які адбудзецца 12 красавіка. Заробленыя ў гэты дзень грашовыя сродкі будуць пералічаны на спецыяльныя разліковыя рахункі адміністрацый раёнаў горада Мінска з наступным пералічэннем на разліковы рахунак Мінскага гарвыканкама. Далей грашовыя сродкі ў поўным аб’ёме будуць пералічаныя ў Міністэрства фінансаў, а затым — у Міністэрства культуры. У выніку яны пойдуць на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара